Ермакова: Крэдыта МВФ, магчыма, і не будзе (онлайн)

На пачатку прэс-канферэнцыі, Надзея Ермакова адзначыла, што хацела б, "каб беларускі рубель крыху ўмацаваўся". Арыентыровачна гэта 7-8 тысяч на канец года, кажа яна. Паводле яе слоў, пытанне аб дэнамінацыі не стаіць. "Барацьба з інфляцыяй залежыць ад кожнага грамадзяніна. Як мы будзем добрасумленна працаваць", — кажа Ермакова.

Ермакова: Санкцыі да камерцыйных банкаў з нагоды неадпаведнасці іх статутных капіталаў адпаведным нарматывам Нацбанк пэўны час прымаць не будзе.

"І так адбылося пэўнае абесцэньванне статутных капіталаў банкаў пасля першай дэвальвацыі. Але камерцыйныя банкі вырашаюць пытанні. Большыя праблемы з дзяржаўнымі банкамі, бо гэта банкі буйныя. Хутчэй за ўсё, у бюджэце грошай на павелічэнне статутнага капітала банкаў не знойдзецца, але банкі могуць накіраваць на гэта свой прыбытак".

"Кошт камунальных плацяжоў да канца года будзе падвышаны".

Уводзіць абмежаванні па курсе, які камерцыйныя банкі могуць ставіць у сваіх абменных пунктах, Нацбанк пакуль не плануе. "Не будзем уводзіць, калі банкі не пачнуць шаліць", — сказала Надзея Ермакова.

Нацбанк замовіў купюру ў 200 тысяч рублёў. Ермакова: "Спадзяемся, што з пачатку 2012 года гэтая купюра паступіць у абарачэнне".

Ермакова: "Купюра ў 10 рублёў сябе вычарпала. Мы ўнеслі прапанову ва ўрад, каб кошты акругляліся да 50 рублёў. Тым больш, што існаванне 10- і 20-рублёвых купюраў — гэта дадатковыя выдаткі на іх перавозку, напрыклад".

"Стаўка рэфінансавання ў 35% і інструмент Нацбанка ў 50% для падтрымкі ліквіднасці прывялі да таго, што на міжбанку кошт крэдытаў дасягнуў 60%. Таму павялічваць стаўку рэфінансавання ці не — гэта цяжкае пытанне.

Да таго ж, крэдыты для насельніцтва... Пераацэнка старых крэдытаў — гэта цяжкая нагрузка для банкаў. Таму згодна з класічным механізмам стаўку рэфінансавання падвышаць сапраўды трэба. Але для нас гэта неадназначнае і цяжкае пытанне".

Ермакова прагназуе, што памер золатавалютных рэзерваў да канца года не павысіцца.

"Ільготнае крэдытаванне на будаўніцтва жылля ў наступным годзе застанецца. Але ў тых межах, якія мы зможам падтрымліваць. Відаць, жыллёвыя праграмы ўсё ж часова давядзецца прытармазіць. Часова".

"Дакладна дэвальвацыя адбылася на 189%".

У адказ на пытанне Еўрарадыё, што ж за выява будзе на 200-тысячнай купюры, Надзея Ермакова адказала: "Таксама, як і на ўсіх нашых астатніх купюрах, там будуць творы нашага дойлідства". Удакладняць яна не стала.

386 мільёнаў долараў на сённяшні дзень, з моманту адкрыцця дадатковай сесіі, насельніцтва "на чыстай аснове" прадало банкам.

"Да канца года нам для падтрымання курса долара не давядзецца ўлазіць у золатавалютны запас".

Адказваючы на пытанне, як валютны крызіс адбіўся на яе жыцці, старшыня Нацбанка Надзея Ермакова сказала: "Маё жыццё, відаць, крыху адрозніваецца ад жыцця сярэдняга жыхара краіны. Яна амаль цалкам праходзіць на працы, і часу хадзіць у крамы не застаецца. Вось падвышэнне коштаў на адзенне я адчула, бо адзенне хочаш - не хочаш, а даводзіцца купляць".

"У наступным годзе да ўзроўня 2011 года мы мусім вытрымаць інфляцыю ў 20%".

"Магчымыя дні, калі курс на біржы будзе рэзку ўмацоўвацца, але магчымыя і такія, калі курс будзе рэзка падаць. Курс рубля мог бы ўмацавацца нашмат хутчэй. Але мы бачым, што гэтага не трэба рабіць". Ваганні курса рубля на біржы плануецца ўтрымліваць у межах 10%, дадала Ермакова.

"Крэдыта МВФ, магчыма, і не будзе. І гэта пытанне нашых адносінаў з МВФ. Не з той місіяй, якая нядаўна працавала ў Беларусі. А з дырэктарамі ад тых краінаў, якія ў Беларусі бачаць найперш палітыку, а не эканоміку".

У Ермаковай запыталіся, ці прысутнічае на біржы спекулятыўны капітал і спробы маніпуляваць курсам? Ермакова: "У нас не такая вялікая краіна, каб не ўбачыць спекулятыўны капітал. Ён адразу ж будзе заўважаны. Хаця ў прынцыпе спекуляцыі на біржы з плаваючым упраўленнем курса магчымыя. Біржавыя спекуляцыі нельга забараніць ні заканадаўствам, ні нейкімі рашэннямі Нацбанка. Нельга, ды і не варта гэта рабіць".

"Нам бачна, на якія мэты і якія сумы ў валюце набывае кожнае прадпрыемства. І такога, каб прадпрыемства сёння набыло [долары], а заўтра прадало, не было". То бок, кажа, на дадатковай сесіі біржы "не гулялі".

Ермакова: "Праблемныя актывы беларускіх банкаў складаюць каля 4%. Думаем, што да канца года яны павялічацца. Праблема — пераацэнка валютных крэдытаў. Але думаем, што праблемныя актывы не перавысяць 6%". Гэта яе каментар наконт крэдытаў, якія не вяртаюць банкам беларусы.

У кіраўніцы Нацбанку запыталіся, ці ёсць з боку МВФ патрабаванне выпусціць палітвязняў? Ермакова: "Такога, каб нейкая краіна з тых, якія ўпэўненыя, што эканоміку Беларусі трэба разглядаць праз прызму палітыкі, адмовілася ад такіх поглядаў, не было. Гэта далёка не ўсе дырэктары МВФ так лічаць, а толькі некаторыя. Гэта не хаваецца, што ёсць такое патрабаванне, што трэба выпусціць палітвязняў. А яны не хочуць выходзіць", — сказала Ермакова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі