Чалы: У Мытным саюзе Расія імкнецца зарабляць за кошт Беларусі
Ці сапраўды Расія мае права на частку экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты? Навошта Крэмль адсунуў на год стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі? На гэтыя
Расія задумала накласці лапу на беларускі бюджэт. У Крамлі лічаць, што
Беларусь мусіць падзяліцца часткай пошлінаў на вываз нафтапрадуктаў,
вырабленых на нашых НПЗ з расійскай нафты. Быццам бы на гэты конт і
дакумент адпаведны ёсць.
Сяргей Чалы: З
Міністэрства эканомікі Расіі прыйшоў ліст, у якім абазначаны намер
спаганяць вывазныя пошліны на экспарт нафты. Ці, ва ўсялякім разе,
прэтэндаваць на іх частку ва ўмовах дзеяння Мытнага саюза.
Еўрарадыё: На чым грунтуюцца гэтыя намеры?
Сяргей Чалы: У
нас ёсць пагадненне аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі, прынятае
Камісіяй Мытнага саюза ў лістападзе 2009 года. І адзіная мытная
тэрыторыя мусіла быць створана да 1 ліпеня 2010 года, але... З ліста
Мінэканомікі вынікае, што на гэта патрэбныя два этапы.
Першы з іх
скончыўся 1 ліпеня 2010 года стварэннем Мытнага саюза. Цяпер бярэм
“Дамову аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фармаванні Мытнага
саюза” ад 2007 года і чытаем артыкул 2:
“Рашэнне аб аб’яднанні мытных тэрыторый бакоў у адзіную мытную тэрыторыю і завяршэнні фармавання Мытнага саюза прымаецца вышэйшым органам Мытнага саюза пасля завяршэння наступных мерапрыемстваў:
<…>
б) усталяванне і прымяненне ў адносінах з трэцімі краінамі адзінага гандлёвага рэжыму”.
Але
паколькі гэтая Дамова, у асноўным, тычыцца пытанняў імпарту, а пра
рэгуляванне экспарту нічога не паведамляе, расіяне сцвярджаюць, што
адзінага рэжыму ў гандлі з трэцімі краінамі дагэтуль няма. Адпаведна,
дагэтуль не створаная і адзіная мытная тэрыторыя. На гэта патрэбны другі
этап ― да 1 ліпеня 2011 года.
Адпаведна, у працы Мытнага саюза нельга кіравацца артыкулам 3 Дамовы, з якога вынікае:
“Ад моманту стварэння адзінай мытнай тэрыторыі бакі не ўжываюць ва ўзаемным гандлі мытныя пошліны, колькасныя абмежаванні і эквівалентныя ім захады”.
Еўрарадыё: Гэтую
зручную логіку Расія ўжо ўдала ўжывае пры стварэнні адзінай эканамічнай
прасторы. Яе і Мытны саюз разнеслі па часе: спачатку ― з 1 ліпеня 2010
года ― Мытны саюз. Пасля ― адзіная эканамічная прастора.
Сяргей Чалы: Але
цяпер увогуле не зразумела, што мы стварылі 1 ліпеня 2010 года. Адзіны
мытны тарыф уведзены з 1 студзеня 2010 года. А з 1 ліпеня мы мусілі
вынесці ўвесь экспартны кантроль на межы Мытнага саюза. І вытворца
тавараў ― Расія гэта, Беларусь ці Казахстан ― мусіў бы быць пазначаны як
“Мытны саюз”.
Еўрарадыё: Пакуль не створаная адзіная
мытная тэрыторыя, паміж краінамі Мытнага саюза могуць існаваць і
гандлёвыя абмежаванні, і мытныя пошліны?
Сяргей Чалы: Так,
і Расія актыўна выкарыстоўвае гэта і каб абараніць свой рынак, і каб
зарабіць. Мы бачым гэта са студзеня 2010 года, калі былі ўведзеныя
ўвазныя пошліны на расійскую нафту. І пабачым крыху пазней у сітуацыі з
імпартам алкаголю.
Сяргей Чалы: Але
працягваем сачыць за логікай Расіі. Калі адзіная мытная тэрыторыя будзе
створаная і Мытны саюз запрацуе напоўніцу, з адзінай палітыкай у
дачыненні да трэціх краінаў і рэгуляваннем не толькі імпарту, але і
экспарту, гэта будзе азначаць міжбюджэтнае раздзяленне не толькі ўвазных
пошлін, але і вывазных. Але замест таго, каб зараз урэгуляваць гэтае
пытанне, Расія прыгадвае пагадненне 15-гадовай даўніны, у якім гаворка
вядзецца пра парадак размеркавання мытных пошлін на прадукцыю,
вырабленую беларускімі прадпрыемствамі з расійскай сыравіны.
Еўрарадыё: Тады
ўся расійская нафта ішла ў Беларусь без пошлін — і таму Расія была
зацікаўленая ў тым, каб атрымліваць дывідэнды з той яе часткі, якая
перапрацоўвалася на экспарт.
Сяргей Чалы: Гэтае пагадненне
было заключанае ў межах даўняга Мытнага саюза паміж нашымі краінамі.
Тады міжбюджэтнае размеркаванне экспартнай пошліны складала 85% Расіі на
15% Беларусі.
Ці можна сёння спасылацца на гэты праект? Дакумент
з даўжэзнай назвай “Пагадненне паміж урадам Расійскай Федэрацыі і
ўрадам Рэспублікі Беларусь аб парадку размеркавання і залічэння ў
адпаведныя бюджэты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь вывазных
мытных пошлінаў на прадукцыю, вырабленую беларускімі прадпрыемствамі на
экспарт з расійскай сыравіны” ад 12 траўня 1995 года захоўваў моц ―
увага! ― “цягам 6 месяцаў пасля таго, як адзін з бакоў накіруе другому
боку пісьмовае паведамленне пра свой намер спыніць яго дзеянне”.
Еўрарадыё: Вы так гаворыце, быццам ведаеце, што нехта ўжо накіраваў некаму такое паведамленне.
Сяргей Чалы:
Так! Пастанова беларускага Саўміна ад 12 студзеня 2001 года №43 і ёсць
тое самае пісьмовае паведамленне. Да сярэдзіны 2001 года пагадненне з
доўгай назвай спыніла сваё існаванне. Ні пра якое міжбюджэтнае
размеркаванне экспартных пошлін сёння не можа быць і гаворкі.
Еўрарадыё: Вось
жа незадача: з таго часу, як Саўмін спыніў дзеянне гэтай дамовы,
прайшло не тое што паўгода ― усе 9 гадоў! Але хіба пра гэта не ведаюць у
расійскім Міністэрстве эканомікі?
Сяргей Чалы: Ведаюць. І
таму ў лісце напісана: “...неабходна забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў,
зафіксаваных у пункце 3 артыкула 4 Пагаднення аб Мытным саюзе паміж
Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь”. Забяспечыць рэалізацыю
прынцыпаў ― гэта не азначае настаяць на выкананні Дамовы. І гэта даволі
небяспечная фармулёўка, бо “забяспечваць рэалізацыю прынцыпаў” можна
рознымі шляхамі.
Еўрарадыё: Рэзюмуем.
Спачатку Расія адцягнула стварэнне адзінай эканамічнай прасторы да
сярэдзіны 2012 года, каб стварыць такі Мытны саюз, які абараняе расійскі
імпарт і не замінае экспарту расійскіх энергарэсурсаў. Ды яшчэ і
дазваляе зарабіць на экспартных пошлінах на нафту ў Беларусь.
Цяпер
― яшчэ адна падманка: Расія расцягнула стварэнне адзінай мытнай
тэрыторыі да сярэдзіны 2011 года, каб не кіравацца агульным гандлёвым
рэжымам з трэцімі краінамі. Гэта ж дало ёй падставы прэтэндаваць на
частку экспартных пошлін на беларускія нафтапрадукты, вырабленыя з
расійскай сыравіны, што было прадугледжана ранейшымі
беларуска-расійскімі міжурадавымі дамовамі, якія сёння ўжо адмененыя.
Сяргей Чалы: Я не ведаю нават, як больш ярка паказаць абсурднасць гэтай сітуацыі.
Еўрарадыё: Але
калі адзіная мытная тэрыторыя будзе створаная, паміж бюджэтамі трох
краін Мытнага саюза мусяць размяркоўвацца ўсе экспартныя пошліны. У тым
ліку ― і на расійскія энергарэсурсы.
Сяргей Чалы: Я
працягваю сцвярджаць, што адзіная эканамічная прастора ― гэта падман,
прыдуманы, каб трымаць Мытны саюз такім, які задавальняе Расію. Гэта ―
спроба Расіі не падзяліцца. А цяпер Расія спрабуе не толькі не
падзяліцца, але і паквапіцца на нашае.
Пры канцы жніўня
намміністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка заявіў, што нашая
краіна разлічвае на завяршэнне падрыхтоўкі пакета дакументаў па
фармаванні адзінай эканамічнай прасторы ― увага! ― да 1 студзеня 2011
года! І больш за тое: “Мы ўбачылі імкненне нашых расійскіх і
казахстанскіх калегаў завяршыць працу да гэтага ж тэрміна”, ― дадаў сп.
Еўдачэнка.
Атрымліваецца, што ў галовах чыноўнікаў адзіная
эканамічная прастора, якая адмяняе гандлёвыя абмежаванні на ўнутраным
рынку Мытнага саюза, можа існаваць і без адзінай мытнай тэрыторыі,
стварэнне якой Расія адцягвае, каб захаваць абмежаванні.
Еўрарадыё: Чамусьці мы ніяк не можам “саскочыць” з тэмы Мытнага саюза.
Сяргей Чалы: А
як ты тут саскочыш? За апошні тыдзень Расія ініцыявала адразу некалькі
падзеяў, з якіх вынікае: Мытны саюз ні дэ-юрэ, ні фактычна не працуе
так, як яго задумвалі.
Еўрарадыё: Гэта наш стары тэзіс.
Сяргей Чалы: Так, але канкрэтныя праявы кожны раз новыя. Пачнем з тых “прэтэнзій” Расіі, якія прасцей за ўсё абвергнуць.
Сяргей Чалы: Вось
мытная служба Расіі змагаецца з увозам малдоўскіх і грузінскіх він і
каньякоў праз Беларусь і Казахстан. Каб закрыць ад іх расійскі рынак,
прыдумалі, што “наяўнасць дамовы пра адзіныя мытныя межы для краінаў
Саюза не адмяняе федэральнага закона “Аб дзяржаўным рэгуляванні
вытворчасці і абарачэння алкаголю”, згодна ў якім любое перамяшчэнне
алкагольных напояў праз мяжу Расіі кваліфікуецца як экспарт ці імпарт і
патрабуе мытнага афармлення”.
Дык што ж гэта за Мытны саюз,
унутры якога захоўваюцца імпарт і экспарт? Гэта першае. А другое ― чаму
дагэтуль можна спасылацца на заканадаўчыя акты, якія мусяць быць
адмененыя даўным-даўно? Добра, няхай у дачыненні да дзяржаў, якія не
ўваходзяць у Мытны саюз, гэты закон захоўваецца. Але міжнародныя дамовы ―
дамовы больш вышэйшага ўзроўню ― заўжды маюць прыярытэт над
нацыянальнымі.
Еўрарадыё: Чарговы пратэкцыянісцкі захад!
Сяргей Чалы:
І тым больш смешны, што ў Беларусі кантроль за вытворчасцю і якасцю
алкагольнай прадукцыі нашмат больш пільны, чым у Расіі. Прычым там гэта
прызнаюць. Вось цытата з таго ж паведамлення: “У Беларусі вырабляюць
выдатную гарэлку, там разліваюць добрыя малдоўскія і грузінскія віны,
пры гэтым узровень санітарна-гігіенічнага кантролю на парадак вышэйшы,
чым у нас”.
Відавочна, што гэта спроба абараніцца ад тавараў,
якія вырабляюць краіны-ўдзельніцы Мытнага саюза. Што супярэчыць самой
логіцы гэтага інтэграцыйнага ўтварэння.
Еўрарадыё: Але
расійскі закон пра вытворчасць і абарачэнне алкаголю існаваў і да
заключэння дамовы пра Мытны саюз. І амаль два месяцы паралельна з
дамовай. Пра яго што, забыліся?
Сяргей Чалы: Відаць, так.
Еўрарадыё: А цяпер узгадалі?
Сяргей
Чалы: Натуральна. І рэч у тым, што такіх вось дробных зачэпак за апошні
час знойдзена вельмі шмат. Але логіка Мытнага саюза заключаецца якраз у
адмене ўнутраных абмежаванняў. За выключэннем невялікага шэрагу
тавараў, якія трапляюць пад пратакол аб выключэннях з рэжыму Мытнага
саюза. Але алкагольнай прадукцыі сярод іх няма.
Сяргей Чалы:
Крыху раней Расія ўводзіла эмбарга на экспарт збожжа, і пад гэтую
справу спрабавала “падпісаць” астатніх удзельнікаў Мытнага саюза. А калі
не атрымалася, пачалі сцвярджаць, што дакументы па МС ніяк не
закранаюць пытанні экспарту. Маўляў, пытанне экспарту з
краінаў-удзельніц Мытнага саюза ― гэта асабістая справа саміх краінаў.
Еўрарадыё: Пра што гэта кажа нам?
Сяргей Чалы: Яны самі прызналі, што хочуць Мытны саюз, прызначаны толькі для рэгулявання імпарту.
Еўрарадыё:
Такое адчуванне, што Беларусь знаходзіцца ў Мытным саюзе ў вельмі
пасіўным становішчы. Расія заўжды дыктуе сваю волю, навязвае свае
трактоўкі законаў і выварочвае іх, як хоча!
Сяргей Чалы: Сапраўды, цяпер атрымліваецца так: дзе Расіі ахвота ― там яна лічыць, што Мытны саюз не дзейнічае.
Еўрарадыё: І, наадварот, дзейнічае там, дзе яго не чакалі?
Сяргей Чалы: Так
сказаць нельга. Але там, дзе Мытны саюз усё ж дзейнічае, ― яго імкнуцца
прыстасаваць менавіта пад патрэбы Расіі і спалучыць з іншымі
заканадаўчымі актамі такім чынам, каб гэта было выгадна расіянам.