Някляеў: Патрабаванне новых выбараў мы мяняем на свабоду вязняў Плошчы!
На ганку суда вызвалены палітык звярнуўся да людзей з кароткай прамовай. (+фота, +поўнае аўдыё прамовы)
"Яшчэ раз хачу сказаць тое самае, што ўжо не раз казаў. Падтрымка — тое, што мы адчувалі, што ішло праз сцены турмы ад вас і ад людзей па ўсім свеце, якія патрабавалі не толькі выпусціць нас з-за кратаў, бо мы там ні за што, а казалі "Не!" дыктатуры, "Не!" бяспраўю, — клянуся Богам, які ёсць на небе, а таксама ў маім сэрцы і ў маёй душы — гэтая падтрымка дапамагала жыць!" — такімі былі першыя словы, якія на ганку суда сказаў людзям вызвалены Ўладзімір Някляеў. Вызвалены ўмоўна — суд прысудзіў былога кандыдата ў прэзідэнты да двух гадоў зняволення з адтэрміноўкай у два гады. Але вельмі шчаслівы, што можа вярнуцца дадому, дзе яго ўжо не будуць чакаць двое “ў цывільным”.
“Я спадзяюся, што іх ужо нямашака… Але калі прыеду, і яны будуць там — значыць, турма доўжыцца…”
Сваім з’яўленнем Някляеў зацміў іншых вызваленых з-пад арышту 20 траўня: Фядуту, Дзмітрыева, Вазняка, Палажанку і Рымашэўскага. Апошні вялікай радасці ад прысуда не адчуў — атрымалі, што чакалі, кажа Віталь Рымашэўскі.
Віталь Рымашэўскі: “Ці рады я? Асабліва няма пачуццяў радасных. Вось перад гэтым паседжаннем судовым мне паведамілі, што перанеслі аглашэнне прысуда Статкевічу і Усу. Гэта была радасная навіна для мяне, бо я разумею, што гэта нейкі шанец, каб прысуд быў іншы. Ім патрэбна паказаць, што ёсць нейкае правасуддзе ў краіне, што яны аб’ектыўныя…”
Але як пажартаваў Лявон Вольскі, які таксама прыйшоў пад сцены суда, “права” і “суддзі” у нашай краіне разам не сустракаюцца.
“Спачатку ім здавалася, што гэта добра — зрабіць кантраст: Някляева выпусціць, а Статкевічу даць 5,5 гадоў… Я думаю, што яму збіраліся даць 5,5 гадоў, як Казуліну, — выкладае Някляеў сваю версію неспадзяванага захворвання суддзі Людмілы Грачовай, якая мусіла абвясціць прысуд у судзе Ленінскага раёна. — І яны б зрабілі гэта, калі б Пуцін учора прывез тыя 6 мільярдаў долараў, пра якія днямі ляпнуў Лукашэнка. Але гэтага не адбылося, і цяпер не выпадае: ізноў трэба глядзець на Захад!”
20 траўня абыйшлося без гучных палітычных заяваў. Спачатку трэба даведацца больш пра сітуацыю ў краіне, прыгледзецца да апошніх падзеяў, кажа Някляеў. Але сваю бліжэйшую мэту палітык усё ж агучыў:
“Нам трэба выцягнуць ні ў чым невінаватых людзей з турмы. Таму мы кажам: вы адмаўляецеся ад рэпрэсій — мы пакуль што абмаўляемся ад неадкладнага патрабавання новых прэзідэнцкіх выбараў”.
Пад лямант Аляксандра Фядуты (“Пойдзем дадому, інакш Вольга мяне заб’е”) Някляеў працягваў адказваць на пытанні журналістаў:
“Я вольным чалавекам сябе і ў турме адчуваў. А хто там не вольны — гэта следчыя. Ахвяры рэжыму сядзяць у самім рэдыме. Гэта тыя, хто павінен нас дапытваць і катаваць. Суд — ахвяра рэжыму, пракурор... А мы — вольныя птушкі ў беларускім небе”.
Сам жа Фядута пакуль што свабодным сябе не адчуў:
Аляксандр Фядута: “Я буду свабодным чалавекам, калі ў мяне будзе пашпарт. Пазаўчора ў Даўгаўпілсе ў маім улюбёным універсітэце адбывалася навуковая канферэнцыя, а я ў ёй мог удзельнічаць толькі завочна. Калі я змагу свабодна займацца навукай і ездзіць на канферэнцыі, тады я адчую сябе свабодным”.
Праз некалькі хвілінаў самы вядомы пушкініст краіны ўсё ж адцягнуў самага вядомага былога кандыдата ў прэзідэнты ад журналістаў. Някляеў побач з Дзмітрыевым пакрысе пакрочыў з дворыка суда Фрунзенскага раёна. У падземным пераходзе на станцыі метро “Спартыўная” вулічныя музыкі гралі на гітары ды скрыпачцы. Жыццё працягвалася.