Лёс чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску могуць вырашыць праз 2 месяцы

Праект рэзалюцыі Кангрэса ЗША па Беларусі заклікае разгледзець пытанне аб адмене чэмпіянату свету па хакеі, які павінен прайсці ў Мінску ў 2014 годзе. Раней, у студзені, такое ж меркаванне выказалі ў сваёй рэзалюцыі і дэпутаты Еўрапарламента.

У Міжнароднай федэрацыі хакея распавялі Еўрарадыё, што ведаюць пра падобныя заклікі, але пакуль пытанне пра адмену першынства не ўздымалі.

"На гэты момант прынятае рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі ў 2014 годзе застаецца ў сіле", – адзначыў прэс-сакратар IIHF Сімон Шэмберг.

Ён адмовіўся каментаваць, наколькі рэальна гэта змяніць на падставе парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Разам з тым Сімон Шэмберг адзначыў, што наступны Кангрэс федэрацыі, пасяджэнне якога пройдзе праз два месяцы ў Славакіі, "можа ў прынцыпе прыняць любое рашэнне".

Статут Міжнароднай федэрацыі хакея прадугледжвае, што яе Рада можа ўзняць пытанне аб пазбаўленні права прымаць чэмпіянат. Але сярод прычын – у асноўным тэхнічныя.

1.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не выканала матэрыяльныя перадумовы, на якіх атрымала права правядзення чэмпіянату;

2.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не можа выканаць свае абвязкі па падпісаным кантракце;

3.Нацыянальная хакейная федэрацыя дапусціла значнае парушэнне падпісанага кантракта;

4. Ёсць прычына для занепакоення аб здароўі альбо вольным перамяшчэнні гульцоў, афіцыйных прадстаўнікоў, гледачоў і СМІ.

У цяперашнім складзе Рады IIHF   13 прадстаўнікоў розных краін: па адным з ЗША, Канады, Чэхіі, Фінляндыі, Швецыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі, Славеніі, Люксембурга, Іспаніі, Японіі і Расіі.

Калі яны ўсё ж вырашаць вынесці пытанне па Беларусі на галасаванне хакейнага Кангрэса, то ўсё будзе залежаць ад нацыянальных федэрацый.

Для пераносу месца чэмпіянату патрэбная простая большасць галасоў. У Міжнароднай федэрацыі права голаса мае  51 хакейная краіна. З іх 26 дзяржаў – гэта сябры ЕС, а таксама ЗША і Канада, якія крытыкуюць беларускія ўлады.

Федэрацыя хакея Беларусі ў курсе заклікаў еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў аб адмене правядзення чэмпіяната свету-2014. Але прэс-менеджар федэрацыі Канстанцыя Лешчанка запэўнівае, што пакуль усё ідзе як запланавана.

"Да нас ніякіх афіцыйных дакументаў на гэты конт не паступала. Мы знаходзімся на пастаянным кантакце з Міжнароднай федэрацыі хакея. Ад іх ніякіх сумневаў, нараканняў на наш адрас не было".

Хакейныя федэрацыі іншых еўрапейскіх краін пра пытанне наконт чэмпіянату ў Беларусі таксама ведаюць, але афіцыйных заяў на гэты конт не рабілі.

"Я ведаю пра гэта, атрымаў е-мэйл ад невядомага мне чалавека з апісаннем сітуацыі. Але пакуль ад нашай федэрацыі ніякая афіцыйнай рэакцыі няма", – распавёў Еўрарадыё Генеральны сакратар Федэрацыі хакея Чэхіі Марцін Урбан.

Ён дадаў, што звычайна спорт па-за палітыкай і ў розных спартыўных мерапрыемствах удзельнічаюць краіны з рознымі палітычнымі сістэмамі.

Фота: Roman Kucera

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі