Даўжэй лічыць галасы толькі Лідзія Ярмошына
Еўрарадыё знайшло супрацоўніцу выбарчай камісіі, якая падлічвае галасы ўсяго на тры гады менш за старшыню Цэнтравыбаркама — з 1995 года!
І сёння Святлана Стаіна таксама з’яўляецца сябрам выбарчай камісіі Гомельска-Юбілейнай акругі №31. Калі раней яе ў камісіі накіроўвалі, то зараз сваю кандыдатуру былы памочнік дырэктара па ідэалогічнай працы прадпрыемства “Электраапаратура” прапаноўвае сама. Тлумачыць актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Святлана Стаіна: “Актыўная жыццёвая пазіцыя! Спачатку была ў ініцыятыўнай групе ад прадпрыемства, як гэта звычайна ў нас бывае. Потым абралі сябрам камісіі, а сябры камісіі прапанавалі мяне старшынёй”.
За ўсю гісторыю выбараў Святлана Стаіна прапусціла толькі рэферэндумы. З якой прычыны, не тлумачыць. Але сцвярджае: той факт, што сябрам камісіі плацяць грошы за іх працу, для яе вялікага значэння не меў. І дадае: вопытныя людзі ў камісіі мусяць быць.
Святлана Стаіна: “Кожны раз змяняецца склад на 40-50%. Трэба, каб нехта дапамагаў новым сябрам і ведаў, як хадзіць па дамах і весці ўдакладненне спісаў, што лепш па два чалавекі хадзіць. І кожны раз адсоткаў 40-50 навічкоў бывае. Таму — нехта павінен і падказваць!”
Згодна са словамі былой старшыні камісіі, за сваю працу на выбарах ёй не сорамна, смела глядзіць у вочы гамяльчанам, заўсёды прытрымлівалася літары закону, з назіральнікамі, асабліва міжнароднымі, праблем не мела. А калі і былі нейкія непаразуменні з мясцовымі актывістамі ці кандыдатамі, то ўзнікалі яны выключна з-за іх жадання стварыць напружанасць на ўчастку. Але і яны вырашаліся мірам. У той жа час Святлана Стаіна выступае катэгарычна супраць такога падліку галасоў, калі паказваюць назіральнікам кожны бюлетэнь. А фальсіфікацый, сцвярджае, ніколі ў іх не было. Бо яны проста немагчымыя!
Святлана Стаіна: “Фальсіфікацыю не зробіш так, як гэта некаму хочацца. Падлік ідзе так, як людзі галасуюць. І як можна гэтыя бюлетэні масава замяніць?! Я не разумею. Я пачынаю нават раздражняцца, бо за столькі гадоў не магу гэта зразумець. Гэта проста нечыя прыдумкі”.
Начальнік бюро кадраў ЖРЭА Кастрычніцкага раёна Мінска Марына Куцько ў сябрах выбарчай камісіі пятыя выбары. Два разы вылучалася шляхам збору подпісаў грамадзян, адзін раз — ад Беларускага саюза жанчын, цяпер — ад Рэспубліканскай партыі. Кажа — прапаноўваюць, і яна не адмаўляецца. І робіць гэта таму, што клапоціцца пра будучае пакаленне.
Марына Куцько: “Гэта наша жыццё, лёс, у мяне дзіцё падрастае, і хацелася б дапамогу аказаць будучаму пакаленню ў правільным выбары”.
Дасведчаныя людзі, асабліва старшыня, у камісіі павінны быць. Толькі, дзеліцца, ёсць праблема: моладзь не хоча ісці працаваць у камісіі! Галасы на ўсіх выбарах, сцвярджае пяціразовы сябра камісіі, лічыліся сумленна. Таму і за сваю падпрацоўку ў камісіі ёй не сорамна. Яна — за празрыстасць падліку галасоў. Нават за тое, каб кожны бюлетэнь паказвалі назіральнікам. Хоць і прызнае, што гэта моцна зацягне працэдуру.
Сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік з тым, што “старажылаў” у сённяшніх камісіях не павінна быць, не згодны. На яго думку, нават калі колькасць паўтораў складае 10 ці 15%, то гэта не “зашмат”, а — мала!
Мікалай Лазавік: “Нармальным лічыцца ў паўсядзённай практыцы, незалежна ад таго, ці гэта выбары, ці гэта фармаванне нейкага калектыву, каб хаця б адсоткаў 30 было людзей, якія ўжо ведаюць тую справу, якую ім трэба будзе выконваць”.
І караць такіх людзей уключэннем у спіс невыязных лічыць глупствам. Дарэчы, на сёлетніх выбарах не працуе ніводзін з 12 старшынь камісій, унесеных у “чорны спіс” ЕС.
Фота: http://photo.bymedia.net/