Эксперт: Мясніковіч працягне прымаць ліберальныя захады

111111 Sverdlov Ekonom.mp3

“Я б не сказаў, што Мясніковіч і Румас — гэта такія ўжо рыначнікі-лібералы. Яны гэта робяць проста таму, што грошай няма, і трэба адказваць за тыя наступствы, якія мы сёння бачым. Вось адсюль і гэты канфлікт”, — каментуе апошнія антыкрызісныя захады, якія прымае ўрад, эканаміст Яраслаў Раманчук.

Ва ўладзе змагаюцца дзве эканамічныя групоўкі. Умоўна іх можна назваць “застабіламі” і “рыначнікамі”. Першыя імкнуцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі выратаваць сацыяльна-арыентаваную эканоміку, якая складае аснову палітычнага капітала Аляксандра Лукашэнкі.

“Гэта палітыка наступання на тыя ж граблі, — упэўнены незалежны аналітык Сяргей Чалы. — Проста для іх вельмі складана прызнацца, што той узровень прыбыткаў, які зараз ёсць, гэта вынік усёй папярэдняй палітыкі”.

Другія настойваюць на тым, што ўлады мусяць адмовіцца ад бясконцага дадрукоўвання грошай, а краіну трэба, хаця б часткова, пераводзіць на рынкавыя рэйкі. А адказваць за крызіс не хоча ніхто.

8 лістапада на пасяджэнні Саўміна Міхаіл Мясніковіч жорстка крытыкуе Адміністрацыю прэзідэнта. Але ўжо на наступны Аляксандр Лукашэнка вяртае грамадскую думку на зыходныя пазіцыі. Ён папракае ўрад Мясніковіча ў несамастойнасці: “Нейкая непатрэбная валакіта, узгадненні, боязь прыняць рашэнне…”. І працягвае: “Я думаю, мы зараз у Адміністрацыі прэзідэнта прааналізуем усю вашую працу: публічную, не публічную — і дадзім вам ацэнку”.

Цікава, ці зробіцца ўрад пасля такіх заяваў больш рашучым... І хто будзе “даваць ацэнку” яго дзеянням? Няўжо той самы Сяргей Ткачоў, памошнік прэзідэнта, якому прэм’ер-міністр 8 лістапада, быццам бы з нуля, неспадзявана вырашае растлумачыць немагчымасць далейшага эмісійнага фінансавання дзяржпраграмаў?

“Сяргей Ткачоў — гэта, безумоўна, уплывовая фігура, бо менавіта праз яго вочы і яго розум Лукашэнка ўспрымае тыя эканамічныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне і ў свеце, — працягвае Яраслаў Раманчук, чый “Цэнтр Мізэса” таксама шмат крытыкаваў эканамічныя погляды памошніка прэзідэнта. — Ён аналізуе тое, што робіць урад і Нацбанк. Былі выпадкі, калі ўжо прынятыя пастановы адмяняліся пасля яго рэзалюцыяў. Праз яго таксама ідуць эканамічныя кантакты з інвестарамі. Не шэры кардынал, але чалавек, больш уплывовы, чым увесь урад”.

Здаецца, Сяргей Ткачоў можа святкаваць перамогу: прэзідэнт выступіў на яго баку. Але далей пачынаецца самае цікавае. Аляксандр Лукашэнка не прызначае прэм’ер-міністрам, скажам, таго ж Ткачова, а, наадварот, пакідае сённяшніх міністраў на пасадах да траўня 2012 года.

“Так, застаецца план чацвертай пяцігодкі, — мяркуе Яраслаў Раманчук. — Але я думаю, што ўрад будзе рабіць ліберальныя захады. Таму што без гэтага сістэма папросту разваліцца, і колькасць людзей, упэўненых, што менавіта Лукашэнка вінаваты ў крызісе, павялічыцца. Што ставіць пад пагрозу ўсю сістэму вертыкалі ўлады”.

Так што перамога Сяргея Ткачова над Міхаілам Мясніковічам адбылася, хутчэй, “для карцінкі”. Аўдыторыя дзяржаўных тэлеканалаў праглынула мэсадж: вінаваты ў пагаршэнні ўмоваў жыцця не прэзідэнт і яго атачэнне, а ўрад.

“Вы-та чалавек дасведчаны, — звяртаецца да Міхаіла Мясніковіча Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо вам казаў: ладна, ёсць там у вас ва ўрадзе пара маладых, жвавых хлопцаў. Але вы-та дасведчаны чалавек. Добра разумееце, што, асабліва ў нашай сітуацыі, нам і раней часта даводзілася, і надалей давядзецца ўручную рэгуляваць пэўныя працэсы”.

Спаборніцтва паміж дзвюма групоўкамі з супрацьлеглымі поглядамі на беларускую эканоміку працягваецца. Сяргей Ткачоў і Адміністрацыя прэзідэнта — за стабільнасць, захаванне сацыяльна-эканамічных праграмаў і “ручное” рэгуляванне “пэўных працэсаў”.

“Супрацьлеглы бок прапануе паспрабаваць больш не правакаваць крызісы, а жыць так, як эканоміка можа гэта дазволіць. А калі некаму не падабаецца, які ўзровень прыбыткаў яна можа ствараць, — трэба пачынаць яе структурную перабудову, а не займацца грашовай эмісіяй”, — падсумоўвае Сяргей Чалы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі