Фэст “ТрыКо”: музыка, якую нельга праглынуць, як поп-корн (відэа)

121214_kotka_triko.mp3

“Чым мы займаемся? Мы займаемся высокім мастацтвам!” – кажа Еўрарадыё дырэктар Аксана Багданава, пры падтрымцы якой у сценах музею Азгура праходзіць ужо другі фестываль эксперыментальнай музыкі “ТрыКо”.

“ТрыКо” – гэта тры калектывы: Yegor Zabelov Trio, Five-Storey Ensemble і Mouches a l'orange, якія дзіўнымі гукамі ажыўляюць музей, цалкам застаўлены бюстамі савецкіх лідараў.

“Добра, што гэта праходзіць у такім месцы. Музей – хто сюды заблукае? Таму людзі прыходзяць менавіта слухаць музыку”, – кажа Ягор Забелаў. Яму першаму выпадае стварыць у музеі цудоўную атмасферу. 

Гучыць праграма, якая паўгода была на гастролях у Германіі і Польшчы. “Музыка была напісана да нямога кіно “Галем”. Мы некалькі разоў выконвалі яе менавіта пад фільм, а пасля зрабілі проста канцэртную праграму”, – кажа Ягор і прызнаецца, што без фільма граць падабаецца больш: “Насамрэч фільм крыху нас занявольваў, ставіў рамкі, а так рабяты (бас і бубны – удакл. Еўрарадыёдадалі імправізацыйнасці”.

Пасля музыкаў большае ў тры разы. Выходзіць аркестр з флейтамі, скрыпкай, фаготам – Five-Storey Ensemble. Сваёй музыкай яны падымаюць тэму канфлікту мастака з сістэмай.

“Тэксты, якія мы спяваем – гэта Увядзенскі, Хармс, якіх рэпрэсіравалі і расстралялі ўсе тыя людзі, чые бюсты зараз стаяць у выглядзе экспанатаў”, – кажа кампазітар Вольга Падгайская. – Мы ім у твар спяваем, каб яны ведалі!”

Апошнімі граюць хлопцы з Салігорску Mouches a l'orange. Яны прыглушаюць святло, праектуюць на столь космас і заводзяць эмбіант на жывых інструментах.

“Яны ўсё ж больш класічны прагрэсіўны рок граюць, – заўважае слухач Макс.Гэта ўжо нельга назваць эксперыментам, гэта больш паўтарэнне”.

Да канца эксперыментаў дажывае недзе палова наведвальнікаў. Але ўсім, хто нават на некаторы час пабыў у “ТрыКо”, дадалося разумнасці ў карму.

“Такая музыка проста неабходная, бо яна задавальняе цікаўнасць, – кажа Лёня Паўлёнак, які з “Нагуалем” выступаў на мінулагоднім фэсце. – Я ў адным культуралагічным даследаванні вычытаў, што менавіта цікаўнасць з’яўляецца адной з прычынаў эвалюцыі чалавека”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі