Беларускі палітуцякач нелегальна перайшоў з Украіны ў Польшчу

Беларускі палітуцякач Ігар Коктыш, які ў 2002 годзе выехаў з Беларусі ва Украіну, цяпер просіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Коктыш тлумачыць гэта тым,  што ва Украіне яму некалькі разоў адмовілі ў палітычным прытулку. Ігар лічыць гэтае рашэнне украінскіх уладаў незаконным. Некалькі дзён таму ён нелегальна перайшоў украінска-польскую мяжу і здаўся польскім памежнікам.

Непрыемнасці для Ігара пачаліся ў Беларусі, калі яго, лідара рок-гурта “Млечны шлях” і старшыню “Моладзевай  гуманітарнай асацыяцыі імя Яна Боска ”, вінавацілі ў розных злачынствах, а ўрэшце абвінавацілі ў забойстве.

Ігар Коктыш: “Тыя абвінавачванні, якія мне прад’яўляліся раней, рассыпаліся, бо на момант здзяйснення гэтых злачынстваў я знаходзіўся на канцэртах, прэзентацыях, шмат людзей мяне бачылі. А ў студзені, падчас сесіі, мяне абвінавацілі ў забойстве. Суткі мяне катавалі, давялі да поўнага адчаю. Пытанне не стаяла, падпішу я пратакол ці не. Пытанне стаяла так: жыць альбо не жыць. Голым мяне ўкінулі ў камеру з мінусовай тэмпературай, пакінулі толькі асадку і аркуш паперы: альбо памірай, альбо падпісвай”.

Брэсцкі абласны суд у справе забойства прызнаў Коктыша невінаватым, але Ігар разумеў, што на гэтым спробы ўладаў схаваць яго за кратамі не скончацца.

Ігар Коктыш: “Пасля таго, як мяне вызвалілі, я вырашыў паехаць адпачыць у Крым. Туды мне патэлефанавалі бацькі і сказалі, каб я не спяшаўся дадому. Я баяўся, што мяне зноў кінуць за краты. Тым больш, я ўпэўніўся ў тым, што закона для гэтых людзей не існуе”.

Ва Украіне Ігар працягваў займацца музыкай, тут жа ж пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ірынай. Але ні музыка, ні прыватнае жыццё не прымусілі яго прыпыніць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Ігар Кокотыш: “Калі пачалася перадвыбарная кампанія 2006 года, я ўсе сілы кінуў на яе. Працаваў і ўдзень, і ўначы. Беларускія спецслужбы дастаць мяне ніяк не маглі, а тым часам мая праца ішла поўным ходам”.

Тады супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў прыехалі ва Украіну да Ігаравых цесць і цешчы, казалі, што ён бандыт,  расказвалі пра быццам бы ўчыненыя ім цяжкія злачынствы. Наведалі яны і сяброў Коктыша. Але апагеем дзейнасці чэкістаў у гэтай гісторыі, як сведчыць Коктыш,  стаў іх нечаканы візіт на Крымскі паўвостраў.

Ігар Коктыш: “Удзень, у самым цэнтры Севастопаля, нейкія людзі мяне схапілі, укінулі ў машыну. Гэта суправаджалася стралянінай і збіццём. У той момант я думаў, што вязуць мяне ў лес забіваць. Таму, калі мяне прывезлі ў пастарунак, я ўздыхнуў з палёгкай”.

Як потым высветлілася, сапраўды затрымлівалі Ігара Коктыша беларускія спецслужбы.

Тры гады ў севастопальскай турме Ігар чакаў рашэння наконт яго выдачы беларускім уладам. Паралельна ён падаў скаргу ў Еўрапейскі суд, які не дазволіў экстрадыцыю.

Ігар Коктыш: “Еўрапейскі суд прыпыніў экстрадыцыю. Потым тры гады я чакаў канчатковага рашэння. Пасля таго, як яно была прынятае, я быў вызвалены з украінскай турмы”.

Некалькі разоў Ігар падаваў прашэнне, каб яму надалі ва Украіне статус палітычнага ўцекача. Нягледзячы на рашэнні суда, у палітычным прытулку Коктышу адмовілі. І тады ён вырашыў уцякаць у Польшчу.

Ігар Коктыш: “На такі крок падштурхнуць чалавека можа толькі нешта вельмі сур’ёзнае. Я прачытаў у інтэрнэце, як людзі самастойна пераходзілі гэтую мяжу. Прыкладна я ведаў, які раён мяжуе з Польшчай. Прыехаў туды цягніком і пехатою пайшоў. Я два дні блукаў па лесе, бачыў ваўка, дзіка. Шчыра сказаць, мне было вельмі страшна. Мой гэты ўчынак — вельмі адчайны. І калі б не ўсе гэтыя абставіны, я б ніколі на гэта не пайшоў”.

Як толькі Ігар перайшоў мяжу, ён накіраваўся на польскую памежную заставу, дзе і падаў заяву на статус палітуцекача. Паводле словаў Коктыша, больш за ўсё ён шкадуе сваю жонку, бо лічыць, што палітычныя праблемы не павінны кранаць сям’ю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі