Чаму "Яндэкс" і Google не адкрываюць офісы ў Беларусі?
“Прыйсці сюды з мэтай дабрачыннай дзейнасці мы не можам”.
Еўрарадыё пацікавілася: няўжо Google і "Яндэкс" яшчэ не зарабілі на офісы ў Мінску?
"Пакуль не знайшлі спосабаў узгадніць нашае разуменне аб інтэрнэт-бізнэсе і патрабаваннях беларускага заканадаўства, і мы працягваем яго шукаць. І пры гэтым пакідаем магчымасць купляць рэкламу на "Яндэксе" праз нашы агенцтвы, якіх у нас тут некалькі дзясяткаў", — гаворыць Сяргей Пятрэнка, генеральны дырэктар "Яндэкс" ва Украіне.
Аказваецца, у "Яндэкса" ўжо ёсць невялікі офіс у Беларусі. Але гэта невялікі офіс распрацоўкі, камерцыйны офіс, які прадае рэкламу, пакуль адчыніць не атрымалася.
"У Беларусі ёсць штатныя супрацоўнікі "Яндэкса". У першую чаргу гэта супрацоўнікі, якія займаюцца развіццём пошуку, аналітыкі і рэгіянальны аглядальнік — нашыя вочы і рукі ў Беларусі. Па-другое, у нас ёсць ужо невялікі офіс распрацоўкі".
Сяргей Пятрэнка трохі схітраваў, калі сказаў, што беларускія распрацоўшчыкі не хочуць выязджаць з Беларусі, таму працуюць тут. Больш падобна на праўду, што сам "Яндэкс" іх не хоча вывозіць.
Беларускія агенцтвы з траўня плацяць "Яндэксу" за рэкламу беларускімі рублямі на рахунак у расійскім банку, адкрыты ў беларускай валюце. Адразу ж узнікае пытанне: а што "Яндэкс" потым робіць з гэтымі грашыма?
"Выкарыстоўваем для фінансавання распрацоўкі тут. Ёсць тут мерапрыемствы пры нашым удзеле, напрыклад, стартап-уікенд".
Нягледзячы на тое, што сэрвісы Google больш папулярныя ў Беларусі за "Яндэкс", кампанія таксама не плануе разгортваць тут сваю дзейнасць, гаворыць аналітык Google у Расіі Станіслаў Відзяеў.
“Кампанія Google афіцыйна адкрыла прадстаўніцтва ў Кіеве толькі летась улетку. Быў афіцыйны запуск офіса. Калі казаць аб адкрыцці офіса ў Мінску, то ўзнікае пытанне — якога офіса? Калі гэта распрацоўка, то ў нас ёсць свае інжынеры ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Іх пакуль хапае для лакальных задач. Калі адкрываць офіс продажаў, ён мусіць быць эканамічна мэтазгодным. У нас ёсць агенцтвы, якія працуюць і абслугоўваюць тут кліентаў. А да канкрэтнага прыходу з фанфарамі, салютам і шампанскім — сказаць складана. Ніякіх крокаў у гэтым накірунку няма, і планаў няма".
Вакол тэмы офісаў "Яндэкса" і Google разгарнулася дыскусія. Усіх журналістаў цікавіла, чаму кампаніі не ўкладаюць грошы ў развіццё бізнэсу тут? У пэўны момант Сяргей Пятрэнка, відаць, не вытрымаў і выказаўся: Беларусь — не тое месца, дзе могуць з'явіцца глабальныя інтарэсы "Яндэкса" і Google.
"Ёсць крызіс, беларускі рынак сціснуўся сёлета, і даволі сур'ёзна. Прабачце, але гэта бізнэс. Прыйсці сюды з мэтай дабрачыннай дзейнасці мы не можам. Мы, безумоўна, хочам укладаць сродкі і атрымоўваць з іх прыбытак".
Таксама, паводле слоў Пятрэнкі, перашкоды на шляху офіса "Яндэкса" ў Мінск ставіць беларускае заканадаўства, якое не вельмі спрыяе прыходу замежных кампаній.
"Наколькі мы вывучалі патрабаванні ўказа 60, нам трэба ўсю кампанію штатам 3,5 тысячы чалавек і капіталізацыяй у мільярды долараў зарэгістраваць тут, каб атрымаць магчымасць прадаць беларускім карыстальнікам рэкламы на 25 тысяч долараў".
Тым часам, yandex.by атрымалася дамовіцца з Белгеадэзіяй наконт падрабязнай карты Мінска. Неўзабаве будзе створаная карта, у якую дададуць абласныя цэнтры.
"У нас ёсць yandex.by, і мы гэты партал будзем развіваць, нават калі там увогуле не будзе прадавацца рэклама. Таму што ёсць нашыя карыстальнікі і мы павінны гэта рабіць. Мы ім даем магчымасць адключыць рэкламу і нічога не зарабляем на іх", — гаворыць генеральны дырэктар "Яндэкс-Украіна".
Дарэчы, карыстальнікаў "Яндэкса" ў Беларусі каля 2 мільёнаў. Цяпер кампанія шукае спосаб узгадніць беларускае заканадаўства і сваё жаданне рабіць бізнэс тут.
"У тым выпадку, калі знойдзем гэты спосаб, усе атрыманыя тут грошы будзем інвеставаць у развіццё мясцовых сэрвісаў. У працоўныя месцы для распрацоўшчыкаў — мінчан і жыхароў іншых гарадоў".