Павел Аракелян напісаў джазавы нарыс пад вершы Уладзіміра Някляева
У “праекце салідарнасці” ўзялі ўдзел больш за 15 вядомых музыкаў (слухаць).
Адзін з лепшых беларускіх джазменаў і саксафаністаў Павел Аракелян запісаў 15-хвілінны трэк, у якім гучаць вершы Уладзіміра Някляева. У праекце, які атрымаў назву па загалоўным вершы "Ластаўка. Музычныя нарысы", узяло ўдзел больш за 15 чалавек, праўда большасць з іх пажадала застацца інкогніта.
Павал Аракелян: "Асноўныя людзі, якія чытаюць вершы, гэта Зміцер Падбярэзскі і сам Някляеў.
Мы выкарысталі фрагменты яго чытанняў з аўдыёкнігі і нават з нейкіх
відэанарэзак. Што тычыцца музыкаў, то, шчыра кажучы, палова была
вымушаная выступіць пад псеўданімам. Але з тых, хто можа быць узгаданы –
Людміла Крукоўская на басе (удзельніца гурта Аракеляна The Outsiders – ЕРБ), Эл з праекта Svet Boogie Band і яшчэ з тузін музыкаў, якія так ці інакш таксама паўдзельнічалі музычна".
Павел расказаў, што з творчасцю Уладзіміра Някляева ён пазнаёміўся яшчэ ў школе, а некалькі месяцаў таму вырашыў яе ўзгадаць.
Павел Аракелян: "Яго
творчасцю я зацікавіўся за некалькі месяцаў да выбараў, мне было цікава
чаму паэт у палітыцы. Яго паэзія мне падалася вельмі глыбокай, і адразу
пасля 19-га чысла я ўзяўся скласці такую міні радыёпастаноўку па
матывах яго вершаў. Шчыра кажучы, форму праекта мы так і не вызначылі:
мюзікл гэта, песня, ці што іншае. Напэўна, гэта музычныя нарысы на вершы
Уладзіміра Някляева".
Музыка дадаў, што праект ствараўся, каб падтрымаць усіх тых, каму не ўсё абыякава.
Павел Аракелян:
"Праект зусім не камерцыйны. Ёсць мэта, каб ён дайшоў да людзей, да
максімальнай колькасці, сярод якіх неверагодная колькасць пацярпелых у
той ці іншай ступені. Увогуле, гэта праект салідарнасці, але не толькі з
вязнямі, не толькі з пацярпелымі, а ў прынцыпе з усімі людзьмі, якія
думаюць. Таму, чым больш людзей, якім гэта можа падняць настрой, даць
нейкую надзею, можа проста прыемна правесці час, паслухаюць кампазіцыю,
тым лепш".
Дададзім, што зараз Павел завяршае працу
над загалоўным малюнкам праекта, пасля чаго кампазіцыя з'явіцца ў
сацыяльных сетках і на сайтах незалежных СМІ, а пакуль яго можна
паслухаць на Еўрарадыё.
Сакачаць (14 МБ)
Паслухаць (14 МБ):