Фэст "Шаманы Шаблі": Наперад, да каранёў! (фота, гук)

130716 Sviardlou_6amany.mp3

“І чаго яны сюды панаехалі? Што ім тут трэба?” — перашэптваюцца тутэйшыя на чыгуначнай станцыі Валожын. З дызеля на платформу спускаецца з тузін патлатых маладзёнаў з турыстычнымі пляцакамі.

“Вы што, не ведаеце? Гэта яны прыехалі ў Запруддзе, там праходзіць фэст “Вольнае паветра”, — неспадзявана адказвае адна з бабулек. Астатнія з разуменнем ківаюць, насцярожанасць у іх вачах змяняецца цікаўнасцю. “Вось яна, слава!” — думаю я. Тым часам хлопцы павольна накідваюць паклажу на плечы і крочаць у напрамку хутара Шаблі.

Сіноптыкі давалі на 14 ліпеня дрэнны прагноз. Але аматарам этнічнай музыкі пашанцавала: увесь запас вадкасці неба выліла на Шаблі ўночы перад фэстам. А ўдзень 14-га надвор'е было цудоўнае. Нішто не перашкаджала гледачам атрымліваць асалоду ад складакай і глыбокай музыкі. Ледзь не самай складанай і глыбокай, якую толькі можна падслухаць у прыроды.

 

Аляксандр Улаеў, гурт Samosad Bend (Санкт-Пецярбург)

20120714 samosad bend.mp3

Samosad Bend (Санкт-Пецярбург)

 

Вольнае паветра на хутары заўжды. Але фэст, які праходзіць 14 чэрвеня, мае назву “Шаманы Шаблі”. На яго з’ехаліся гурты, якія спалучаюць этніку з сучасным гучаннем.

“У тым, што граем мы ці хлопцы з Ole Lukkoye, нават электронныя інструменты — тыя ж сінтэзатары і драм-машыны — набліжаюцца да этнічнага гучання. Я граю на полівоксе — гэта такі кіслотны сінтэзатар з рознымі фільтрамі і ручкамі, я імкнуся наблізіць да гучання народнага інструмента, дуды ці флейты. Ён аналагавы, і праз гэта можна пракласці паралель”, — распавядае Еўрарадыё Аляксандр Улаеў, лідар Samosad Bend. У якасці “радзімы” гэтага гурта называюць ці то Санкт-Пецярбург, ці то Петразаводск. Саша дадае, што этна-эмбіент часам аказвае на людзей вельмі неспадзяванае ўздзеянне:

Аляксандр Улаеў: “Я быў на этна-фэсце “Белы шум” у горадзе Чупа, у Карэліі. Выбачаюся перад усімі чупінцамі, але гэта вельмі жорсткі такі гопніцкі горад. На першы фэст мясцовыя прыйшлі і сказалі: “Што гэта такое? Дзе гарэлка, дзе дыскатэка?” Напіліся ўсе, бойкі нейкія былі… А на трэцім фэсце ўсё ўжо было па-іншаму. Усім цікавяцца, зусім па-іншаму глядзяць. Бо калі гэта ўжо ёсць, у іх няма шанцаў сказаць: “А я і не ведаў, што ёсць нешта, акрамя гарэлкі, дыскатэкі і мардабою”.

Так што можна падумаць над пераносам фэсту ў Шабаны. Па-першае, дзе яшчэ можна знайсці столькі гопнікаў, якія пакуль што не ў курсе пра існаванне этнічнай музыкі? А па-другое, назва фэсту будзе гучаць вельмі ўдала, у рыфму: “Шаманы Шабаны”.

 

Vejam Kabata (Рыга)

20120714 vejam kabata.mp3

Vejam Kabata (Рыга)

 

Vejam Kabata (Рыга)

 

Натхняльнік фэста Уладзімір Шаблінскі (справа)

 

Што праўда, арганізатар фэсту Уладзімір Шаблінскі на гэта ніколі не пагодзіцца. Ён прызнаецца, што робіць “Шаманы Шаблі” найперш для сябе.

“Зараз усе нашыя мерапрыемствы, асабліва сённяшняе, для мяне паказальна стратныя, — без аніякага суму ў голасе распавядае Еўрарадыё Уладзімір Шаблінскі. — На Захадзе ёсць практыка падтрымкі такіх канцэртаў дзяржавай і прыватнымі фондамі, бо яны надзвычай станоўча ўплываюць на імідж краіны і, у прыватнасці, рэгіёна, у якім праходзяць. У нас усё пакуль што ў пачатковым становішчы, але я рабіў такія канцэрты, раблю і буду рабіць. Мне падабаюцца гэтыя гурты. Мне яны цікавыя. І я ведаю, што ёсць людзі, няхай сабе іх не вельмі шмат, якім гэтая музыка таксама падабаецца”.

