Каб наведаць Латвію без візы, жыхары памежжа мусяць праехаць 200 кіламетраў
У першы дзень працы памежнага руху ніхто з беларусаў не звярнуўся ў консульства суседняй краіны.
З 1-га лютага беларусы, якія жывуць у 50-кіламетровай памежнай зоне з Латвіяй, змогуць ездзіць у суседнюю краіну без віз. Праўда, толькі на 50 кіламетраў ад мяжы. А гэта такія латвійскія гарады як Дзвінск (Даўгаўпілс), Дагду, Зілупа і Краслава. Паводле дамоўленасці, латвійцы змогуць наведаць беларускія гарады Браслаў, Верхнядзвінск, Мёры, пасёлак Відзы. У першы дзень дзеяння малога памежнага руху ніхто з беларусаў дакументы на атрыманне дазволу на бязвізавы пераход мяжы не падаў.
“Але гэта, пэўна, звязана з тым, што сёння мінус 20. Ды ехаць сюды каля 200 кіламетраў. Тэлефануюць, цікавасць вельмі вялікая. Чалавек 10 сёння тэлефанавалі”, – распавядаюць Еўрарадыё ў латвійскім консульстве ў Віцебску.
Жыхары памежжа, якія жадаюць атрымаць дазвол на бязвізавае наведванне суседняй краіны, спачатку падаюць спісы ў мясцовыя органы кіравання. А пасля павінны з’ездзіць за 200 кіламетраў у Віцебск.
Латвійскае консульства ў Віцебску: “Калі яны трапілі ў спіс, які яны падаюць у мясцовыя органы кіравання, то пасля нам ад іх патрабуецца толькі пашпарт, запоўненая анкета і дзве фатаграфіі, – тлумачыць супрацоўніца латвійскага консульства ў Віцебску. – І заплаціць 20 еўра. Мусіць быць рэгістрацыя. Але такога патрабавання, каб чалавек жыў там на працягу некалькі гадоў, няма”.
Зараз у беларускім спісе налічваецца каля 200 чалавек, а ў латвійскім – 4000 асобаў. Ён большы, паколькі ў памежнай зоне знаходзяцца буйныя гарады Дзвінск і Краслава. Але мяркуецца, што бліжэй да лета, калі людзі больш актыўна наведваюць сваякоў, беларускі спіс таксама павялічыцца, бо ён будзе абнаўляцца кожныя тры месяцы.
Датэлефанавацца да беларускага консульства ў Дзвінску карэспандэнту Еўрарадыё ўдалося толькі падчас абеду. Як аказалася, у Латвіі ажыятаж з малым памежным рухам куды большы чым у Беларусі. За дзень з пытаннямі туды звярнулася каля паўсотні чалавек.
Нагадаем, праект дамоўленасці паміж Беларуссю і Латвіяй быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ 23 жніўня 2010 года. Паводле дамовы, жыхары 50-кіламетровай памежнай зоны змогуць атрымліваць у спрошчаным парадку дазвол на наведванне суседняй краіны. Дазволы будуць выдавацца на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў. Падобныя дамоўленасці Беларусь падпісала з Польшчай і Літвой, але калі яны запрацуюць, пакуль невядома.
Фота: ru.baltic-review.com