Мінюст выводзіць з ценю прыбыткі чыноўнікаў?
Пасля таго як чыноўнікаў абавяжуць публікаваць звесткі сваіх дэкларацый, кожны зможа супаставіць іх прыбыткі з коштам іх гадзіннікаў.
Фота гадзінніка прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча коштам 37 тысяч долараў нарабіла шмат шуму. Асабліва з улікам таго, што ў красавіку міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паскардзіўся, што зарабляе 750 долараў у месяц. Згодна ж з законам, дзяржслужачы можа прыняць падарунак, кошт якога не перавышае 20 долараў.
Але тлумачыць журналістам, адкуль у яго такая дарагая рэч, прэм'ер не збіраецца, гаворыць Еўрарадыё прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.
Вольга Доўгая: “Размовы заўсёды былі, ёсць і будуць. Чалавек, які знаходзіцца навідавоку… Шмат можа быць розных размоў, і трэба адсейваць тыя, якія важныя, і тыя, якія не важныя”.
Можа, усе сумненні ў “чысціні” паходжання дарагога аксэсуара прэм’ера зніклі б, калі б можна было паглядзець дэкларацыю аб прыбытках Мясніковіча? Бо ўсе беларускія чыноўнікі абавязаныя штогод запаўняць дэкларацыю аб прыбытках. Вось толькі змест яе простаму чалавеку даведацца немагчыма — у інтэрнэт гэтыя дэкларацыі не выкладаюць. Афіцыйны запыт, каб даведацца, які прыбытак меў той ці іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, у прэс-службу парламента дасылаць не мае сэнсу.
Прэс-служба парламента: “Усе запаўняюць падатковыя дэкларацыі і здаюць у падатковыя органы. Вы можаце туды звярнуцца”.
Такі ж адказ атрымлівае Еўрарадыё і ў прэс-службе Савета Рэспублікі. Але, як тлумачыць кіраўнік Інспекцыі па падатках і зборах па Веткаўскім раёне Святлана Пракошына, да падаткавікоў звяртацца з такім пытаннем бессэнсоўна — нічога аб прыбытках чыноўнікаў яны не скажуць.
Святлана Пракошына: “Гэта з’яўляецца падатковай таямніцай — мы не маем права яе абнародаваць. У нас у законе не прапісана, што яе (дэкларацыю аб прыбытках. — Еўрарадыё) неабходна публікаваць. Прапісана, што дзяржслужачыя абавязаныя падаваць дэкларацыю”.
Мінюст нарэшце вырашыў змяніць гэтую сітуацыю і абавязаць публікаваць звесткі са сваіх дэкларацый. Сярод тых, каго можа закрануць такая ініцыятыва, прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, генеральны пракурор, старшыня Цэнтравыбаркама, міністры ды іншыя.
Адпаведныя органы і зараз дэкларацыі чыноўнікаў правяраюць, супастаўляюць выдаткі з прыбыткамі. Асаблівую ўвагу падаткавікоў прыцягваюць набытыя машыны ўзростам да 3 гадоў, кватэры, дамы, нават — турыстычныя вандроўкі! Бо гэта, паводле словаў намесніка начальніка Інспекцыі МПЗ па Хоцімскім раёне Дзяніса Раманенкі, аўтаматычна ўспрымаецца як “дарагі набытак”. Але калі чыноўнікі будуць свае дэкларацыі публікаваць, то супаставіць звесткі з іх з коштам, да прыкладу, гадзінніка на руцэ зможа кожны цікаўны. І падказаць несупадзенне падаткавікам.
“Могуць праверыць гэтую інфармацыю і пракуратура, і іншыя органы...”, — папярэджвае супрацоўніца Інспекцыі МПЗ па Жабінскім раёне.
Фота: Антона Матолькі