No Comment Band: Мы - лепшыя "лабухі" 2010-га года!

Пра новы альбом і новы кліп, папулярнасць, прыхільніц і, вядома ж, пра перамогу на Emergenza Еўрарадыё распавялі маладыя і амбітныя музыкі No comment band - Мацвей Купер (вакал), Раман Ясеў (гітара) і Алег "Лімон" (бас).

надакучыла рэпетаваць дзеля рэпетыцый

 No comment band

Еўрарадыё: Дзе і як вы з'явіліся?

 

Мацвей: Проста ўдалы збег абставінаў. Нас пяцёра, некаторыя з нас ведалі адзін аднаго даўно, некаторыя – не так доўга. Але ў пэўны момант часу, а менавіта бліжэй да канца 2009 года, так здарылася, што мы ўсё захацелі змяніць сваё жыццё – пачаць граць музыку.

Сабраліся, крыху парэптавалі, пачалі граць каверочкі, бо гэта даволі зручна, каб сыграцца і для таго, каб трапіць на мінскую клубную сцэну. Гэта даволі напрацаваны варыянт.

Пачалі выступаць па клубах. Нас пачалі заўважаць і пайшло-паехала. Пачала з'яўляцца свая музыка, свой матэрыял. Неяк вельмі актыўна ўсё закруцілася.

Еўрарадыё: Некаторых з хлопцаў No comment band можна было і раней бачыць у кавер-бэндах мінскіх клубаў. А як ты прыйшоў у музыку?

 

Мацвей: Мая любоў з музыкай – гэта дзіўная і доўгая гісторыя. З юных гадоў я марыў займацца музыкай, граў на гітары. У мяне нават быў сябар, з якім у нас быў дуэт. Праўда, да выступаў так і не дайшло.

Мацвей Купер

А потым здарылася так, што я пашкодзіў руку, і для мяне інструмент (гітара) знік. А сам я вельмі моцна расчараваўся ва ўсім гэтым. Але, як той казаў, гены не задушыш! (смяецца)

З часам накіпела, я стаміўся ад звычайнай офіснай працы. І вось, калі мы сабраліся ўсе разам з ідэяй што-небудзь замуціць, у мне ўсплылі ўсе старыя жаданні і пайшло!

Так, музыкаў можна было бачыць у іншых калектывах. Наш барабаншчык Аляксей Саковіч граў да гэтага ў гурце "Персона Грата" і ў гурце "Леонс".

Рома: Ну вось Лімон (басіст Алег - заўв.рэд.) разам з нашым клавішнікам гралі ў гурце "Эліта". Я ў свае студэнцкія гады таксама ў шматлікіх гуртах граў, але ўсё абмяжоўвалася рэпетыцыямі і канцэртамі на ўзроўні студэнцкай самадзейнасці. У прынцыпе, таму да сур'ёзнага заняцця музыкай і прыйшоў – надакучыла рэпетаваць дзеля рэпетыцый. Хацелася канцэртнай дзейнасці, а для гэтага трэба граць запатрабаваную музыку. Пачалі з кавераў і паволі пачалі абрастаць сваім матэрыялам.

Мацвей: Цяпер наша задача – адыходзіць ад гэтага амплуа. Каверы добрыя для таго, каб сыграцца і стаць гуртом. Мы на гэта патрацілі год з лішнім. Усё, дастаткова. Этап быў добрым. Тым больш, мы трапілі, куды жадалі – на мінскую клубную сцэну нас ужо ведаюць. Мы ідзем далей.

Рома, Лімон і Аляксей

Еўрарадыё: Гэта значыць з каверамі завязалі?

 

Рома: Мне здаецца, у шоў-бізнэсе ёсць тры накірункі: дзяржзамовы, карпаратыўная дзвіжуха і выступы  ў клубах. Гэта значыць, калі жадаеш на сцэну – або прасіся ў тусоўку да Афанасевай, або на вяселлях выступай, або вось – па шынках.

Мацвей: Мне не сорамна, напрыклад, сказаць, што мы граем на вяселлях.

Рома: Пакажыце мне таго артыста, які не выступае на закрытых мерапрыемствах?

Лімон: На адным з выпускных нас нават папрасілі сыграць "I wanna be Madonna", што было вельмі нечакана і вельмі прыемна.

Мацвей: Справа ў тым, што мы добра вядомыя ў асяроддзі мінскіх прома-агенцтваў як жывы калектыў, у прыватнасці як кавер-бэнд. І чаго тут саромецца? Мы з гэтага пачыналі! У нас нават "Чырвоная морква" ёсць! А што такое "Чырвоная морква"? Гэта прызнанне нас, як лепшых "лабухаў" у 2010 годзе. Дзякуй!

Рома: Гэта ўжо званочак, што час спыніцца, хлопцы (смяюцца)

Мацвей: Так, мы жадалі, каб нас заўважылі, жадалі сыграцца. Цяпер час рабіць штосьці іншае. Але адмаўляцца так, быццам адсеклі – усё, мы больш каверы наогул не граем – таксама незарумна. На тыя грошы, якія мы зарабілі на каверах, мы запісваем альбомы, купляем апаратуру, здымаем кліпы і нікому нічога не павінныя.

Не жадаем абмяжоўвацца нейкімі музычнымі жанрамі


Еўрарадыё: Хто ў вас адказны за матэрыял?

 

Рома: Кожны  ў сваю чаргу калісьці прынёс нейкую ідэю – у выглядзе нейкага рыфа ці партыі. Потым мы гэта  аранжыруем і атрымліваецца гатовая кампазіцыя.

Лімон: Штосьці можа нарадзіцца прама на рэпетыцыі.

Еўрарадыё: Мацвей, пытанне да цябе, як да аўтара тэкстаў песень. Што цябе прымушае верыць, што ў тваіх песнях няма памылак?

 

Мацвей: Лінгвістычны я не сканчаў, але ў мяне за плячыма спецшкола па ангелійскай мове, плюс, у свой час я "пацёрся" сярод буржуяў, пажыў у Англіі, папрактыкаваў мову.

Што да стылістычных памылак – у мяне няма рэдактара, які казаў бы мне: "Не, тут няправільна". Часам я абмяркоўваю свае тэксты і ідэі з сябрам, які жыве ў Амерыцы.

Але тут яшчэ трэба такую рэч разумець – у нас людзі з асцярожнасцю ставяцца да англійскай мовы. Быццам ёсць такая ўстаноўка, што калі ты жывеш не ў англамоўнай краіне і пішаш песні на англійскай, то ты апрыёры не зусім маеш рацыю. Табе абавязкова скажуць, што ўсё дрэнна, вымаўленне ў цябе - адстой, дыск твой – гаўно. Гэта вельмі вялікі стэрэатып.

Хоць вельмі вялікая частка англамоўнай музыкі, якую мы чуем па радыё і тэлебачанні была зробленая  ў асяроддзі не натыўных ангелічан – груба кажучы, англійская для гэтых людзей не родная мова.

Вернемся да пытання. Па-першае, я над тэкстамі шмат працую і правяраю. Я спрабую расці не толькі ў музычным плане, але і ў лінгвістычным таксама, проста гэта даволі вялікая праца. Я маю рацыю толькі таму, што я рызыкнуў.

 

Еўрарадыё: Чаму вырашылі граць фанк?

 

Рома: Мы не ставілі сабе мэту граць у нейкім стылі, мы проста імправізуем, а стыль з'яўляецца сам сабой. Мы проста выяўляем свой настрой.

Лімон: У кожнага ёсць свая гісторыя музыкі, якую ён слухаў. Вось асабіста мне падабаюцца "Песняры"

Еўрарадыё: Дык вось адкуль у вас любоў да многагалосся!

 

Лімон: Так, я нездарма раблю на гэтым акцэнт. Фанкавыя ноткі ў нашай музыцы – гэта ад усіх музыкаў, нам сапраўды падабаецца фанк. Фанк – гэта жыццё, гэта весела.

Мацвей: Хачу зрабіць адно ўдакладненне: некаторыя журналісты задавалі нам пытанні кшталту: вы граеце фанк, таму што ў нас яго ніхто не грае і таму што гэта модна? Да таго, як нам пра гэта не сказалі музычныя журналісты, мы нават не задумваліся пра гэта. Мы не хочам абмяжоўвацца нейкімі музычнымі жанрамі. Я б вызначаў нашу музыку, як фанкі-рок.

Рома: Хутчэй, рок прыфанкаваны, чым наадварот.

