Беларускія свінні “харчуюцца” доларамі?

 З 8-га чэрвеня ў краіне зноў павялічаныя закупачныя цэны на свініну. Тлумачаць гэта ростам цэн на імпартныя бялковыя дадаткі для вытворчасці камбікармоў. Няўжо нават свіней не можам пракарміць самі, патрэбны імпарт?

Як даведалася Еўрарадыё, каб зрабіць камбікорм па ўсіх стандартах, без імпарту не абысціся!

“Можна і траву перамалоць ды сказаць, што гэта камбікорм. Але ж калі мы хочам сапраўды якасны камбікорм з усімі мінеральнымі рэчывамі па стандарце, то неабходны імпарт”, - тлумачаць у Жабінкаўскім камбікормавым заводзе.


Соевы, сланечнікавы шрот, рыбная мука – усё гэта завозіцца з-за мяжы, кажуць у Вілейскім камбікормавым заводзе:

“Нават фасфаты, якія абавязковыя, хоць і не ў вялікіх аб'ёмах, падаражэлі практычна на 100%. Камбікорм падаражэў практычна на 80% з-за гэтых валютных справаў. Плюс рэзкі пад'ём коштаў з боку сыравіны украінскай, расійскай”.


Еўрарадыё занепакоілася – ці будзе чым харчавацца нашым беларускім свінням, калі долары ў бліжэйшы час так і не з'явяцца?

“Свінні павінны быць і будуць, - супакоілі нас на камбікормавым заводзе ў Вілейцы. - Так што хвалявацца тут крэпка няма пра што”.


Тым часам, каб пракарміць нашых свіней, бялковыя дадаткі завозяць не толькі з Украіны, Літвы ды Расіі, але і з такіх далёкіх паўднёвых краін як Аргенціна, Марока, Бразілія!

Вілейскі камбікормавы завод: “Свіння – гэта не карова. Яе без камбікорму не пакінеш. Карове можна даць травы, можна неяк абысціся, ці даць 15-20% канцэнтраваных кармоў. А свінні камбікорм патрэбны ўвесь час. Іншага выйсця няма. Рыбную муку мы палюбому будзем завозіць з-за мяжы. У нашых сажалках столькі рыбы няма, каб яе ў муку перарабляць”.


А ці магчыма перайсці на выключна беларускія камбікармы? Пра гэта Еўрарадыё распавялі на вілейскім камбікормавым заводзе:

«Можна частку з іх рабіць і ў Беларусі. Можна, напрыклад, выкарыстоўваць рапсавы шрот. Але ў мінулым годзе быў неўраджай на рапс… Пакуль што да новага ўраджаю давядзецца завозіць асноўную частку бялковай сыравіны з-за мяжы…».


Спрабуюць рабіць камбікорм без імпарту і ў Смаргонскім камбікормавым заводзе. Але пакуль цалкам перайсці на беларускае немагчыма.

«Мы паціху на сваё пераходзім. У Смаргоні сёлета мы запусцілі цэх па перапрацоўцы насення рапсу, і замест сланечнікавага шроту мы будзем уводзіць сваю рапсавую макуху. Усталявалі магутны цэх, 20 тысяч тон у год перапрацоўкі масла насення рапсу. Гэта нам так дапаможа адмовіцца ад імпартнага бялку…»


Перафразуючы вядомы мульцік, скажам: «Добрую валюту нават свіння з'есць». Еўрарадыё працягне шукаць загадкавы беларускі прадукт, які робіцца з выключна беларускай сыравіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі