Белтрансгаз: Ніякіх каментарыяў мы не даем, чытайце “Твітэр”!
Падрабязнасці кантракта на пастаўку газа не паведамляе ніводны з бакоў. “Газпрам” раіць чытаць прэс-рэліз, а “Белтрансгаз” увогуле адсылае ў… “Твітэр”!
Еўрарадыё паспрабавала даведацца пра падрабязнасці кантракта на пастаўку газа ў Беларусь з наступнага года.
“На жаль, “Белтрансгаз” ніякіх каментарыяў не дае, – кажуць Еўрарадыё ў беларускай кампаніі, якая з 25 лістапада ўжо цалкам належыць “Газпраму”, – ніякіх, ні тэхнічных, ні эканамічных, ні юрыдычных. Чытайце інтэрнэт, там усё чотка расказваецца. Вы “Твітэр” глядзелі? А калі вас цікавяць больш тонкія пытанні, дык яны вам проста не патрэбныя”.
Нагадаю, што 25 лістапада ўрад Расіі і Беларусі дамовіліся пра фарміраванне цэн пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь. У працяг гэтых дамоўленасцяў, “Газпрам” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракты, у адпаведнасці з якімі, цана газа для Беларусі ў 2012 годзе складзе 165 долараў за тысячу кубаметраў.
У 2013-2014 гадах цэны будуць разлічвацца “па формуле”. Беларусь павінна выйсці на роўнадаходныя з Еўропай цэны на расійскі газ да 2014 года. Цікава, што на агульнаеўрапейскія цэны, згодна з мінулым кантрактам, мы павінны былі выйсці да 2012 года!
Даведка: У дамове была прапісаная наступная формула: з 2009 года за расійскі газ Беларусь будзе плаціць 80% ад еўрапейскай цаны, у 2010 – 90%. З 2011 года мы пачнём купляць газ па рыначнай цане.
Цяпер, мы зноў пачынаем набліжацца да агульнаеўрапейскай цаны. Якім чынам будзе фарміравацца цана сёння?
Арыенцірам стане цана на газ для спажыўцоў Ямала-Ненецкага аўтаномнага округа. Далей плюсуюцца кошты транспарціроўкі газу да мяжы, кошт захоўвання на тэрыторыі Расіі, а таксама выдаткі Газпрама па рэалізацыі.
Даведка: На 2011 год сярэдняя цана газа для Ямала-Нянецкага округа ўсталяваная ў памеры 1,7 тыс. рублёў за тысячу кубаметраў – гэта прыкладна 51 долар. У наступным годзе тарыфы Газпрама ўзрастуць на 15%, такім чынам, цана складзе 1,95 тыс. рублёў, або 62 долары. А ў 2013 годзе цана можа ўзрасці прыкладна да 71 долара.
Такім чынам, цана для Беларусі з улікам транспарціроўкі, захоўвання і выдаткаў на рэалізацыю складзе акурат прыкладна 160 долараў.
Нагадаю, што Беларусь марыла атрымаць аднолькавыя цэны з унутрырасійскімі. І хоць роўнай са Смаленскам (каля 90 долараў) цаны мы не атрымаем, тым не менш афіцыйны Мінск выгандляваў максімум таго, што было магчымым.
Але гэта не значыць, што ў наступным годзе беларускія спажыўцы будуць купляць газ па цане 165 долараў за тысячу кубаметраў. Цэны для насельніцтва стануць вышэйшымі!
Застаецца таксама пытанне транзіту. Цяпер калі “Белтрансгаз” належыць “Газпраму”, а хутка мы прададзім і астатнюю палову трубы. Ці будзе штосьці мець Беларусь за транзіт паліва па нашай тэрыторыі. Галоўны рэдактар сеткавага тыднёвіка The Russian Energy Міхаіл Круціхін кажа, што Беларусь будзе працягваць атрымліваць грошы за транзіт. Магчыма, зменіцца толькі фармулёўка.
Міхаіл Круціхін: “Думаю, што ў будучым гэта можа называцца не як "плата за транзіт", а, верагодна, гэта будзе называцца "плата за выкарыстанне аб’ектаў уласнасці на беларускай тэрыторыі". То бок назву прыдумаюць нейкую іншую, але плацяжы ў бюджэт Беларусі за карыстанне гэтымі трубамі павінны будуць працягвацца. За арэнду тэрыторыі пад трубаправодам”.
Згодна з кантрактам, на транспарціроўку газа праз тэрыторыю Беларусі, тарыф на транспарціроўку тысячы кубоў па газапровадах “Белтрансгаза” складзе 2 долары на 100 кіламетраў, у 2013-2014 гг. будзе штомесяц разлічвацца па формуле.