Ладуцька не змог адказаць, ці ўкладваецца ён у нормы па вадзе і святле
На прамой тэлефоннай лініі старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька сыходзіць ад пытання, ці хапае яму 140 літраў вады на суткі і новых нормаў па святле.
Датэлефанавацца да старшыні Мінгарвыканкама няпроста. Па-першае, адразу спрабуюць асадзіць, маўляў, людзі тэлефануюць з больш сур’езнымі пытаннямі:
“Ужо дзесяць з паловай тысяч чалавек датэлефанаваліся. Людзі па сур’езных пытаннях тэлефануюць! Інваліды!”
Але настойваю, спасылаюся на грамадскую вартасць майго пытання, мяне ставяць у чаргу і праз 20 хвілін чакання злучаюць з мэрам Мінска.
Тамара Савіч: Скажыце, а ці ўкладваецеся вы ў нормы па камунальных плацяжах? Гэта зараз вельмі абмяркоўваецца…
Мікалай Ладуцька: "Так, а якое другое пытанне?"
Тамара Савіч: Ці будуць гэтыя нормы мяняцца?
Мікалай Ладуцька: "Гэта рашэнне ўрад прыняў. Іншых рашэнняў няма. Таму працуем у межах прынятых рашэнняў. Урад максімальна прадугледзеў інтарэсы, магчымасці грамадзян. Для сярэдняй сям’і 3-4 чалавекі сур’езных зменаў няма".
На працягу двух хвілін Мікалай Ладуцька заклікае мяне да эканоміі.
Мікалай Ладуцька: "Пытанне больш стаіць у плоскасці прынятага рашэння, звярнуць увагу нас, як жыхароў краіны, на неабходнасць рацыянальнага выкарыстання тых магчымасцяў, якія мы з вамі стварылі, якія мы з вамі зарабілі. Гэта не гаворыць пра тое, што не трэба карыстацца вадой, электраэнергіяй. Усё павінна быць: і вада, і святло, і цяпло ў кватэрах, але мы павінны быць ашчаднымі".
Тамара Савіч: Дык вы асабіста ўкладваецеся ў нормы?
Мікалай Ладуцька: "Я адказаў на вашае пытанне... Вы спыталі — я адказаў".
Тамара Савіч: Я так і не пачула ваш адказ.
Мікалай Ладуцька: "Дзякуй за пытанне".