Мясніковіч абяцае інвестарам свабодны валютны курс (фота+відэа)
Пра гэта прэм'ер-міністр заявіў на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Мінску.
З уплывовых беларускіх чыноўнікаў форум наведалі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур, віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, піша nn.by.
Дэлегаты засядаюць у абгароджаным зале проста пасярод вялізнага велатрэку, у суседнім будынку ад "Мінск-арэны". Тамсама выстаўленыя і стэнды з інвестыцыйнымі праектамі. Міністры расселіся ў мяккія крэслы ў прэзідыўме, інвестараў пасадзілі за вялікія сталы.
Міхаіл Мясніковіч у сваёй прамове расказваў, чым Беларусь прывабная для інвестараў. Ён паабяцаў дэбюракратызацыю, добрыя ўмовы для інвестараў. Таксама прэм'ер заявіў, што ўсе абмежаванні на прыватызацыю знятыя і любое дзяржаўнае прадпрыемства можа быць прыватызаванае. Асаблівую ўвагу Беларусь надасць развіццю фармацэўтыкі, адзначыў Мясніковіч. Ён прапанаваў усім інвестарам звяртацца асабіста да яго.
Фота — nn.by