 

 

Субъектыўны выбар удзельнікаў фэста адзначае і Аляксандр Дземідзенка, лідар праектаў Re1ikt і Re123+. Хлопец у этна-музыцы не дылетант, але, пабачыўшы праграму "Шаманаў Шаблі", здзівіўся: навошта клікаць невядомыя этна-праекты з-за мяжы, калі і ў Беларусі іх — такіх жа невядомых — дастаткова?

 

Аляксандр Дземідзенка: "Для мяне гэта фэст-знаёмства. І з Шаблямі, і з гуртамі. Іх назвы мне амаль нічога не кажуць... Ёсць жа і ў беларусі шмат гуртоў, якія таксама могуць "пашаманіць"! "Ветах", Fratez, Dzivasil, Insumthinmagma, тая ж "Троіца"... Ну і нас бы я на такі фэст запрасіў! Справа ў тым, што такі фестываль, як сёння, патрэбны беларускім музыкам, як паветра. Як стымул, да якога можна імкнуцца, як мэта, да якой трэба рыхтавацца. Пісьменнік не можа бясконца пісаць у стол, а музыка не можа бясконца граць на рэпетыцыях".

 

Тым не менш, рэліктаўцы не хаваюць, што "Шаманы Шаблі" для іх — самае цікавае мерапрыемства гэтага лета.

 

Кожны з “шаманаў” мае сваю фішку. Samosad Bend выдае трансавую імправізацыю даўжынёй у паўтары гадзіны, падчас якой гледачы заміраюць на месцах, заплюшчваюць вочы і сыходзяць далёка ў сябе. Vejam Kabata прывезлі з Рыгі памаранчавы настрой і дуду. “А перкусіямі мы ўзброілася тут, на месцы. Пачулі, як хлопцы граюць, і запрасілі да сябе!” — здзіўляе мяне Кацярына, вакалістка і гітарыстка Vejam Kabata. Як сапраўдныя хіпі!

Адкрыццём фэсту стаў літоўскі праект Saulius Petreikis. Той-сёй з гледачоў чуў іх на распачыне вільнюскіх канцэртаў “Крамбамбулі”. Але ў Шаблях браты Саўлюс і Данатас Пятрэйкісы разгарнуліся напоўніцу: пад іх песні, цёплыя і па-дзіцячаму шчырыя, твары гледачоў проста на вачах напаўняліся шчасцем!

 

Данатас Пятрэйкіс з праекта Saulius Petreikis (Вільня)

20120714 saulius petreikis.mp3

Saulius Petreikis (Вільня)

 

Саўлюс Пятрэйкіс

 

 

“Мы з братам добра адчуваем адно аднога. Калі ён нешта думае, я гэта адразу пачынаю граць. І, наадварот, калі мелодыя прыходзіць мне ў галаву, ён адразу можа яе падхапіць. Паміж намі існуе нябачная, нават крыху магічная сувязь: мы ж браты!” — распавядае Еўрарадыё Данатас Пятрэйкіс.

Паслухайце запісы: складана паверыць, што гэтую музыку жыўцом выконваюць усяго два музыкі! Саўлюс проста на нашых вачах нанізвае мелодыі адна на адну... Кожнае спалучэнне гукаў само па сабе простае. Але разам атрымліваецца густа і складана, нібыта грае цэлы аркестр.

“Мы прастаялі на беларуска-літоўскай гадзіне 7 ці 8 гадзінаў. Не паспалі зусім, — скардзіцца Данатас. — Пры гэтым машын у чарзе амаль не было. Але чарга не рухалася! Праблемы былі з нашага, літоўскага боку. Беларускіх памежнікаў мы прайшлі вельмі хутка!”

 

Saulius Petreikis (Вільня)

20120714 saulius petreikis 2.mp3

Saulius Petreikis (Вільня)


 

 

 

 

Барыс Бардаш, Ole Lukkoye (Санкт-Пецярбург)

20120714 ole lukkoye.mp3

Ole Lukkoye (Санкт-Пецярбург)


Фрол, Ole Lukkoye (Санкт-Пецярбург)

 

Хэдлайнерамі фэсту планаваліся культавыя прадстаўнікі піцерскага андэграўнду Ole Lukkoye. Яны гучаць найбольш сучасна: этніка спалучаецца са сталёвым рытмам. Клавішнік і вакаліст гурта Барыс Бардаш так добра “падрыхтаваўся” да позняга выхаду гурта, што ледзь трымаўся на нагах... Але ў гразь тварам не ўпаў. Ole Lukkoye выцягнулі на танцпол усіх, хто хацеў танчыць, і паставілі ў канцэрце тлустую кропку.

 

 

Вераніка Круглова была па "гэты" бок сцэны, сярод гледачоў фэста

 

Ole Lukkoye (Санкт-Пецярбург)

20120714 ole lukkoye 2.mp3

Ole Lukkoye (Санкт-Пецярбург)

 

Юры Лук'янчык з Ole Lukkoye і Зміцер Шаўчук, які вылез на сцэну паджэміць

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі