На якіх самалётах лятаюць прэзідэнты?

"Гэта быў адзіны такі выпадак, калі я загадаў пілотам садзіцца. Яны сказалі: "Ёсць загад — зробім". І як стала насіць машыну па паласе злева направа! Гэта быў жах!", — расказаў пра пасадку прэзідэнцкага ТУ-154 на заледзянелую паласу Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі па Гомельскай вобласці.
Магчыма, акурат пасля гэтага выпадку і было прынятае рашэнне купіць новы самалёт. Пра замоўлены ў ЗША "Боінг 737-500" стала вядома ў 2004 годзе. Яго фюзеляж — класіфікацыі "Бізнэс-Джэт" — уключае павышаны ўзровень камфорту і шэраг тэхнічных прымочак. Спецыялісты ацэньваюць кошт самалёта ў дзясяткі мільёнаў долараў.
Так выглядае Боінг 737-500. Фота: aeroflot-don.ru
Boeing 747-200B абслугоўвае амерыканскага прэзідэнта.
Пасля трагедыі з прэзідэнцкім ТУ-154 пад Смаленскам, баўгарскі ўрад пазбаўляецца ад прэзідэнцкага самалёта такой самай маркі: яго прадаюць, нягледзячы на добры стан. 
ТУ-154, які абслугоўваў баўгарскага прэзідэнта, выстаўлены на продаж. Фота: novinite.com
Прэзідэнт Расіі карыстаецца двума Ілюшынымі Іл-96-399ПУ. Салон прынамсі аднаго з іх быў аформлены брытанскай кампаніяй за мільёны долараў. У 2007 годзе сусветную прэсу абышлі фотаздымкі ўнутранай раскошы самалёта, уключна з пазалочаным туалетам, мармуровай падлогай і іншымі дарагімі аздобамі.
Іл-96-300 Фота: airliners.net


Гэты здымак выдаецца за аздобленую прыбіральню прэзідэнцкага самалёта. Фота: compromat.ru.
Украінскі прэзідэнт і прэм'ер-міністр за мяжу лятаюць на ТУ-134 і ІЛ-23М. Але якраз сёлета выходзіць тэрмін эксплуатацыі Ту-134, і да канца года ў прэзідэнцкім парку яго заменіць Airbus A-319. Лайнерам Airbus A-319 карыстаюцца, напрыклад, прэзідэнты Францыі, Чэхіі, Бразіліі, канцлер Нямеччыны, прэм'ер-міністр Італіі.
Airbus A-319 французскага прэзідэнта. На такі ж перасядзе Віктар Януковіч. Фота: Sven Lodewijckw/MilAviationPics.com

Літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ карыстаецца рэйсавымі самалётамі: па Еўропе — эканамічным, у больш далёкія паездкі — бізнес-класам.
Нейкі час таму ў Літве адразу дзве ўрадавыя працоўныя групы чатыры гады вырашалі, ці трэба прэзідэнту купляць самалёт, альбо варта яго арандаваць. У выніку Кабінет міністраў вырашыў, што купляць самалёт — занадта вялікая раскоша, бо вельмі дорага для краіны.
Папярэдні літоўскі прэзідэнт Валдас Адамкус на гэтае рашэнне адрэагаваў па-філасофску: "Я вельмі цешуся, што наш урад урэшце ведае, што робіць". І дадаў, што ў ягоным двары стаіць любімы ровар.
Палёты высокіх літоўскіх чыноўнікаў абслугоўвае авіякампанія "Аэрасервісас", якая выйграла адпаведны конкурс прэзідэнцкай канцылярыі. Кампанія прапануе шэраг сваіх самалётаў, уключна з невялікім лайнерам бізнэс-класа "Cessna 560 Citation V". Разлічаны на 7-8 пасажыраў, ён прыдатны для непрацяглых вандровак, напрыклад, у Брусель.

Cessna 560 Citation V з парку кампаніі "Aeroservisas", якая абслугоўвае літоўскіх чыноўнікаў.
Латвійскі кіраўнік Валдас Затлерс афіцыйнага прэзідэнцкага самалёта таксама не мае. Ён карыстаецца камерцыйнымі рэйсамі авіякампаній і ляціць разам са звычайнымі пасажырамі. Апошнім часам ён лятаў самалётамі АirBaltic, але карыстаецца паслугамі і іншых авіякампаній, днямі паведамілі журналістам у прэс-сакратарыяце Затлерса. 
Самалёт авіякампаніі AirBaltic Boeing 737-522. Паслугамі гэтай кампаніі часта карыстаецца латышскі прэзідэнт. Фота: jetundpropp-2009.blogspot.com
Палёты Затлерса са звычайнымі пасажырамі часам прыводзяць да скандальных выпадкаў. Калі мінулым летам Затлерс вяртаўся з Азербайджана, на адным самалёце з ім ляцелі латвійскія прадпрымальнікі. Пасля распіцця спіртнога яны зладзілі дэбош: пачалі лаяцца і груба крытыкаваць працу ўрада і прэзідэнта. Затлерс на правакацыю не адрэагаваў, а вось адзін з высокіх чыноўнікаў выказаўся даволі моцна.
Галоўнае фота: wallpapers-diq.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі