Людзі былі параненыя кавалкамі мармуру, бетону, шкла, тынкоўкі ды пластыку

Еўрарадыё даведалася, якія прадметы даставалі лекары з параненых 11 красавіка ў мінскім метро.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, бомба, што выбухнула ў мінскім метро, была самаробная. Злачынцы начынілі яе цвікамі ды металічнымі шарыкамі, паведаміў кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў.


Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым была параненая большасць пацярпелых 11 красавіка ў мінскім метро. Дзіўна, але ніякіх незвычайных прадметаў лекары падчас аперацыяў не знайшлі.


“Ніякіх болцікаў, цвічкоў, шарыкаў не было. Усё нейкія фрагменты нявызначанай формы. Былі і металічныя, і неметалічныя. Класіфікаваць іх цяжка. Па памерах яны розныя — і маленькія, і вялікія”, — расказалі Еўрарадыё ў Цэнтры траўматалогіі і артапедыі, куды даставілі чатырох чалавек у цяжкім стане.


Магчыма, больш падрабязна пра паходжанне гэтых аскепкаў можна будзе сказаць пасля экспертызы, на якую іх накіравалі:


“Калі нашы хірургі аперавалі, дык аскепкі даставалі, самыя розныя — там жа многа было навокал прадметаў, і ў вагонах, і гэтак далей. Цяжка сказаць, якія яны… Мы ўсе іх аддалі на экспертызу, і, магчыма, нам скажуць больш дакладна. Мы ж лекары, а не эксперты па метале ці іншых канструкцыях. Нічога такога надзвычайнага, на што б мы звярнулі ўвагу, мы не знайшлі”.


15 пацыентаў з аскепачнымі раненнямі былі накіраваныя ў шостую гарадскую лякарню. Там, акрамя аскепкаў мармуру, лекары нічога не даставалі, распавёў галоўны лекар бальніцы.


Віктар Гурко: “У пацыентаў, якія да нас паступілі, з ранаў дастаюцца аскепкі мармуру. Акрамя мармуру, старонніх прадметаў у нашых пацыентаў не знойдзена”.


У першай гарадской клінічнай лякарні з аднаго пацярпелага дасталі кавалак свінцу незразумелага паходжання:


“Быў адзін невялікі кавалачак свінца, дзесьці да 4-5 міліметраў. Яшчэ кавалкі бетона, граніта, мармуру, шкла, тынкоўкі і пластыка…”


5-я гарадская клінічная бальніца:


“У аднаго пацыента дасталі невялікі металічны аскепак. Мы на гэта не асабліва звярталі ўвагі, нам галоўнае было дапамагчы, дастаць. А далей — гэта ўжо пытанні МУС”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі