Чаму ў сябраў журы "Еўрабачання" нельга пытацца, як яны прагаласавалі?

121214_lukashuk_eurafest.mp3

Журы адборачнага тура "Еўрабачання" сёлета галасавала як на выбарах — таемна. Кожны сябра запаўняе бюлетэнь і аддае яго падліковай камісіі. Што ў выніку тая налічыла, то і прынялі да веры: ніхто з журы не ведаў, за каго прагаласавалі астатнія.


А пасля таго як Еўрарадыё паспрабавала даведацца, каму аддаў першае месца кожны канкрэтны сябра журы, прагучала: “Адказваць на такое пытанне яны не маюць права!”. Чытаем “Палажэнне аб правядзенні Нацыянальнага адборачнага тура конкурса песні “Еўрабачанне-2013”.


“Сябры прафесійнага журы галасуюць шляхам выстаўлення ў бюлетэнях балаў кожнаму ўдзельніку фіналу Праекту. Пры гэтым, у залежнасці ад прыхільнасці, удзельнікам фіналу Праекту выстаўляюцца балы: 12, 10 і ад 8 да 1 па ўбыванні на адзінку. Падлік балаў па выніках галасавання прафесійнага журы ажыццяўляецца шляхам складання балаў, якія паставілі кожнаму ўдзельніку фіналу Праекту ўсе сябры прафесійнага журы”.


Ні слова не толькі пра таемнасць галасавання, але і пра тое, што казаць некаму, як ты прагаласаваў, забараняецца. І ці казаць нешта пра сваё галасаванне — справа самога сябра журы, лічыць Аляксандр Ціхановіч, сябра журы, які, праўда, у фінале не галасаваў.


Аляксандр Ціхановіч: “Забароны такой, у прынцыпе, не павінна быць — мы ж у дэмакратычным грамадстве жывём! Ну, сказаў, як галасаваў, — і сказаў. Не сказаў — і не сказаў. Я так думаю”.


Праўда, калі сябры журы дамовіліся нічога на гэты конт нікому не казаць, то справа іншая. Але частка прадстаўнікоў журы абсалютна спакойна распавядае Еўрарадыё, каму аддалі першае, каму — другое, каму — трэцяе месца ў асабістым бюлетэні. Намеснік старшыні журы Васіль Раінчык не толькі спакойна называе сваіх фаварытаў, але і пацвярджае: ніякіх дамоўленасцяў не было.


Васіль Раінчык: “Там не ставілася пытанне ні пра таемнасць, ні пра адкрытасць. Проста кожны паставіў свае балы. Ужо чыста этычна мне ў галаву не прыходзіла пытацца: “Ты што паставіў? А ты што?”.


Загадчык кафедры духавой музыкі Універсітэта культуры і мастацтваў Віктар Валатковіч — прыхільнік ідэі галасавання журы, “як на фігурным катанні”. А свой бюлетэнь запоўніў адмысловым чынам.


Віктар Валатковіч: “У мяне быў чарнавы варыянт анкеты — я там кропкі-птушкі паставіў, а потым акуратненька запоўніў так, каб падпісаць і змяніць нешта было немагчыма. Паставіў сваё прозвішча, свой подпіс і дзе мой дакумент ляжыць. І кожны можа паглядзець і сказаць: “Ах, гэта таварыш Валатковіч! Давайце яго паглядзім”. Я тут не хаваюся”.


Уладзімір Максімкоў таксама не падтрымлівае метад галасавання на музычным конкурсе, як падчас парламенцкіх выбараў.


Уладзімір Максімкоў: “Калі б я арганізоўваў галасаванне журы, то з паказам у прамым эфіры. Каб кожны сябра журы выказваўся персанальна, адкрыта, ставіў адзнакі і выказваўся адразу. Мне падаецца, што гэта і сумленна, і празрыста, і падвышае адказнасць кожнага сябра журы”.


Здзіўленне, навошта было рабіць галасаванне таемным, выказвае і шэф-рэдактар “Альфа-радыё” Андрэй Халадзінскі. Намеснік кіраўніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыяна Мальчык суцяшае: гэтым разам галасавалі так, як было прапісана ў Палажэнні, але ў наступным годзе да абмеркавання гэтага пытання можна будзе вярнуцца.


А як яшчэ праверыць, што журы насамрэч прагаласавала так, як нам сказалі, калі пра гэта ў іх не пытацца? Тым больш што леташняя сітуацыя прымушае сумнявацца і пераправяраць. Хоць самі сябры журы ніякіх сумневаў гэтым разам у перамозе Ланской не маюць.

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі