Кавалёў расстраляны ў дзень звароту адваката з нагляднай скаргай
Да гэтага адваката 2 дні не пускалі ў СІЗА без тлумачэння прычынаў. Ён хацеў дапісаць скаргу разам з асуджаным.
Як даведалася Еўрарадыё ад Любові Кавалёвай, абаронца Уладзіслава Кавалёва падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд 15 сакавіка, ў пасведчанні аб смерці паведамляецца, што Кавалёў памёр у гэты ж дзень.
"Наглядную скаргу падаў адвакат 15 сакавіка. Там былі ўказаныя кароткія абставіны парушэнняў заканадаўства. А таксама было пазначана, што асноўная наглядная скарга будзе прадстаўленая пасля наведвання Улада і ўзгаднення з ім абставін скаргі. У гэтай скарзе адвакат прасіў адмяніць прысуд і накіраваць на новае судовае разбіральніцтва і прыпыніць выкананне прысуду", — гаворыць маці Уладзіслава Кавалёва.
Еўрарадыё 16 сакавіка накіравала запыт у Вярхоўны суд наконт таго, ці падаваў скаргі Кавалёў або яго адвакат.
У адказе ад 20 сакавіка пра атрыманне скаргі ад адваката Вярхоўны суд не паведамляе. Там гаворыцца, што суд разглядзеў наглядную скаргу Кавалёва 14 лютага 2012 года, якую той падаў 7 снежня 2011 года.
Пры гэтым суд спасылаецца на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса:
"Парадак выканання смяротнага пакарання: 1. Прысуд да смяротнага пакарання, які набыў законную моц, прымаецца да выканання пасля атрымання афіцыйнага паведамлення аб адхіленні скаргаў, накіраваных у парадку нагляду, і хадайніцтва аб памілаванні".
15 сакавіка адвакат падае наглядную скаргу. І ў гэты ж дзень Кавалёва расстрэльваюць! У адказе Еўрарадыё Вярхоўны суд нічога не ведае пра атрыманне скаргі ад адваката? А закон дазваляе выкананне прысуду пасля таго, як атрымана паведамленне аб адхіленні скаргаў.
Больш за тое, як даведалася Еўрарадыё, адвакат спрабаваў наведаць Кавалёва за два дні і за дзень да расстрэлу, каб напісаць гэтую самую наглядную скаргу. І кожны раз ён атрымоўваў... адмову.
"Мы падпісалі дамову з адвакатам 12 сакавіка, каб падаць наглядную скаргу, трэба дамова. 13-га адвакат пайшоў да Улада, каб напісаць наглядную асноўную наглядную скаргу, але яго не пусцілі і нічым не матывавалі", — распавядае Любоў Кавалёва. 14 сакавіка адвакату адмовілі ў сустрэчы, таксама без тлумачэння прычынаў. А ўжо 15 сакавіка раніцай сказалі, што Кавалёў этапіраваны.
Між іншым, той самы артыкул № 175 гаворыць, што асуджаныя на смерць маюць права сустракацца з адвакатам:
"Пасля таго, як прысуд набыў законную моц, асуджаныя да смяротнага пакарання маюць права: мець спатканні з адвакатамі і іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі, без абмежавання іх працягласці і колькасці".
Па словах Любові Кавалёвай, у сваёй першай скарзе ў Вярхоўны суд Уладзіслаў Кавалёў паведаміў, што будзе падаваць асноўную наглядную скаргу і прасіў да гэтага не выконваць прысуд.
Юрыст Тамара Сідарэнка здзіўляецца такому спешнаму выкананню прысуду.
"Тут усё неяк не паводле логікі ў гэтай справе. Яны спрабуюць казаць, што прайшлі два месяцы з вынясення прысуду. Вельмі вялікія тэрміны праходзілі, калі выконваліся прысуды, да года, нават пасля адмовы ў памілаванні. А тут нейкая спешка, патлумачыць яе нармальна вельмі складана".
Еўрарадыё склала хроніку расстрэлу і падзеяў, якія яму папярэднічалі.
11 сакавіка, нядзеля: Любоў Кавалёва атрымала нечаканую сустрэчу з сынам
12 сакавіка, панядзелак: Кавалёва падпісвае дамову з адвакатам Абразеям, для напісання нагляднай скаргі
13 сакавіка, аўторак: Адваката не пускаюць у СІЗА КДБ без тлумачэння прычынаў
14 сакавіка, раніца, серада: Адваката зноў не пускаюць у СІЗА
14 сакавіка, вечар, серада: БТ паведамляе аб адмове ў памілаванні Кавалёва
15 сакавіка, раніца, чацвер: Адвакату ў СІЗА паведамляюць, што Кавалёў этапаваны
15 сакавіка, дзень, чацвер: Адвакат падае ў Вярхоўны суд наглядную скаргу, дзе просіць не выконваць прысуд
16 сакавіка, пятніца: Ліст з Вярхоўнага суда паведамляе аб выкананні прысуду, ліст даходзіць да Віцебска толькі 17 сакавіка ў суботу.
Пасля ўжо стала вядома, што афіцыйная дата смерці Кавалёва — 15 сакавіка 2012 г.
Статья 408. Право обращения с жалобой о пересмотре приговоров, определений, постановлений
1. Правом обращения с жалобой по основаниям, указанным в статье 388 настоящего Кодекса, обладают осужденный, оправданный, их защитники и законные представители, потерпевший, гражданский истец, гражданский ответчик или их представители. Жалоба подается в письменной форме.
2. Жалоба должна быть рассмотрена не позднее одного месяца со дня ее поступления, а в случае истребования уголовного дела – не позднее одного месяца со дня поступления дела.
3. Председателю Верховного Суда Республики Беларусь, Генеральному прокурору Республики Беларусь и их заместителям жалоба в порядке надзора на приговор, определение, постановление суда может быть подана в случае оставления ее без удовлетворения председателями областных, Минского городского, Белорусского военного судов, прокурорами областей, города Минска и приравненными к ним прокурорами.