Мацвей: Хутка мы напішам альбом, і вам, і нам будзе цікава паглядзець, у што мы расцём. Наша музыка цяпер моцна змяняецца, робіцца трошкі цяжэй. Але пры гэтым мы б жадалі пакінуць некаторую частку вось гэтага фанкавага складніку.

З чаго ўсё пачалося  - я не ведаю. Напэўна, з таго, што на адну з першых рэпетыцый Рома прынёс 2 ці 3 фанковыя рыфы. Нам усім спадабалася! Мы нават не чакалі, што будзем гэта рабіць.

Еўрарадыё: У вашай камандзе адразу чацвёра удзельнікаў, якія спяваюць. Таксама выпадковасць ці задумка?

 

Лімон: Гэта была першапачатковая ідэя, прынамсі – асабіста ў мяне. Чым больш тых, хто спявае – тым прыгажэй гучыць.

Рома: Я жадаў увесці такі элемент унікальнасці ў нашым калектыве, каб мы выкарыстоўвалі гэту магчымасць, што ў нас кожны, практычна, можа спяваць. У апошні час гэта рэдка здараецца. У лепшым выпадку, ёсць вакаліст і бэк-вакаліст. Мы імкнемся выкарыстоўваць гэта максімальна.

Лімон: Барабаншчык яшчэ не здагадваецца, што таксама заспявае! (смяюцца)

Еўрарадыё: Мацвей, а ты займаўся пастаноўкай голасу?

 

Мацвей: Не, я не бачыў ніводнага выкладчыка вакалу. Не браў урокі і не займаўся. Проста ўзяў і заспяваў.

Еўрарадыё: Ці не думалі вы пашырыць каманду? Духавыя, напрыклад, дадаць, ці струнныя?

 

Мацвей: Мы запрашалі сесійных музыкаў для працы. Магчыма, для асобных канцэртаў яшчэ запросім. Але так, каб інструменты дадаваць – напэўна, не.

Лімон: Магчыма, дададзім духавыя партыі!

Мацвей: Я лічу, што для нас, як для каманды, у гэтым вельмі мала сэнсу. Калектыў – гэта сям'я. І любое ўкараненне ў яе новых удзельнікаў – гэта заўсёды траўмы.  Творчы працэс вельмі тонкі і яго лёгка парушыць. Ці будзем мы прыцягваць музыкаў для нейкіх праектаў? Духавыя, струнныя, можа, сімфанічны аркестр і да чаго мы там яшчэ дадумаемся – абавязкова будзем! Але ці будуць гэта сталыя людзі – думаю, не.

"А як вы завецеся, хлопцы?"


Еўрарадыё: Чаму No comment band?

 

Рома: Гэта вечная спрэчка, хто прыдумаў назву.

Лімон: Гэта не вечная спрэчка. Я ведаю, што гэта я прыдумаў.

 

Мацвей: А я кажу, што я прыдумаў. Але гэта не важна (смяюцца). Мы выпадкова трапілі на нейкія здымкі на тэлебачанне. Пасля заканчэння да нас падышлі і спыталі: "А як вы завецеся, хлопцы?" Да таго моманту мы ўжо месяцы 1,5 думалі над назвай. І адзін з нас сказаў: "Без каментарыяў". А іншы – "Ага, ноў коммент". Так пайшло.

І вось мы пачалі так, і не парыліся. А потым аказалася, што No comment band ледзь не ў кожнай краіне свету столькі..! Што з пункту гледжання нейкай унікальнасці і прадаванасці як маркі, гэта, вядома, ніфіга не крута. І ў сувязі з тым, што мы ўсё ж ўжо засвяціліся пад гэтай назвай, сысці ад яе будзе досыць цяжка.  Вось цяпер мы ламаем галаву, што можна зрабіць.

Лімон: Добры тавар у рэкламе не мае патрэбы, так што як не назаві!

Задача - запісаць як мага больш сакавіты матэрыял

Еўрарадыё: Як прасоўваецца праца над новым альбомам?

 

Мацвей: Мы цяпер вельмі шмат рэпетуем. У нас ёсць дастатковая колькасць матэрыялу для альбома і ўсё, што нам трэба зрабіць, гэта давесці яго да канчатковай формы, спакаваць, завязаць зверху банцік і прадставіць.

Думаем дарабіць альбом да канца восені. Таму што зімой 2012 году мы ўжо плануем праехаць па бліжэйшай Еўропе з турам у падтрымку альбома.

Еўрарадыё: Нейкая канцэпцыя будучага альбома ў вас ужо выпрацавалася? Колькі трэкаў увойдзе ў пласцінку?

 

Мацвей: Цяпер у нас ёсць матэрыял на 12-14 трэкаў. Ці ўсе яны ўвойдуць у альбом – пакуль не ведаем. Што тычыцца канцэптуальнасці альбома – вось гэта вельмі складанае пытанне. Перад намі цяпер задача, запісаць як мага больш сакавіты матэрыял. І пакуль у нас гэта атрымліваецца. таксама ў планах - запісаць другі кліп.

кадр са здымак кліпа на песню "I wanna be Madonna"

Еўрарадыё: Ужо абралі песню? Медлячок? (смяёмся)

 

Лімон: З песняй мы, хутчэй за ўсё, паступім, як і ў мінулы раз – па сутнасці, рэжысёр сам абраў песню з некалькіх патэнцыйных варыянтаў. Гэта значыць, не было такога – о, давайце здымем кліп на "Мадону".

Мы вельмі задаволеныя кліпам, і я лічу, што шмат у чым гэта і прычына поспеху  - мы не лезлі ў тое, у чым не разбіраемся.

Таму і наступны кліп мы здымем з гэтымі ж хлопцамі. І так, амаль дакладна, гэта будзе медлячок.

Еўрарадыё: Ці ёсць у будучай пласцінкі працоўная назва?

 

Мацвей: Пакуль яшчэ няма. У нас настолькі кепска з назвамі для чагосьці эпахальнага! Таму што ў канчатковым выніку, мы так і не змаглі прыдумаць назву для нашага дэма-дыска. Ды мы і для гурта, як бачыце, насілу назву прыдумалі! (смяюцца)

Мы доўга думалі над назвай для дэмкі. У выніку выдалі дыск No comment band - Extended Play.

Рома: Мы запішам альбом цалкам, праслухаем яго і тады ўжо стане зразумела, як гэта ўсё можна падагульніць.

Еўрарадыё: Чаму вас навучыў перыяд падрыхтоўкі да фэсту Emergenza?

 

Мацвей: Калі казаць жартам – працаваць і шукаць, знайсці і зноў схаваць. Мы ніколі не думалі, што мы пераможам у Расійскім фінале і дойдзем так далёка.

А наогул ёсць такая прыказка, у якую я вельмі веру: Будзьце рэалістамі - прагніце большага!

Лімон: Гэта самае першае глабальнае выпрабаванне на нашым шляху. Якое мы, у прынцыпе, прайшлі (нагадаем, што No comment band сталі пераможцамі ў расійскім фінале Emergenza і занялі 10-е месца ў міжнародным фінале ў Германіі).

Рома: Не тое каб навучыла чамусьці, але вось сапраўды надало ўпэўненасці ў сабе. Мы атрымалі некаторае прызнанне на шырэйшую аўдыторыю, чым тая, якую мы мелі раней. Гэта надало нам сіл і жадання працягваць займацца тым, што мы робім.

Мацвей: Гэта значыць, з'явілася пачуццё, што ўсё не дарма.

Лімон

Еўрарадыё: Ці з'явілася ў вас цяпер больш фанатак? І скажыце шчыра – вы гэтым карыстаецеся?

 

Мацвей: Мы жанатыя людзі!

Лімон: У нас ёсць дзеці! Але, вядома, заўсёды прыемна мець прыхільніц і прыхільнікаў! Кантактаваць і сябраваць.

Рома: Прыемна, калі гэта як прызнанне творчага патэнцыялу, ухвалення таго, што мы робім. А не то, каб у нас ніжняй бялізнай кідалі, калі мы на сцэне.

Мацвей: Насамрэч, я не магу сказаць, што мы вельмі папулярныя. Нас сталі заўважаць – гэта не можа не цешыць.

Вядома, выступаючы ў клубах, мы бачым, што жаночы пол на нас звяртае ўвагу. І адкрыта кажучы, калі ставіць перад сабой мэту, - калі ласка, гэтым можна карыстацца, калі камусьці трэба.

Фота прадстаўленыя гуртом.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі