Нясвіжскі райвыканкам адмяніў пакупку аўто за 68 тысяч долараў
Пасля тэлефанавання Еўрарадыё Нясвіжскі райвыканкам адмовіўся ад планаў купіць новую машыну для старшыні. “Будзем на старой ездзіць", — кажа Іван Крупко.
Нагадаем, абвестка пра тэндэр размешчаная на сайце дзяржаўных закупак.
Нясвіжскі райвыканкам паведамляў, што хоча купіць Toyota Highlander за
580 мільёнаў рублёў (прыкладна 68 тысяч долараў). Адна з умоваў — 2012
год выпуску.
“Будзем на старой ездзіць. Яна яшчэ не 100% знасілася, добры аўтамабіль”, — на тэлефанаванне Еўрарадыё адказвае сам старшыня райвыканкама Іван Крупко.
У якасці прычыны адмены аўкцыёну пазначаная адсутнасць фінансавання.
У “Таёта-цэнтр-Мінск” заўважаюць, што машыну за 68 тысяч долараў купляюць часта, у тым ліку гэту замаўляюць… райвыканкамы.
Нагадаем, што нядаўна аналагічныя скандалы з закупам дарагіх аўто былі ў Драгічынскім і Ельскім раёне. Калі пра закупы стала вядома грамадскасці, патрэба ў аўто для чыноўнікаў рэзка знікла.