Беларусь, знятая на "Polaroid"
4 кастрычніка ў Варшаве адбыўся вернісаж фотавыставы “Беларусь. Інструкцыя па абслугоўванні”.
Удзел у ёй прынялі 24 маладыя фатографы з Беларусі і Польшчы. Адметна тое, што здымкі маладыя майстры фатаграфіі рабілі на тэрыторыі Беларусі “аднаразовымі” апаратамі ў тэхніцы “Палароід”. Чым жа ж прывабіла жыхароў польскай сталіцы выстава?
Наведвальнік: “Мне вельмі спадабалася ідэя гэтага праекта: творчае супрацоўніцтва беларускай і польскай моладзі. Гэта ўсё адбілася на здымках, якія мы можам назіраць на выставе. Працы выглядаюць вельмі натуральна. Бачна, што гэта рабілі не прафесіяналы, і ў гэтым разынка экспанатаў”.
Фінансаванне праекта ажыццяўлялася пры дапамозе МЗС Польшчы. А для таго, каб праект увогуле распачаўся, шмат намаганняў прыклалі актывісты ініцыятывы "Wolna Białoruś", сярод якіх педагог з Варшавы Адам Рэнбач.
Рэнбач: “Я працую настаўнікам. І я хацеў паказаць моладзі, што Беларусь не з’яўляецца краінай дзікуноў. Я хацеў даказаць, што гэта нармальная дзяржава, у якой жывуць нармальныя людзі, што там ёсць вельмі шмат прыгожых краявідаў, якія можна фатаграфаваць. Тады я задумаўся, якім чынам можна было б арганізаваць паездку ў Беларусь для моладзі?”
Сярод удзельнікаў праекта з польскага боку было нямала тых, хто паглядзеў на Беларусь зусім новымі для сябе вачыма. Гаворыць малады фатограф з Варшавы Мацей Зарэмба.
Зарэмба: “Я ўвогуле захапляюся краінамі Ўсходняй Еўропы. У Беларусі раней я ніколі не быў, але чуў, што гэта вельмі цікавая краіна, таму хацеў туды трапіць. Той вобраз Беларусі, які быў у маёй свядомасці, аказаўся зусім іншым у параўнанні з тым, што я там убачыў. Раней я думаў, што Беларусь – гэта тая самая Польшча гадоў 20 таму: жахлівыя дарогі, адсутнасць інтэрнэту. Але гэта не так. Я быў прыемна ўражаны”.
Яшчэ адзін удзельнік праекта з польскага боку Міхал Рэндэман здымаў выключна беларускія самазвалы.
Рэндэман: “У Беларусі перадусім мяне зацікавілі самазвалы. МАЗы вытворчасці 80-х гадоў у Польшчы цяпер з’яўляюцца вялікім рарытэтам. Я вырашыў іх паздымаць і падаць гэтыя здымкі для выставы”.
У тым выпадку, калі канцэпцыя выставы “Беларусь. Інструкцыя па абслугоўванні” задаволіць яе спонсараў, экспазіцыя адбудзецца і ў наступныя гады. Па словах арганізатараў і ўдзельнікаў, у Беларусі застаецца шмат куткоў, якія ім хацелася б наведаць.
Сёлета выстава ў сталіцы Польшчы працягнецца да 14 кастрычніка.