Беларускі бензін, цыгарэты і гарэлка сталі самымі таннымі ў Еўропе
У пераліку на долары цэны на бензін знізіліся да ўзроўню 2006 года. Ці дапаможа дэвальвацыя прывабіць замежнікаў у Беларусь?
Менш чым за тыдзень рубель дэвальваваўся на 50%. Шмат якія краіны выкарыстоўвалі падобную сітуацыю, каб выбрацца з крызісу. Пазалетась Польшча дэвальвавала сваю валюту — і турысты “ламануліся” па закупкі. Такім чынам атрымалася прыцягнуць валюту і курс вярнуўся да ранейшага — 2,7 злотых за долар.
Ці магчыма тое ж самае зрабіць і ў Беларусі?
У пераліку на долары за апошні тыдзень у Беларусі патаннела амаль усё. Бензін АІ-92 каштуе 3300. Пры курсе 4500 за долар гэта складае ўсяго 73 цэнты. Такія цэны на паліва былі толькі ў траўні 2006 года, пяць год таму! Такім чынам, бензін у Беларусі цяпер самы танны ва ўсёй Еўропе. Для параўнання: у Расіі 92-і бензін дасягнуў кошту ў долар і 10 цэнтаў.
Нават грэчка за апошні час стала каштаваць менш! Зразумела, калі пералічваць у доларах… Хаця ўсё адно нават пасля дэвальвацыі яна застаецца даражэйшай, чым у суседніх краінах. Так, у Польшчы кілаграм грэцкіх крупаў каштуе троху больш за два долары. У нас — тры.
Павячэраць у рэстаране "Камяніца" вы зможаце за 70 тысяч. Пры сённяшнім курсе гэта трошкі больш за 15 долараў.
Напэўна, самыя танныя прадукты ў нас — гэта гарэлка ды цыгарэты. Так, пачак “Кент” каштуе менш за долар! 80 цэнтаў… У Польшчы пачак самых танных цыгарэт каштуе 11 злотых або чатыры долары — у чатыры разы даражэй за беларускія.
Бутэлька гарэлкі ў Беларусі каштуе у два разы менш, чым у нашых суседзяў. Але танныя цыгарэты і моцны алкаголь сітуацыю не выратуюць, кажуць эканамісты:
Сяргей Чалы: “Але ж гэта было так заўсёды! Цыгарэты, гарэлка… І раней за імі ездзілі. Гэта не вырашае пытання. Тым больш, што гэта тавар, які асабліва праз мытню не павязеш. Як раз па гэтых пазіцыях у нас было заўсёды больш танна”.
Пакуль захоўваецца некалькі курсаў валюты, дэвальвацыяй праблему не вырашыш, кажа Сяргей Чалы.
Сяргей Чалы: “Калі б курс спыніўся, то, магчыма, такое і адбылося б. Але ў сітуацыі, калі ніхто не ведае, што будзе праз месяц, а асноўныя імпарцёры закладваюць больш высокі курс… Атрымліваецца, што ёсць розніца паміж курсам, які можна атрымаць, здаўшы тут долары, і тым курсам, які дэ-факта закладзены ў цэнах на тавары”.
Хіба што можна зарабіць на прадуктах выключна беларускай вытворчасці, працягвае Чалы:
“Якая-небудзь лёгкая прамысловасць, якое-небудзь адзенне — трыкатаж… Па нейкіх таварах гэта, напэўна, магчыма. Але так, каб гэта сапраўды сур’ёзным чынам змяніла сітуацыю — наўрад ці... У ідэале, канешне, дэвальвацыя мусіла менавіта да гэтага і прывесці. Але курс як мінімум павінен быць адзіным! І як мінімум гэта павінен быць курс, які не будзе расці дзясяткамі працэнтаў за месяц”.
Эканаміст Павел Данейка кажа, што, адкладваючы дэвальвацыю, мы толькі пагаршаем сітуацыю.
Павел Данейка: "Такое доўга працягвацца не можа, эканоміка доўга не вытрымае мноства абменных курсаў — два гады максімум. Чым хутчэй будзе зроблена дэвальвацыя, тым лягчэй эканоміка перажыве гэтую сітуацыю. Адкладванне рэальнай дэвальвацыі — гэта тое ж самае, калі замест лекаў даюць абязбольвальнае. Гэта не дапамагае. Урэшце або смерць, або ты пачынаеш лячыцца па-нармальнаму”.
Калі ў нас цяпер адбудзецца дэвальвацыя, а яна, на думку Данейкі, хутчэй за ўсё, будзе стоадсоткавай, то мы атрымаем канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на знешніх рынках, але і панізім узровень жыцця насельніцтва.
Фота: drive2.ru