"Будзьма" умясціла гісторыю Беларусі ў 5 хвілін (відэа)

Кампанія "Будзьма беларусамі!" выпусціла першы прафесійны мультфільм па гісторыі Беларусі.

Пяціхвілінны анімацыйны фільм, выкананы ў сучаснай графіцы, распавядае пра гісторыю Беларусі ад вытокаў і да 1991-га года. Рэкламіст Юлія Ляшкевіч, аніматар Юлія Рудзіцкая, музыканты Лявон Вольскі і Аляксандр Памідораў разам з камандай кампаніі "Будзьма" у лёгкай і забаўляльнай форме ўвасобілі мінулае Беларусі.

Алена Макоўская і Севярын Квяткоўскі

 

Аляксандр Памідораў, Юлія Ляшкевіч, Лявон Вольскі

Праца над фільмам вялася амаль год. Для яго стварэння былі абраныя самыя яскравыя гістрычныя моманты. Але, вядома, шмат падзеяў усё ж засталося па-за кадрам. Таму галоўная мэта праекта, тлумачыць рэдактр сайта www.budzma.org Севярын Квяткоўскі, абудзіць у беларусаў цікаўнасць да сваіх каранёў і гісторыі.

"Гэта лепшае, што я хачу ў выніку ад гэтага мульціка, – працягвае думку Юля Ляшкевіч. – Каб людзі пачалі задавацца пытаннямі і пісаць: "а дзе вось гэта? А вось чаму не ўключылі такі гістарычны факт?" Мы вельмі добра разумелі, што ўсе ў нас не змесцяцца. І насамрэч калі будуць узнікаць пытанні – гэта вельмі добра!"


Якім чынам некалькі стагоддзяў атрымалася змясціць часам у 20-ці кадрах, а часам і ў трох секундах, распавяла аніматар Юлія Рудзіцкая.

Юлія Ляшкевіч і Юлія Рудзіцкая

Юлія Рудзіцкая: "Мне была дадзена поўная творчая свабода, за што я вельмі ўдзячна "Будзьме". Але з другога боку мне трэба было вельмі далікатна працаваць з гістрычным і культурным матэрыялам. Усё гэта трэба было звязаць у нейкі цэласны аудыё-візуальны анімацыйны твор, каб гэты фільм глядзеўся на адным дыханні".  

Стваральнікі відэа спадзяюцца, што фільм будзе цікавы нават тым, хто не цікавіцца гісторыяй.

Лявон Вольскі: "Мэтавая аўдыторыя гэтага фільма хацелася б каб была вельмі шырокай. Таму што тое, што выкладаюць у школе, пачынаючы з савецкіх часоў і зараз – ну, я, напрыклад, нічога не памятаю з таго, што я мусіў бы памятаць. Я хачу падзякаваць гэтай ініцыятыве, таму што ўсе мы - стваральнікі гэтага фільма, падцягнулі свае гістарычныя веды".


 

Ніна Шыдлоўская 

Фільм "Будзьма беларусамі!" разбурае стэрэатыпы: беларусы – не памяркоўныя, паслухмяныя і цярплівыя, а смелыя, рашучыя і актыўныя! Такія вынікі "Будзьма" зрабіла сыходзячы з аднаго з грамадскіх апытанняў, якое кампанія правяла ў 2009 годзе.

Севярын Квяткоўскі: "Пры апытанні людзі часта апісвалі "партрэт" беларуса, як памяркоўнага і занадта церпялівага. А мы ж з вамі разумеем, што гэта ўсё не так! Ці так толькі часткова! На гістрычных фактах мы аспрэчваем тое, што беларусы – інэртная і памяркоўная нацыя".

Разам з фільмам быў прэзентаваны і блог "Будзьма.TUT", дзе кожны жадаючы можа выказаць сваё меркаванне наконт фільма, а таксама крытыку, заўвагі, задавальненне ці проста падзякаваць яго стваральнікам. Да таго ж, у блогу можна паглядзець відэасюжэты з беларускімі знакамітасцямі – Лявонам Вольскім, Уладзімірам Арловым, Андрэем Курэйчыкам, Святланай Бень ды іншымі – якія распавядаюць пра тую ці іншую старонку гісторыі Беларусі простымі словамі і нават жэстамі.

"Гісторыя з відэападкастамі для блога нарадзілася з нашага першага абмяркоўвання ідэі стварэння фільма – так званыя "байкі ля кастра," – смяецца Юля Ляшкевіч. – Мы проста распавядалі адно аднаму цікавыя гісторыі".

Пярліна праекту "Будзьма.TUT" - блог Усяслава Чарадзея, які славуты князь-ваўкалак вядзе ў нашыя дні, перакінуўшыся з арыстакрата XI стагоддзя у актывіста сацыяльных сетак XXIст. У планах "Будзьмы" - блогі іншых гістарычных асоб з магчымасцю для кожнага весці жыві часопіс ад імя нейкай гістарычнай персоны альбо яе сучасніка.

Мультфільм заканчваецца 1991-м годам, калі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Фраза, якой сканчваецца мульцік "Хай кожны напіша ўласны працяг"- не выпадковая, - тлумачыць Юлія Ляшкевіч. Стваральнікі анімацыйнага фільма прпануюць усім жадаючым працягнуць пісаць разам сцэнар для найноўшага часу Беларусі.

 

Юлія Ляшкевіч: "У блоге будзе зроблены спецыяльны форум, дзякуючы якому кожны чалавек, які туды зойдзе спампаваць ці паглядзець мульцік, зможа пакінуць свой працяг. Нам самім вельмі цікава паглядзець, што людзі палічаць істотным і патрэбным зрабіць".

Анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" яе аўтары і стваральнікі прысвяцілі загінулым і пацярпелым падчас тэракту ў мінскім метро 11-га красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі