"За 10 гадоў у Беларусь афіцыйна пусцілі толькі 1 дэлегацыю Еўрапарламента"

23 студзеня Савет міністраў ЕС пашырыў крытэрыі “чорнага спіса” беларускіх чыноўнікаў. На дадзены момант 210 афіцыйных асобаў з Беларусі лічацца неўязнымі ў краіны Еўрасаюза. Сярод іх – кіраўнік краіны і яго сыны, прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, суддзі, пракуроры і сілавікі, якія, паводле меркавання ЕС, адказваюць за фальсіфікацыі і рэпрэсіі ў Беларусі. У сваю чаргу, па словах старшыні памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага, у Беларусь забаронены ўезд 400 тысячам замежнікаў, палову, з якіх у спіс унесла Расія. Але ці ёсць у гэтых спісах еўрадэпутаты – невядома. Але толькі за апошні год беларускую візу не змаглі атрымаць прэзідэнт Федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн, мэр Вільні Артурас Зуокас, дэпутат шведскага парламента Крысціан Хольм.

Чыноўнік Еўрапейскага парламента Міхал Чапліцкі кажа, што за апошнія 10 гадоў беларускія ўлады дазволілі толькі адзін афіцыйны візіт у Беларусь. Ведаючы, што, хутчэй за ўсё атрымаць беларускую візу не выйдзе, еўрапейскія дэпутаты нават не спрабуюць гэтага рабіць. Тым не менш у пачатку сакавіка Еўрапейскі парламент чарговы раз паспрабуе наведаць Беларусь.

Міхал Чапліцкі: “І будзем глядзець, што з гэтага атрымаецца. Пакуль не ведаем. Плануемы візіт у сакавіку звязаны з Парламенцкай асамблеяй “Еўранэст”. Як вы ведаеце, Еўранэст не прыняў беларускі ўрад, бо Еўрапейскі парламент не лічыць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. Але, безумоўна, мы хацелі б змяніць сітуацыю ў Беларусі да лепшага”.

Спецдакладчык па Беларусі Андрэс Херкель афіцыйна па візу не звяртаўся. Але звяртаўся да прадстаўніка Беларусі ў Страсбургу, выказаўшы жаданне сустрэцца з беларускімі палітвязнямі. Рэакцыі няма дагэтуль.

Андрэс Херкель: “Гэта, натуральна, перашкаджае працы. Я зрабіў маніторынгавы даклад па Азербайджане. Я заўсёды меў доступ нават да тых людзей, якія ў турме”.

Андрэс Херкель не можа зразумець, чаму беларускія амбасады адмаўляюць у візах еўрапейскім чыноўнікам. Але пагаджаецца, што трэба працягваць працу нават у такіх умовах.

Андрэс Херкель: “Калі ёсць візавыя санкцыі ў адносінах да беларускіх грамадзянаў, якія звязаныя з фальсіфікацыямі выбараў ці рэпрэсіямі – гэта адна справа. Ні я, ні адзін іншы член Еўрапейскага парламента такім не займаўся. Таму няма прычыны адмаўляць у візах”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі