Беларускія куры не паедуць у ЕС… з-за пеўняў
Еўрасаюз зноў не дазволіў Беларусі пастаўляць кураціну. Еўрарадыё даведвалася, чаму мяса птушкі не адпавядае нормам.
Ветэрынары з ЕС пасля наведвання дзвюх беларускіх птушкафабрык у Віцебску і Дзяржынску прыйшлі да высновы, што айчынная кураціна ўсё яшчэ не гатовая для еўрапейскага рынку. Даследаванне прайшло яшчэ сёлета ўвесну, а вынікі Офіс па пытаннях харчавання і ветэрынарыі Еўракамісіі апублікаваў толькі нядаўна.
У Дэпартаменце ветэрынарыі і харчовага нагляду Беларусі тлумачаць, што заўвагі еўрапейцаў датычацца спосабаў гадавання, утрымання і забойства птушак.
“Заўваг наконт якасці нашага мяса не было, але былі пытанні наконт прыёмаў гадавання курэй, іх утрымання. Цяпер мы ўзгадняем гэтыя заўвагі”, — тлумачыць супрацоўнік Дэпартамента і дадае, што еўрапейскія інспектары нават падзяліліся досведам утрымання курэй, як у Еўропе, каб мяса стала больш якасным. Метад — вельмі натуральны.
“Да прыкладу, у нас куры ўтрымліваюцца ў клетках — у ярусах, а ў Еўропе ўжо пачалі ўтрымліваць па-сямейнаму — каб на пэўную колькасць быў певень. Яны лічаць, калі рабіць так, дык курыца больш здаровая, яна менш схільная да стрэсу. Яны кажуць так: калі курыцу не таптаў певень, гэта можа негатыўна адбіцца на якасці мяса ці яек!”
Да таго ж еўрапейскія ветэрынары далі парады наконт забойства курэй, каб птушка не мучылася, бо гэта таксама ўплывае на якасць мяса. У Дэпартаменце спадзяюцца ўсе ж такі прабіцца на еўрапейскі рынак.
“У нас пяць прадпрыемстваў, што вырабляюць малако, могуць экспартаваць яго ў Еўропу. Таму спадзяемся, што і наконт курыцы дамовімся, але пакуль што працуем над заўвагамі”.
Якім чынам на птушкафабрыках будуць наладжваць асабістае жыццё курэй, у Дэпартаменце пакуль не ведаюць:
“Працуем, працуем, павінны патрапіць! У сакавіку
прайшла місія па птушцы, зараз працуем па заўвагах. Робім усё магчымае!”.
У агракамбінаце “Дзяржынскі”, дзе пабывалі інспектары, адзначаюць, што іх курынае мяса добрай якасці і адпавядае ўсім еўрапейскім нормам, але ў ЕС іх ніхто не чакае, “бо там рынак іншы”.
“У нас добрае мяса! І еўрапейскія інспектары гэта прызналі. Але мы не ведаем, якія катаклізмы павінны здарыцца, каб у Еўропе пачалі купляць наша мяса. Нас на іх рынку ніхто не чакае! Сваіх птушкафабрык хапае. Але калі гэтак здарыцца, дык еўрапейцы будуць есці наша мяса і без усялякіх нормаў”.
Дарэчы, кошты на курыцу, напрыклад, у суседняй Польшчы і ў нас істотна адрозніваюцца. Да прыкладу, філе ў Польшчы каштуе ў сярэднім 40 300 рублёў, беларусы купляюць філе мінімум па 52 тысячы рублёў, крылы і ногі ў Польшчы каштуюць 13 000 рублёў за кіло, у Беларусі — амаль у тры разы даражэй.