Міліцыянтаў, якія затрымлівалі журналістаў Еўрарадыё, пакараюць
У выніку праверкі Генпракуратурай былі выяўленыя парушэнні. Цяпер міністр унутраных спраў мусіць пакараць сваіх падначаленых.
Генпракуратура закончыла праверку па заяве Еўрарадыё наконт затрыманняў у час правядзення ў сталіцы "маўклівых акцый" нашых журналістаў — Паўла Свярдлова (двойчы) і Андрэя Елісеева. Паводле слоў Паўла Радзівонава, начальніка ўпраўлення па нагляду за выконваннем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры, у заяве былі выкладзеныя канкрэтныя факты. У выніку праверкі былі выяўленыя парушэнні. Міністру ўнутраных спраў накіравалі прадпісанне, каб на супрацоўнікаў міліцыі, якія "дапусцілі працэсуальныя парушэнні", было накладзенае дысцыплінарнае спагнанне.
На фота з архіва: Павел Свярдлоў вызвалены з пастарунка пасля аднаго з затрыманняў.
Здымкі з сённяшняй сустрэчы журналістаў у Генпракуратуры:
Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з намеснікам старшыні БАЖ Андрэем Бастунцом. Ён пракаментаваў рашэнне Генпракуратуры па заяве Еўрарадыё і групы беларускіх журналістаў. Нагадаем, у ліпені 30 беларускіх журналістаў накіравалі зварот у Генпракуратуру. Яны прасілі забяспечыць ім умовы працы падчас асвятлення вулічных акцый.