Metal Redefining Fest: Вярнуць гледачоў “металічным” канцэртам

6 сакавіка ў метал-каманды Exist M падвойнае свята. Па-першае, у клубе Re:Public пройдзе Metal Redefining Fest, да арганізацыі якога спрычыніліся маладыя металісты. А па-другое, на фэсце будзе прэзентаваны другі нумарны альбом гурта — “Redefining”. Фронтвумэн Exist M Наста Паламар і басіст Аляксей Кузняцоў за кубкам гарбаты распавядаюць Еўрарадыё пра працу над пласцінкай і разважаюць, чаму цяжкая музыка губляе папулярнасць у сучаснай моладзі.

Еўрарадыё: Даўно не было ніякіх звестак пра гурт Exist M. Напэўна таму, што вы ціха сядзелі ў студыі і пісалі новы альбом?


Аляксей Кузняцоў: Менавіта так. Проста аднойчы нам надакучыла граць адзін і той жа матэрыял з альбома “Alter Ego”. Мы даволі шмат з ім паездзілі. Але вырашылі ўсё-такі заняцца новымі песнямі. Акурат да гэтага чаму ў нас іх назапасілася вялікая колькасць.

Exist M падчас "Басовішча-2010"

Еўрарадыё: У параўнанні з альбомам “Alter Ego”, наколькі гурт эвалюцянаваў стылістычна?


Наста Паламар: Пласцінка атрымалася больш складанай. То бок, мы выраслі. Мы ўлічылі памылкі мінулага альбома. І ўсё вылілася ў той узровень, які можна адчуць на новым дыску.

Еўрарадыё: Пра што новы альбом?


Наста Паламар: У альбоме мы заняліся пераасэнсаваннем чалавечых каштоўнасцяў. Мы заклікаем людзей задумацца над сваімі ўчынкамі, стаць дабрэйшымі, звярнуцца да сваіх лепшых якасцяў. Спяваем пра тое, што матэрыяльныя каштоўнасці пераважаюць над духоўнымі. Што, на наш погляд, не ёсць добра, як мінімум. Людзі дэградуюць, і грамадства ідзе ў нагу з людзьмі.

Аляксей Кузняцоў: Таму альбом мае назву “Redefining”, што значыць пераасэнсаванне, перавызначэнне. Мы хочам перавызначыць стэрэатыпны стан рэчаў. Напрыклад, людзі гатовыя з’есці адно аднаго ці ісці па галовах, каб атрымаць нейкія чарговыя бонусы, і яны называюць гэта карпаратыўнай этыкай. Хаця на самой справе тут ніякай этыкай не пахне. Таму мы і лічым, што людзі мусяць больш надаваць увагі маральнаму аспекту жыцця.

Еўрарадыё: Вы прэзентуеце альбом незвычайна — робіце магутны Metal Redefining Fest…


Наста Паламар: Як выявілася, не так проста ўзяць і сабраць каманды, якія граюць цяжкую музыку, патрэбную для фэсту. Іх мала, і большасць з іх не можа выступіць па тэхнічных прычынах: нехта хварэе, нехта не гатовы, нехта рыхтуецца да запісу альбома. І не хоча прэзентаваць яго разам з намі (смяецца). Насамрэч у канцэрце бяруць удзел каманды, якія ўжо праявілі сябе ў плыні цяжкой музыкі.

Аляксей Кузняцоў: Некаторыя з іх маюць па 4-5 альбомаў!

Наста Паламар: Гэта сапраўды вяршкі металічнага грамадства, якія мы маглі назбіраць. Менавіта самыя вяршкі!

Еўрарадыё: 10 гадоў таму падавалася, што кожны трэці беларускі гурт грае метал. Чаму цяжкі кірунак страчвае папулярнасць сярод беларусаў?


Наста Паламар: Цяжкая музыка змянілася. То бок метал у сённяшнім разуменні — гэта зусім не той метал, які быў раней. На мой погляд, ён стаў менш “тру”. На жаль, у Мінску цяпер на метал-канцэрты ходзіць ўсё менш і менш гледачоў. Людзі аддаюць перавагу выступам розных метал-зорак, якія часцяком прыязджаюць у Мінск. Добра, што мы не знаходзімся ў такой рэзервацыі, як раней. Але ўсё роўна гэта ўжо не той метал-рух.

Еўрарадыё: Ваш фэст ставіць перад сабой мэту ўскалыхнуць мінскіх металістаў?


Наста Паламар: Безумоўна! Таму мы так пільна і прадумвалі склад удзельнікаў. І спадзяемся, што гэтыя гурты паспрабуюць адрадзіць былыя часы.

Еўрарадыё: Ад выступу гурта Exist M варта чакаць якога-небудзь фаер-шоў кшталту таго, то было на “Басовішчы”?


Наста Паламар: Так! Нам жа ёсць, што паказаць! Як мінімум шоў мы абяцаем! Але не абавязкова фаер!

Аляксей Кузняцоў: Мы пакажам сваю музыку так, як яе адчуваем. І тыя, каму Exist M не вельмі падабаецца ў запісе, на канцэрце ў кожным выпадку зменяць сваю ацэнку.

Metal Redefining Fest пройдзе 6 сакавіка ў клубе Re:Public. Апроч Exist M у ім возьмуць удзел POSTHUMOUS BLASPHEMER, STANMARSH, VerSus7 і іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі