Ілля Чорт: Мне падалося, што ў Беларусі кожны сам па сабе

За некалькі гадзінаў да канцэрта ў мінскім Jack Club ў рэдакцыю Еўрарадыё завітаў лідар гурта “Пилот” Ілля Кнабенгоф, вядомы слухачам пад мянушкай “Чорт”. Нягледзячы на тое, што ў цягніку, якім гурт дабіраўся да беларускай сталіцы, натапілі да спёкі, Ілля прастудзіўся. Але шчыра адказаў на ўсе пытанні, знайшоў сілы на жарты ды ўсмешкі і нават сыграў адну са сваіх песень адмыслова для слухачоў Еўрардыё.

Еўрарадыё: У Мінск вы прывезлі праграму “Лепшае за 13 гадоў”. Што гэтая лічба значыць у вашым жыцці?

Ілля Чорт: Мне яна падабаецца. Часта лічба 13 прыносіла мне ўдачу, таму падаецца мне правільным і пазітыўным! І я нават магу патлумачыць, чаму: увогуле ўвесь пазітыўны рух, на маю думку, ствараюць няцотныя лічбы.

Еўрарадыё: Чаму?

Ілля Чорт: Мне падаецца, што цотная лічба атаясамлівае раўнавагу і статыку. А Сусвет сам па сабе нестатычны, ён ёсць рух! І вось увесь гэты рух выяўляюць няцотныя лічбы. Больш за тое: я заўжды быў упэўнены, што ўся дзесяцярычная матэматыка чалавецтва — гэта памылка! І тое, што ў нас год падзелены на 12 месяцаў — таксама! Шмат у якіх цывілізацыяў год складаўся з 13 месяцаў.

 

 

Еўрарадыё: З Мінска большасць расіян з’язджае з аднолькавымі стэрэатыпнымі ўражаннямі: чыстыя вуліцы, усмешкі на тварах тутэйшых і кошты, ніжэйшыя за маскоўскія… Ці можаце з чым-небудзь паспрачацца ці што-небудзь дадаць?

Ілля Чорт: Я шмат разоў быў у Беларусі і кантактаваў з вялікай колькасцю людзей. І заўважыў як пазітыўныя, так і негатыўныя рысы нацыянальнага характару. Людзі лёгка ставяцца да жыцця, і ёсць унутры зарад светлай будучыні. Я такое адчуваў у дзяцінстве. Сур’ёзна! Калі яшчэ быў Савецкі саюз, я адчуваў, што людзі ўсе нейкія ходзяць з думкай, што жывуць у крутой краіне, і гарэлі энтузіязмам… А негатыўнае — мне падалося, што тут людзі не вельмі-та клапоцяцца адно пра аднаго. Кожны сам па сабе.

Еўрарадыё: Дык можа, і на канцэрты беларускіх гуртоў здаралася трапіць?

Ілля Чорт: Аднойчы, гадоў 15 таму, калі мы не тое, што не былі яшчэ папулярныя, а на самай-самай зары гурта “Пилот”, мы выступалі на адным фэсце пад Санкт-Пецярбургам. Да нас прыязджаў гурт Neuro Dubel, і падчас гэтага сумеснага канцэрта мы вельмі пасябравалі з хлопцамі, з Сашам Кулінковічам. Я быў агаломшаны іх творчасцю, набыў альбом і слухаў яго доўгі час, і пэўныя песні пераслухоўваю да гэтай пары. Мне цікава тое, што Кулінковіч робіць, таму што ён мне цікавы як асоба, а асоба — гэта для мяне галоўнае ў гурце і ўвогуле ў творчасці. А Саша — ён рэальна не толькі лідар, але і творчая асоба. Ён мае свае меркаванні па кожным пытанні. Ён заўжды спрачаецца, але не таму, што хоча паспрачацца, а таму, што ў яго ёсць свае, унутраныя разважанні. Вось з ім бы я з задавальненнем пасупрацоўнічаў.

 

 

Еўрарадыё: Як выйшла, што вы запісалі песню разам з гуртом “The Stokes”, а не, скажам, з “Ляпісам Трубяцкім”, які і ў Расіі, і ў Беларусі нашмат больш папулярны?

Ілля Чорт: Проста ад “Ляпіса Трубяцкога” ніколі не было такой прапановы. А я сам не тое, каб ніколі – вельмі рэдка выступаю з ініцыятывай супрацоўніцтва. Ёсць музыкі, якія мне цікавыя, але яны маюць процьму сваіх справаў, і, часцей за ўсё, сумесных праектаў не выходзіць… А тут хлопцы мне напісалі, што ёсць жаданне разам запісаць песню. Я і чуць не чуў пра такі гурт, але ліст быў напісаны ў вельмі добрай, паважлівай манеры. Я папрасіў даслаць песню — яны даслалі, і мне яна спадабалася. Сходу зачапіла, я зразумеў, што ў ёй нешта ёсць. Я паставіў яе сябрам — і яны пацвердзілі, што песня добрая. Тады мы са “стоксамі” стэлефанаваліся. Я сказаў, што вось буду ў Маскве паўдня, яны сказалі, што не пытанне. Знялі студыю ў патрэбны мне дзень, я прыехаў, прыйшоў, і мне вельмі спадабалася з імі камунікаваць. Яны сапраўдныя прафесіяналы. І добра адчуваецца, што яны дыхаюць рок’н’ролам.

Еўрарадыё: Я шмат разоў быў у Санкт-Пецярбургу і таксама вывез з яго некалькі стэрэатыпаў. Фасады старых дамоў асыпаюцца, у паветры вісіць напружанне, а людзі ўвесь час імкнуцца разгледзець нешта ўнутры сябе… Не шкадуеце, што нарадзіліся і сталі музыкам менавіта ў гэтым горадзе?

Ілля Чорт: Піцер — гэта далёка не казка для жыцця. Я гэта кажу ўсім, хто да нас збіраецца. Асабліва музыкам, якім падаецца, што ў нас такая рок-сталіца, і тут заўжды можна “прабіцца”. Я кажу: не ўсё так сонечна! Сонечных дзён за год — 15-20. Увесь астатні час у нас усё шэрае… Плюс шэрыя камяні, граніт… А па-другое, гэта горад, дзе вельмі паважаюць самоту. Калі ты ў ім жывеш — ты мусіш быць у камфорце з гэтым пачуццем. І ты павінен увесь час сябе за шкіратнік цягнуць уверх. Таму што калі ты сядзіш дома — табе не хто не патэлефануе, пакуль ты сам не патэлефануеш. І гэта не таму, што пра цябе забыліся. Проста паважаюць тваю адзіноту. Не прынята чапаць людзей! Таму трэба заўжды быць ва ўнутраным руху. Іначай спачатку пакрываешся плесенню, скрозь вушы скразняк, пасля — хандра, сплін, дэпрэсія… І ў лепшым выпадку цябе паспяваюць забраць і вярнуць на радзіму.


Ёсць такі пісьменнік — Курт Вонегут. Ён мне вельмі падабаецца, усе яго кніжкі — ад першай да апошняй — тым, што ў яго чыста піцерскае стаўленне да свету. Сарказм скрозь ухмылку! І не скажаш, што гэта негатыўнае стаўленне. Але і пазітыўным чалавекам яго не назавеш. І вось гэтае тонкае саркастычнае стаўленне да свету ў піцерцах прысутнічае. І нягледзячы на тое, што ўсё навокал змрочнае, у кожным свеціць унутранае сонейка.

 

 

Еўрарадыё: У вас актыўная грамадзянская пазіцыя, але па песнях “Пілота” гэта амаль не адчувальна…

Ілля Чорт: Я ўвогуле не рвуся ў бой, а меркаванні наконт палітычных і сацыяльных падзеяў выказваю хіба што таму, што журналісты ўвесь час пра гэта пытаюцца. Але што да песняў “Пилота” — дык я б не сказаў, што мы пазбягаем пэўных тэмаў. У нас ёсць цэлы альбом “Рыба, крот і свіння”, цалкам прысвечаны сацыяльнай праблематыцы. Але мы запісалі яго — і перагарнулі гэтую старонку, пайшлі далей.

Еўрарадыё: Якія меркаванні ў Санкт-Пецярбургу выказваюць наконт асобы беларускага прэзідэнта?

Ілля Чорт: Я б адказаў так. У Санкт-Пецярбургу, калі кранаюцца такіх пытанняў, кажуць, што калі ты знаходзішся ў Беларусі — лепш пра палітыку нічога не казаць!

Еўрарадыё: Ці сачылі вы за падзеямі, якія адбываліся ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў?

Ілля Чорт: Я ведаю пра гэта толькі па чутках. Бо тэлевізар не гляджу больш за 12 гадоў. Выкарыстоўваю яго як экран для таго, каб кіно глядзець, і Animal Planet, і больш мяне ў ім нічога не цікавіць. А з газет і часопісаў чытаю хіба што National Geographic… Але я чуў, што ў вас тут адбывалася. І магу адно сказаць: было загадзя зразумела, што будзе ў вас тут менавіта тое, што было.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі