Гурт “Девятый миллиметр” зняў антыгламурны кліп
Каб скончыць працу над відэа музыкам спатрэбілася знайсці грошы на студыю і… скотч.
Мінскія прадстаўнікі “інтэлігентнага панку” гурт “Девятый миллиметр” выклаў на YouTube новы кліп на песню “Весна”. Па прызнанні музыкаў, выбар песні выпадковы і ніяк не тычыцца сённяшняга надвор’я. Маўляў, проста менавіта гэтая песня найбольш адпавядала ідэі задуманага відэашэрага.
“З’явілася думка пагуляцца з чорнымі сілуэтамі на белых сценах, ― распавядае аўтар ідэі, вакаліст гурта Сяргей Рудзеня. ― Сыходзячы з гэтага знайшлі адпаведную студыю, прыдумалі, што будзе гэтымі чорнымі плямамі, і як гэта можна намаляваць на сценах. У выніку ў кліпе, напэўна, прысутнічае і ідэя антыгламура… то бок, тое, што людзі звычайна выстаўляюць на паказ у нас намалявана на сценах, і, па сутнасці, не мае ніякага значэння для чалавека”.
Відэа на песню з дэбютнага альбома “Слова правды” зняла сяброўка музыкаў Вікторыя Войнах на ўласны фотаапарат за пяць гадзін. Таму адзінае, на што “раскашэліліся” музыкі ― студыя і чорны скотч.