Чыноўнікі ў спешцы аб’яўляюць аўкцыёны на закупку новых аўто!

130313_savich_auto.mp3

Адзін з апошніх аўкцыёнаў — Toyota Camry для адміністрацыі Кітайска-беларускага тэхнапарку ў Смалявічах. Кошт — 370 мільёнаў рублёў! Парку менш за год, з інвестарамі поўная таямніца, а патрэбны службовыя аўто!

У кітайскім тэхнапарку на пытанне Еўрарадыё, ці ведаюць яны пра новы ўказ прэзідэнта аб набыцці аўтамабіляў, нервуюцца:

“Ведаем пра ўказ, але ж яшчэ месяц! Мы ўжо давалі каментары на гэты конт! Мы другі раз даем гэты аўкцыён”.

Нервавацца ёсць чаго: да ўваходжання ў сілу новага ўказа прэзідэнта застаўся месяц, а заяўлены аўтамабіль больш чым на 100 мільёнаў перавышае ліміт — 25 тысяч еўра. Трэба тэрмінова паспець!

Мусіў паспець і навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі. Тут жадалі аўто для кантролю за палявымі працамі — па беларускіх палях на джыпе за 480 мільёнаў рублёў! Але праз гадзіну знялі гэты лот.

Цікава, што пра новы ўказ чыноўнікі ведаюць як адзін.

“Указ пра 25 тысяч еўра? Учора выпадкова навіны прачыталі ў інтэрнеце, але сам указ яшчэ не бачылі. Але там так абцякальна напісана, што быццам бы і кіраўнікам прадпрыемстваў, мо і старшыням калгасаў”, — кажуць старыя знаёмыя Еўрарадыё ў Нясвіжы, дзе кіраўніку раёна збіраліся купляць аўтамабіль за 68 тысяч долараў.

Тут набываць аўтамабіль для старшыні райвыканкама больш не збіраюцца:

“Не ведаем нават, калі, але будзем разглядаць варыянты да 25 тысяч еўра”.

У Ельскім райвыканкаме, з якога і пачаўся скандал з моцна дарагімі аўтамабілямі за бюджэтныя сродкі, пра абмежаванні ведаюць ад тэлебачання:

“Што ж вы думаеце, мы тэлевізар не бачылі? Але пакуль нічога купляць не будзем. Вы думаеце, нам проста патрэбны гэты аўтамабіль і ўсе тут? Не”, — здзіўляюць у Ельску. Да скандалу тут казалі Еўрарадыё, што “аўтамабіль ў старшыні развальваецца”!

Указ абмежаваў густы чыноўнікаў да 25 тысяч еўра з мытнымі плацяжамі. Пад гэты кошт не падпадае большасць аўтамабіляў, якія дасюль куплялі чыноўнікі — 600 мільёнаў за VW Touareg  Ельску, Nissan за 450 мільёнаў Нясвіжу, Toyota і Shkoda, якія так любяць купляць за народныя грошы дзяржслужачыя. Прычым чыноўнік з Гомельскага аблвыканкама казаў Еўрарадыё, што  некалі існаваў спецыяльны ўказ прэзідэнта, які рэкамендаваў купляць аўто толькі крутых марак.

У “Toyta-цэнтр Мінск” заўважаюць, што за 25 тысяч еўра ў іх можна купіць новыя аўтамабілі, разам з мытнымі плацяжамі, падаткамі і выдаткамі на дастаўку.

“Гэта будуць аўтамабілі сярэдняга класу і бізнес-класу. Toyota Corolla, нават Camry — некаторыя камплектацыі можам прапанаваць”.

З Volkswagen шчыра магу прапанаваць Passat, Touran і Tiguan. У ліміт як раз можна ўпісацца. Пэўна, чыноўнікам давядзецца забыцца пра люксавыя аўто і ездзіць, як усе. Хаця яшчэ месяц ёсць. Паспяшайцеся!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі