Інспектар ДАІ разламаў жазло аб дзяўчыну-байкера? (Фота)

У бальніцы хуткай дапамогі высветлілі: дзяўчына атрымала ўдар мяккіх тканак грудной клеткі, кровападцёк.

Усё здарылася каля шостай раніцы другога ліпеня непадалёк ад кінатэатра “Беларусь”.

Едучы па Раманаўскай Слабадзе, пабачыла патруль ДПС, — узгадвае Вольга Ігнацюк. — Адзін з інспектараў пачаў махаць жазлом, спыняць мяне, стоячы прама на маёй паласе руху. Затармазіць я не паспела і вырашыла спыніцца ў некалькіх метрах за міліцыянерамі".

Далей, згодна са словамі Вольгі, было нешта страшнае.

Вольга Ігнацюк:Першы міліцыянер замахнуўся, але ці то разгледзеў, што я дзяўчына, ці то адумаўся… І проста стаў ступарам. Другі, доўга не думаючы, нанёс мне ўдар у грудзі. Зрабіў крок наперад і стукнуў мяне”.

Еўрарадыё: Навошта?

Вольга Ігнацюк: Верагодна, яны падумалі, што я не спыняюся, і вырашылі мяне такім чынам збіць з матацыкла ці яшчэ нешта. Можа быць, гэта выклікана нейкай нянавісцю да матацыклістаў, бо часта яны не спыняюцца. Для мяне гэта было шокам. Я напалохалася, пракацілася пару метраў і паехала далей. Пачалася істэрыка. Гэта было вельмі нечакана.

Патруль ДАІ за мной не паехаў. Непадалёк ад месца здарэння я спынілася, бо адчула востры боль у грудзях. Паглядзела ў люстэрка задняга выгляду: у майцы тырчаў адламаны кавалак жазла…”.

На грудной клетцы ў Вольгі — бура-жаўтаваты след ад удару. Кавалак жазла дзяўчына дагэтуль возіць з сабой. Не забралі яго і ў РУУС Фрунзенскага раёна сталіцы, куды дзяўчына напісала заяву аб нанясенні цялесных пашкоджанняў. Каму аддаць “трафей”, Вольга не ведае.

Пасля таго як дзяўчына-байкер атрымала ўдар, да яе пад’ехаў таксіст. Мужчына наўмысна праехаўся па Раманаўскай Слабадзе, каб зняць на відэарэгістратар той самы патруль ДАІ. Людзі ў пагонах дзяжурылі на старым Opel Astra. Вольга занатавала лічбы на нумарным знаку гэтага аўто — 2775.

Кадр відэазапісу, на якім выпадковы таксіст зняў месца здарэння і той самы патрульны экіпаж  

Вяртаць кавалак жазла людзям у пагонах Вольга тады не адважылася. Невядома, якую рэакцыю гэта выклікала б.

Цікавімся ў дзяўчыны, ці ехала яна на матацыкле хутка той раніцай.

Падчас язды на спартовым матацыкле ёсць такая асаблівасць: калі высокая хуткасць, ты кладзешся на байк і хаваешся за брылёк, каб была лепшая абцякальнасць, — тлумачыць Вольга. — Калі б была высокая хуткасць, наўрад ці ён змог бы патрапіць па грудзях. Максімум — гэта па спіне. А так я прытарможвала, ехала расслабіўшыся, з хуткасцю каля 20 км/г, у роўнай паставе…

Аглядаем дакументы Вольгі Ігнацюк. Пасведчанне кіроўцы — на месцы, медыцынская даведка — на месцы, дакументы на матацыкл — у парадку. У талоне аб правапарушэннях — ніводнага запісу. Вольга кажа, што дробны штраф ёй далі толькі раз у жыцці, за няправільна замацаваны нумарны знак.

У талоне аб правапарушэннях Вольгі -- пуста 

Сёння дзяўчына адчувае сябе нармальна, але, пакрыўджаная і збітая, збіраецца дабівацца справядлівасці.

Баляць грудзі, рука. Непрыемна, што супрацоўнікі ўжываюць такія метады. Гэта жахліва, — выказваецца Вольга. — Я хацела б, каб гэтага інспектара ДАІ пакаралі, каб такога больш не паўтаралася”.


Еўрарадыё спрабавала звязацца з экіпажам, які "спыняў" дзяўчыну-матацыклістку. Але ў перадсвяточны дзень на месцы здарэння маглі дзяжурыць супрацоўнікі з розных раённых аддзелаў ДАІ.

Інспектары па агітацыі і прапагандзе Фрунзенскага, Цэнтральнага і гарадскога аддзелаў ДАІ сталіцы пра інцыдэнт пакуль нічога не ведаюць.

Верагодна, знайсці “байца”, які стукнуў дзяўчыну-байкера, будзе справай адной хвіліны. 

І хоць найчасцей мінскія супрацоўнікі ДАІ паводзяць сябе карэктна і паважліва, раім пакуль мець з імі зносіны, захоўваючы пільнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі