Галандскі дэпутат: Перамовы з Беларуссю па дэмакратыі не дапамагаюць
27 студзеня ПАСЕ разгледзіць рэзалюцыю па Беларусі. Парламентарыі заклікаюць увесці жорсткія эканамічныя санкцыі і цягам года правесці перавыбары.
На сесію Парламенцкай асамблеі савета Еўропы унеслі на разгляд патрабаванне правесці перавыбары ў Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў галандскі дэпутат ад Хрысціянскай дэмакратыі Пітар Омдцыхт (Pieter Omtzigt). Неабходныя для гэтага 20 подпісаў дэпутаты ўжо сабралі.
У чацвер адбудзецца надзвычайная нарада па Беларусі, на якой дэпутаты прапануюць дадаць у рэзалюцыю наступны пункт:
- падрыхтавацца да новых прэзідэнцкіх выбараў на працягу года. Паколькі прэзідэнцкія выбары былі несправядлівымі і несвабоднымі, падлік галасоў быў дрэнным на палове ўчасткаў для галасавання
- адмовіцца ад прызнання вынікаў выбараў у Беларусі
“Мы спадзяемся, што ў рэзалюцыі будуць нейкія змены, бо яна можа быць больш жорсткая, чым ёсць цяпер”, - паведаміў Еўрарадыё Пітар Омдцыхт.
Па словах дэпутата перамовы з Лукашэнкам не прынеслі вынікаў, таму наступным крокам павінны быць санкцыі.
“Я спадзяюся, што гэта адкрые вочы частцы еўрапейскіх палітыкаў – перамовы па дэмакратыі не дапамагаюць! Таму добра прадуманыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў павінны быць далейшым дзеяннем”.“Я спадзяюся, што гэта адкрые вочы частцы еўрапейскіх палітыкаў – перамовы па дэмакратыі не дапамагаюць! Таму добра прадуманыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў павінны быць далейшым дзеяннем”.
Нагадаем, дэпутаты ад розных краін Еўропы асуджаюць фальсіфікацыі падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і іншыя прыкметы недахопу павагі да правоў чалавека з боку беларускіх уладаў.
У заяве дэпутаты заклікаюць усе краіны, што ўваходзяць у ПАСЕ асудзіць гвалт пасля выбараў, не прызнаваць іх вынікаў і заклікаць да правядзення новых выбараў. Акрамя гэтага прапаноўваюць скласці спіс чыноўнікаў, адказных за несумленныя выбары і непавагу правоў чалавека.
Дэпутаты таксама заклікаюць да ўвядзення мэтавых эканамічных санкцый у адносінах да беларускага рэжыму да таго часу, пакуль ён працягвае не паважаць правы чалавека. Дэпутаты таксама заклікаюць да ўвядзення мэтавых эканамічных санкцый у адносінах да беларускага рэжыму да таго часу, пакуль ён працягвае не паважаць правы чалавека. Спыніць санкцыі змогуць толькі новыя выбары, мяркуюць яны.
ПАСЕ — адзін з двух галоўных органаў Савета Еўропы, які прадстаўляе інтарэсы асноўных палітычных партый краін-сябраў арганізацыі. У Савет Еўропы ўваходзяць усе еўрапейскія краіны за выключэннем Беларусі. У 1992 годзе нашая краіна атрымала статус Спецыяльнага Госця ў ПАСЕ. Але ў 1997 годзе гэты статус быў прыпынены. У чэрвені 2009 года было вырашана вярнуць Беларусі гасцявы статус, пры ўмове поўнага скасавання альбо абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне.