Беларускі турбізнэс павінен навучыцца жыць без валюты... і без кліентаў

На пытанні Еўрарадыё адказвала галоўная рэдактарка газеты "Туризм и отдых" Лілія Кобзік.

 

 

Лілія Кобзік: Цяпер сапраўды пераломны момант. Многія галіны, якія займаюцца імпартам, адчулі ўдар - адсутнасць валюты, немагчымасць закупляць тавар, прыпыненне эканамічных адносін… Але турбізнэс - у самым авангардзе! Ён як лакмусавая паперка, настолькі тут моцная сувязь з замежжам.


Можна сказаць, што наш турбізнэс жыў без аб'яднаўчай стратэгіі, без нейкай ідэі і сапраўднага цывілізаванага рынка. І самае цікавае - ён навучыўся так жыць. А зараз ён павінен навучыцца жыць без валюты, а можа быць, нават і без кліентаў.

 

Еўрарадыё: Валюту дагэтуль свабодна купіць немагчыма, Многія людзі нікуды не паедуць проста таму, што не змогуць дастаць грошы…


Лілія Кобзік: Насамрэч, валюты няма, але ў той жа час - яна ёсць (дарагая), яна ёсць, але яе мала... Значыць, трэба прыстасавацца. Прапанаваць больш танныя туры, напрыклад. Ніякая сітуацыя з валютай не можа пазбавіць жадання адпачыць улетку, ці выехаць на экскурсію, ці павезці дзіця на мора. Проста цяпер усё вакол будзе падціснутае.


Еўрарадыё: Ці будуць у такой сітуацыі з'яўляцца новыя накірункі?


Лілія Кобзік: Ім будзе страшна цяжка гэтым летам. Хоць яны запланаваныя - усе ланцужкі, усе рэйсы планаваліся яшчэ восенню. Складаліся дамовы, ездзілі рэкламнікі, глядзелі гатэлі, рыхтавалася кліентура… Ясна, што цяпер асноўная мэта - утрымаць хаця б нейкія струмені на масавых накірунках для таго, каб не збанкрутаваць. Задача гэтага сезону - каб не збанкрутаваў бізнэс.

Задача гэтага сезону - каб не збанкрутаваў бізнэс.


Усе ланцужкі пакуль яшчэ стаяць. Але яны будуць крыху скарачацца, недзе аб'ядноўвацца - то бок, ляціш у адну краіну з пасадкай у прамежкавай. Гэта пэўныя нязручнасці для людзей. Як правіла, гэта не падабаецца, але думаю, што гэтым летам усе будуць настроеныя вельмі разумна і цярпліва. З разуменнем паставяцца да сітуацыі, якая склалася на рынку. Умоўна кажучы, кліенты падтрымаюць турбізнэс і ўсё ж паедуць.


Еўрарадыё: А турбізнэс у сваю чаргу кліентаў падтрымае?


Лілія Кобзік: Гэта пытанне пра кошты. Сітуацыя, насамрэч, даволі свежая. Фірмы сябе паводзяць па-рознаму. Хтосьці выстаўляе зусім вялікі курс, потым яго памяншае. Хтосьці - наадварот. Цяпер вельмі важна, каб не загасла само жаданне, каб не з'явіўся страх выехаць. Пакуль працуе вытворчасць, і эканоміка нейкім чынам рухаецца, грошы ўсё адно цыркулююць, яны ёсць.


Я спадзяюся, што турфірмы будуць даволі мабільнымі, каб рэгуляваць сітуацыю з коштамі. Паглядзім, як гэта будзе адбывацца ў ліпені-жніўні. Ужо недзе з сярэдзіны чэрвеня стане ясна, якая тлушчавая праслойка ёсць у турфірмаў для таго, каб выжыць і не сысці з рынка.

 

Адпачываць за мяжу паедзе ў два разы менш беларусаў

Еўрарадыё: Добра, вы кажаце, што людзі ўсё ж адпачываць паедуць… Але ў якой колькасці?


Лілія Кобзік: Няхай нават 50% ад мінулага года - гэта, вядома, дрэнны прагноз. Але, тым не менш, гэта дасць магчымасць захаваць кантакты. Гэта ўсё ж пытанне рэшты павагі да нашага рынку, цікавасці да нас, як да кліентуры.


Беларускіх турыстаў вельмі любяць у Чарнагорыі, таму што возьмуць самую танную вілу, а ў рэстаранах трацяць добра. Прыемна, калі беларусаў паважаюць, таму што паводзяць сябе з годнасцю. Так, шмат грошай няма, у нас самае таннае размяшчэнне. Але ў тых жа рэстаранах, на пакупках… Мы трацім грошы літаральна на ўсё. Не паважаць нас нельга, хоць ездзіць нас мала.


Еўрарадыё: Колькі цяпер беларусаў выязджае за мяжу?


Лілія Кобзік: Парадку 300 тысяч. Але, як я сказала, сёлета будзе яшчэ менш, дзесьці 50% ад леташняй плыні. Прычым, адсачыць гэта будзе яшчэ складаней. Людзі паедуць зусім рознымі шляхамі. Будуць браніраваць таннае размяшчэнне самі - дамы і вілы. Будуць лётаць самі бюджэтнымі перавозчыкамі з Вільні і Кіева. Паедуць, безумоўна, праз Маскву, Кіеў з дапамогай тамтэйшых аператараў. Мы ж гэтыя плыні ўжо не адсочым… Мы нават не зразумеем, што адбываецца. Вось у чым штука.

Мы нават не зразумеем, што адбываецца. Вось у чым штука.


Еўрарадыё: Атрымліваецца, што палова беларускіх турыстаў па розных прычынах выехаць не зможа... У той жа самы час расіяне працягваюць выкупляць усе беларускія санаторыі. Куды падзенуцца астатнія 50% беларусаў, якія, напэўна, таксама дзесьці захочуць адпачыць? І ў Беларусі ўжо месца занятае, і выехаць няма магчымасці…


Лілія Кобзік: На Месяц, вядома, яны не паляцяць… Адпачываць будуць усе. Я думаю, многія проста застануцца ў вёсках і на дачах. Будуць і іншыя працэсы. Людзі будуць пакрысе купляць валюту ў абменніку, калі зусім нічога не назапашана, і чакаць верасня… Магчыма, запаўняльнасць самалётаў будзе не такая, як хацелася б. Але вы ўсё адно паедзеце.

 

50% беларусаў не атрымаюць той адпачынак, якога яны вартыя

50% беларусаў, я думаю, не атрымаюць той адпачынак, якога яны вартыя, і да якога яны прызвычаіліся. Але, насамрэч, не так шмат беларусаў выязджае.


Еўрарадыё: Ці не змянілася гэта колькасць?


Лілія Кобзік: Год ад года яна павялічвалася. Але калі мы ўзгадаем сітуацыю 10 ці нават 15-летняй даўніны. То, наколькі я памятаю, тады за мяжу выязджаў мільён беларусаў. У тым ліку, гэты мільён складаўся з вялікай плыні шоп-турыстаў…Цяпер 300 тысяч.


Трэба разумець, што з'явіліся лішнія бар'еры, якіх у прынцыпе быць не павінна. Паўсюль патрэбныя візы… Але імкненне падарожнічаць нікуды не знікла. Лепш за ўсё гэта бачна па тых турыстах, якія з'яўляюцца фанатамі экскурсійнага еўрапейскага адпачынку. Гэта людзі, якія адкладалі грошы ўвесь год...


Таму, у гэтым сезоне, вядома, будзе цяжка турыстам, будзе цяжка турфірмам, усе падціснуцца, усе будуць баяцца. Нейкія даты будуць правісаць. Будуць аб'ядноўвацца нейкія ланцужкі, але ўсё будзе накіравана на тое, каб выжыць.


Еўрарадыё: Міністэрства спорту пісала нават запыт у Нацбанк, каб ім растлумачылі, што будзе адбывацца на валютным рынку… Больш ніхто не пісаў такіх лістоў. Гэта значыць, што сітуацыя ўжо крытычная?


Лілія Кобзік: Уяўляеце, калі з іх боку сітуацыя крытычная, то наколькі яна крытычная для турбізнэса. Але тут лістамі, напэўна, не дапаможаш…


Тут патрэбная кансалідацыя ў пытаннях умелага спалучэння ўезду і выезду. Калі з выездам цяпер так дрэнна, і нацыянальная галіна не можа на ім зарабляць, і невядома, калі зможа, напэўна, ёсць рацыя рэгуляваць уезд. У прыватнасці тое, што адбываецца з уездам расійскіх турыстаў у тыя ж санаторыі.


Не сакрэт, што многія едуць у санаторыі напрамую, а яшчэ больш атрымліваюць квот расійскія фірмы ў нашых санаторыях. Гэта значыць, зусім відавочна, што гэтыя грошы плывуць міма Беларусі. Магчыма, яны маглі б дастацца нацыянальнаму турбізнэсу… Але ён, груба кажучы, апынуўся "ў пралёце".


Еўрарадыё: Яшчэ пра ўязны турызм. Да нас заўсёды прыязджае вельмі шмат расіян. Сёлета - тое ж самае…


Лілія Кобзік: Так, іх шмат. А расійскія рублі - гэта таксама валюта. Але яны прыходзяць у гатэлі з кішэнямі, набітымі беларускімі рублямі. Яны ўжо, мабыць, ведаюць пра нашы праблемы, прыходзяць, жадаюць купляць нумар. Нумар выстаўлены ў доларах - умоўна кажучы, 50 долараў. Але яны жадаюць заплаціць (адгадайце па якім курсе?) - 3150, напрыклад. Ім кажуць - так мы ж за гэтыя грошы потым валюту не купім… Гэта вашы праблемы, кажуць яны.


Вось калі курсу няма, тады атрымліваецца, што і не зразумееш, куды мы развіваемся. І на кожным наступным этапе складаней кіраваць.


Еўрарадыё: Раней вы называлі суму ў 1000 долараў. Колькі быў гатовы выдаткаваць беларус на адпачынак… А цяпер як?


Лілія Кобзік: Ой, не, цяпер ужо не гатовы. У нас тры пласты кліентаў - зусім бюджэтны (крымскі, умоўна кажучы), сярэдні клас і багатыя (там грошы асаблівай ролі не граюць). Вось для трэцяга пласта гэты кошт цалкам прымальны. А што да сярэдняга класа, безумоўна, гэта дорага. Яны лепш сядуць у машыну і паедуць у Крым, або будуць чакаць добрых коштаў… А я думаю, што аператары іх прапануюць. Таму што, калі будуць гарэць ланцужкі, выйсця не будзе.


Еўрарадыё: А што да геаграфіі выезду, яна захавалася?


Лілія Кобзік: Безумоўна, яна захавалася. Турцыя, Балгарыя, Грэцыя, Чарнагорыя… Кошты пакуль выглядаюць на ўзроўні мінулага года, але яны будуць змяняцца. Было вельмі шмат новых праграм, я думаю, што часткова яны будуць ажыццяўляцца. Нават тыя чартары, якія былі заяўленыя на Сіцылію, адзін ужо паляцеў. Праграмы глядзеліся дорага, але перад самым вылетам кошт быў ніжэйшы за турэцкі… Калі б рынак лёг цалкам, гэты б чартар не паляцеў. Цяпер мы не знойдзем такіх ужо моцных правалаў. Самалёты паляцяць, праўда, будуць праблемы з загрузкай…


Еўрарадыё: Які накірунак будзе самым папулярным?


Лілія Кобзік: Складана цяпер сказаць. Калі б не гэты валютны крызіс, можна было б казаць пра ўсплёск Грэцыі, пра папулярнасць Балгарыі, якая па-ранейшаму расце, пра тое, што Турцыя ніколі не сыдзе з хітовых варыянтаў, што людзі нашы ўсё адно любяць Чарнагорыю і паедуць туды.


Усе праграмы будуць, але будуць крыху падціснутымі. Таму варыянты паехаць ёсць, і, я думаю, што нейкім чынам людзі знойдуць магчымасць паехаць адпачыць. Але не так, як хацелася. Сітуацыя будзе зусім іншай. Паедуць не так як летась. Будуць іншыя кошты, іншыя варыянты маршрутаў, па-іншаму будуць пікі ў сезоне. Мала хто вытрымае жнівеньскія кошты. Большы пік прыйдзецца на верасень і нават на кастрычнік.


Я б сказала, што мы па-ранейшаму бяжым за паравозам. Але цяпер мы ўжо бяжым і задыхаемся, таму што ў людзей няма валюты, у турфірмаў не хапае кліентаў. І вось мы бяжым і задыхаемся, а ўжо даўно павінны былі сесці і паехаць.

Якім будзе турыстычны сезон 2011? Ці перажыве беларускі турбізнэс крызіс, які цяпер у краіне, і якім з яго выйдзе? На пытанні Еўрарадыё адказвала галоўная рэдактарка газеты "Туризм и отдых" Лілія Кобзік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі