Дзяржава вырошчвае ў 4 разы менш бульбы, чым сяляне

Еўрарадыё: Колькі беларусаў кормяць сябе самі з уласнай гаспадаркі? Раней у нас у краіне была такая традыцыя – усе ездзілі працаваць на дачы, вырошчвалі там бульбу, гародніну… Усё лета працавалі на гародзе, а пасля цэлую зіму елі тое, што самі вырасцілі. Цяпер ёсць такое? Ці жывуць людзі па-ранейшаму са свайго гароду?

Анатоль Гуляеў: Заўсёды лічылася, што Беларусь жыла з бульбы, што мы бульбяная краіна. Але, на самой справе, гэта не зусім так – большая частка бульбы ў Беларусі вырошчваецца ва ўласных гаспадарках.

У савецкі час гэта было крыху больш за палову, у некаторыя гады даходзіла да 60%. Але цяпер сітуацыя змяняецца. Зараз вытворчасць бульбы ва ўласных гаспадарках даходзіць да 80%, а ў некаторых выпадках нават і больш.

Чаму большую частку бульбы ў Беларусі вырошчваюць не ў калгасах, а ва ўласных гаспадарках?

Вытворчасць бульбы ў Беларусі ўвесь час змяншаецца. Калі ў 2000 годзе валавы збор складаў каля 10 мільёнаў тон, то ў мінулым годзе – крыху болей за 7 мільёнаў. Ураджайнасць бульбы па мінулым годзе складае каля 170 цэнтнераў з гектара – гэта вельмі мала.

У Еўропе меней за 400 цэнтнераў з гектару не збіраюць, у ЗША збіраюць 1000-1200 цэнтнераў з гектару. У нас 170! Таму і атрымліваецца, што большую частку бульбы вырошчваюць ва ўласных гаспадарках.

А што тычыцца мяса і малака? Ці могуць беларусы самі сябе пракарміць гэтымі прадуктамі?

Нельга сказаць, што беларусы самі сябе кормяць мясам і малаком. Няма ніякага сэнсу трымаць парсючка на ўласнай дачы, калі можна пайсці ў краму і купіць 200 грамаў каўбасы, малака ці сыроў…

За мінулыя гады ў сельскую гаспадарку Беларусі ўкінулі шмат грошай, да двух мільярдаў долараў у год. І гэта зрабіла сваю справу – калгасы абсталяваныя сучаснай тэхнікай еўрапейскай і амерыканскай вытворчасці. Усё гэта не магло не адбіцца на вытворчасці гэтай прадукцыі. Але сказаць, што сельская гаспадарка Беларусі эфектыўная, немагчыма.

Сёння 50% ад таго, што зарабляе беларускі калгас – розныя датацыі. Калі, скажам, калгас зарабіў мільён, то з іх 500 тысяч будзе за кошт датацый. У той жа час, калі беларускі фермер зарабіў мільён, то гэта ўсё што ён зарабіў самастойна, датацый ён амаль не атрымлівае.

Сёння беларуская сельская гаспадарка стратная

У мяне ёсць сябра, фермер у Літве. У яго сёння амаль 5 тысяч гектараў зямлі, на якіх працуе 39 чалавек. 5 тысяч гектараў – гэта сярэдні беларускі калгас, у Беларусі на такім кавалку зямлі працуе 200-300, а то і болей людзей, якім трэба плаціць заробак і г.д.

Беларуская сельская гаспадарка неэфектыўная ў першую чаргу таму, што няма эканамічнай зацікаўленасці, няма прыватнай уласнасці. І тое, што цяпер завецца сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі – гэта тыя ж самыя калгасы. Пакуль не будзе пераходу да ўласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці – нічога не будзе.

У Германіі ёсць зямля, якая завецца Брандэнбург. Па ўсіх паказчыках: клімаце, якасці зямлі і г.д. – гэта тая ж самая Беларусь. Некалі там былі такія ж калгасы, але цяпер усе паказчыкі эфектыўнасці ў 3-4 разы большыя, чым у Беларусі.

Такім чынам, мясам і малаком самі сябе беларусы не кормяць – гэта харчаванне ідзе з калгасаў. Бульба – наадварот, больш за 80% – з уласных участкаў. А што з агароднінай?

У савецкія часы агародніны з уласных гаспадарак было каля 80%. Сёння гэта лічба прыкладна такая ж самая. Але ёсць таксама лічбы, якія вырабляюць фермеры. Ад усяго таго, што вырабляецца сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, фермеры, якіх у Беларусі ўсяго дзве тысячы, і ў якіх толькі 1,5% зямлі, вырабляюць 20% агародніны.

Кажуць, што нас корміць дзяржава. Пры гэтым палова грошай калгасаў – гэта датацыі. Значыць, калгасам даюць грошы, а вырошчваюць амаль усё ў сябе на агародах сяляне ды фермеры. Гэта нармальна?

Дзяржава асноўныя грошы ўкладае ў іншыя галіны – гэта вытворчасць мяса, малака і збожжа. І гэтымі прадуктамі нас забяспечвае.

Праблема ў тым, што прадукцыя беларускай сельскай гаспадаркі стратная. Кошты на прадукты – высокія. І таму атрымліваецца, што аднекуль з Алтаю прывозяць муку, і яна стаіць у нашых крамах і каштуе танней, чым беларуская лідская мука.

Некалі мне расказваў адзін з намеснікаў міністра, як яны ездзілі дамаўляцца ў Маскву, каб прадаваць там сваю прадукцыю. Маскоўскае кіраўніцтва сказала: “Няма праблем, давайце, прывозьце. У нас ёсць фірмы, якія гэтым займаюцца, давайце мы вас з імі пазнаёмім”. Пазнаёмілі, прыехалі, а яны пытаюцца: “Па якім кошце вы збіраецеся прадаваць?” Назвалі мы нашы кошты, і гэтыя фірмы сказалі: “Не-не-не, па такіх коштах мы ў Маскве прадаваць не будзем, ніхто ў нас не купіць”.

Самі сябе, без дзяржавы, мы пракармілі б? Ці хапіла б ежы?

У 1992-м годзе Літва парушыла ўсе калгасы адным махам. Быў загад усіх распусціць, усе тады крычалі “катастрофа!” І была катастрофа. Усім раздалі зямлю… Для таго, каб выжыць, усе выкінулі на рынак мяса і малако, і ўсё стала такім танным, што ў людзей не было часам грошай, каб пахаваць нябожчыка.

Але потым пачалі пакрыху развівацца і ўжо ў 1994-м годзе сітуацыя была іншая. Сёння яны самі сябе забяспечваюць і праблем няма.

Колькі ў Беларусі фермераў? Ці патрэбныя яны нам увогуле?

У сакавіку адзначалася 20-цігоддзе фермерскага руху ў Беларусі. У 1990-м годзе былі 84 фермерскія гаспадаркі. Самая вялікая колькасць была ў 1995-м – больш за тры тысячы.
Быў час, калі ў Беларусі зямлю давалі ўсім, каму толькі можна. Тады ў фермерства прыйшло шмат людзей, яны думалі, што пачнуць працаваць на зямлі і хуценька разбагацеюць… Але ж высветлілася, што ўсё не так проста.

Цяпер засталося каля двух тысяч сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Сярод іх ёсць вельмі паспяховыя. Пад Мінскам ёсць нядрэнныя фермеры, у якіх па 200-400, 700 гектараў зямлі. Але калі па першым часе фермерам была вялікая дзяржаўная падтрымка – льготныя крэдыты, ім дапамагалі купляць тэхніку, то потым усё гэта скончылася.

Які працэнт фермерства ва ўсім аграпрамысловым комплексе краіны? Колькі зямлі ў фермераў?

Калі першым часам сярэдні кавалак зямлі ў фермера быў каля 8-мі гектараў, то цяпер недзе 65-70 гектараў. А тыя, хто ўмее і працуе, то ў іх нават болей. Часам значна болей. Фермеры маюць недзе 1,5% зямлі ад усёй зямлі, прыдатнай да сельскагаспадарчай працы.

Якая прадуктыўнасць нашых фермераў у параўнанні з калгасамі?

Што тычыцца такіх прадуктаў, як малако і мяса – фермеры зараз гэтым амаль не займаюцца. Быў час, калі яны бралі калгасныя фермы і працавалі, але падтрымкі ад дзяржавы не атрымалі і зараз перайшлі ў асноўным на бульбу і агародніну.

Дык вось, на 1,5% зямлі яны вырабляюць 27% агародніны і каля 15% бульбы. Пры тым, што яны не атрымліваюць падтрымкі, працуюць самі, вымушаныя на ўсім эканоміць. Гэта вельмі шмат і кажа пра тое, што фермерская гаспадарка, заснаваная на прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, можа працаваць нават у такіх умовах.

Калі так эфектыўна працуе фермерская гаспадарка, то чаму дзяржава перастала яе падтрымліваць. І калі раней было хоць нейкае крэдытаванне, то цяпер гэтага няма?

Чаму ўвогуле ў Беларусі не ў пашане прыватная ўласнасць? На сваім кавалку зямлі ўласнік сам сабе прэзідэнт і гаспадар. Ён сам вырашае за каго яму галасаваць, можа вылучыць свайго кандыдата, лабіраваць свае законы. У нас усяго гэтага вельмі баяцца. Тут усё проста – там дзе ёсць прыватная ўласнасць, там няма неабмежаванай улады.

Па ўсім свеце вядома, што ўласнік працуе лепей, чым калгаснік. Яшчэ 150 гадоў таму ў Амерыцы, у штаце Індыяна, Роберт Оўэн стварыў кааператыў “Новая гармонія”. Там былі нарады, уся ўласнасць была калектыўнай. Пратрымалася “Новая гармонія” гады тры – нічога не атрымлівалася, не было парадку, усе кралі… Урэшце, гэта ўсё лопнула і забылася. Праз больш чым 100 гадоў мы вырашылі абраць менавіта гэту неэфектыўную мадэль. Мы вяртаемся да той самай савецкай мадэлі, хаця зразумела, што яна нічога добрага нам не прынясе.

Наколькі рэальна сёння распачаць такую працу – фермерства?

Кожны год 10-15 фермераў пачынаюць гэтую працу. І ў некаторых з іх гэта атрымліваецца. Але поспех шмат ад чаго залежыць: калі я кантактны чалавек, умею наладжваць адносіны, ці можа я сваяк старшыні райвыканкама, мне дапамаглі ўзяць крэдыт, я купіў трактар ці што яшчэ… А калі я яшчэ запрашаю таго старшыню рыбу палавіць, шашлык зрабіць. Чаму не? Ёсць людзі, у якіх атрымліваецца.

Але тут павінна быць нейкая аб'ектыўная штука. Калі на вуліцы ідзе дождж – ты падняў парасон і не змок. Калі ў цябе нешта не атрымліваецца, павінна быць магчымасць узяць крэдыт, атрымаць дзяржаўную падтрымку – аб'ектыўныя рэчы, якія дапамагаюць чалавеку стаць на ногі. Цяпер большая частка гэтага не працуе, фермерам практычна не дапамагаюць. І таму выжываюць не тыя, хто мог бы, а толькі адзінкі – тыя, у якіх ёсць нейкія максімальна выгадныя ўмовы.

Шмат фермераў скардзяцца, што старшыні райвыканкамаў іх выклікаюць на нейкія нарады ў раён і ставяць перад імі задачы… Гэта толькі здаецца, што на зямлі ты сам сабе гаспадар: кароўка будзе і ты сам сябе пракорміш. Не так усё проста. У Беларусі дзве тысячы фермераў, але нармальна працуе можа каля 1,5 тысячы.

Ці ёсць будучыня ў беларускага фермерства? І якая?

Я думаю, што ёсць – нікуды мы ад прыватнай уласнасці не дзенемся, увесь свет на тым стаіць. І паціху яно будзе развівацца.

Быў пад'ём, пасля таго быў спад, а цяпер стабілізацыя – тыя, хто ўжо вытрымаў у гэтых умовах, жывуць нядрэнна. Ім цяжка, даводзіцца шмат працаваць, але жывуць яны нядрэнна. Улады прыходзяць да таго, што паціху ўсё ж такі аддаюць уласнасць. Ствараюць тое, што называецца карпаратыўнай дзяржавай: аддаюць сваім, чыноўнікам, дзядзькам-бацькам, дзецям і г.д…

Што будзе далей з зямлёй?

Ёсць некалькі варыянтаў развіцця пытання зямлі. Першы – еўрапейскі. Па ім пайшла Літва. Яны адмянілі калектыўную уласнасць адным разам: раздалі зямлю, далі ўсім роўныя магчымасці – калі ласка, працуйце.

Ёсць расійскі варыянт, дзе ўсе паі сыходзяцца ў адны рукі. Атрымліваецца – адзін памешчык, усе астатнія – парабкі. Ужо цяпер людзі з вялікімі грашыма з Расіі надта цікавяцца, калі ў Беларусі пачнуць распрадаваць зямлю. Звяртаюцца – а ці мог бы ты мне прыгледзець 10-15 тысяч гектараў?

Ёсць яшчэ адна схема – раздзел на дзяржаўным узроўні. У кожным рэгіёне, у кожным кааператыве, сельсавеце нейкім чынам абмяркоўваюцца і прызначаюцца людзі, якія возьмуць у арэнду пэўную колькасць зямлі. Скажам, нехта бярэ калгас з захаваннем гарантый для ўсіх астатніх. Раздзел зямлі, які рэгулюецца на дзяржаўным узроўні. Па якім шляху пойдзе Беларусь, цяжка сказаць, але ўсё роўна нешта мяняць давядзецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі