Беларусаў больш цікавяць кошты на кураціну, а не ўмовы ўтрымання птушак

З 2012-га года польскіх курэй пачалі перасаджваць у больш прасторныя клеткі.

“Закон быў аб’яўлены ў 1999 годзе. Калі мы ўступілі ў Еўрасаюз, то разам з іншымі былі вымушаны прыняць і гэты закон. Прынцыповая змена тычыцца памераў клетак старога і новага тыпу”, — распавядае Еўрарадыё намеснік начальніка Галоўнай ветэрынарнай службы Польшчы Кшыштаф Язджэўскі.

Паводле яго слоў, з-за ўвядзення закона пагалоўе курэй у Польшчы можа зменшыцца на 22%. З-за гэтага даражэюць і яйкі. Але гаворка ідзе аб тым, каб стварыць умовы, у якіх куры могуць захоўваць свае натуральныя рухі. Гэтак, цяпер мінімальная плошча клеткі на адну курыцу мусіць быць не меншай за 750 см2, а вышыня — не меншая за 41 сантыметр.

У Беларусі ж паляпшэнне ўмоваў для жывёл пакуль мала каго турбуе.

“Пакуль у нас не задумваюцца. У нас пакуль думаюць, як у гэтую клетку ўпіхнуць больш птушак. Пакуль у нас няма дзяржаўнага закона, які патрабуе гуманнага стаўлення да жывёлаў”, — распавядае супрацоўніца 1-й Мінскай птушкафабрыкі. І дадае, што беларускіх пакупнікоў больш цікавяць танныя кошты, а не абыходжанне з жывёламі.

На птушкафабрыцы “Дружба”, што ў Баранавіцкім раёне, таксама кажуць пра сціснутыя ўмовы для курэй-нясушак.

“Ім хапае месца толькі больш-менш выпраміцца, падняцца — і яна ўжо грэбнем кранае дах батарэі, якая стаіць над ёй. Будуюцца птушнікі на 250 тысяч галоў нясушкі. Уяўляеце, якая там канцэнтрацыя і які там дыскамфорт для птушкі? Пакуль у нас інтарэсы жывёл ніхто не ўлічвае”, — адзначае галоўны ветэрынарны ўрач птушкафабрыкі “Дружба” Віктар Мішкевіч.

Згодна з яго словамі, над пытаннем экалагічнасці прадукцыі ў Беларусі мала хто задумваецца.

Віктар Мішкевіч: “Яны (нарматывы — заўв. Еўрарадыё) у нас парушаюцца як мінімум у 2 разы па плошчы і па вышыні працэнтаў на 20. У нас элементы экалагічнасці ніхто не ўлічвае. Хаця некаторыя фабрыкі частку прадукцыі выпускаюць пад адмысловымі брэндамі, накшталт яйка з селенам, яйка з ёдам. Але ўсё гэта неістотна”.

Тым не менш, на думку Віктара Мішкевіча, беларускія птушкафабрыкі паводле прадуктыўнасці нічым не саступаюць польскім. Адзіная рэч — у Польшчы робіцца ўпор на прыватную гаспадарку, а ў Беларусі — на буйную вытворчасць і эксплуатацыю жывёлаў.

Фота: chickeninfo.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі