Польскі банк выпусціў польска-ўкраінскія грошы, прысвечаныя EURO 2012

120605 Eurafokus.mp3

4 чэрвеня Нацбанк Польшчы выпусціў калекцыйныя манеты з золата і срэбра, якія прысвечаныя чэмпіянату Еўропы па футболе. Сярод іншых можна набыць залатую манету ў 500 злотых ці срэбныя 20 злотых. Кошты немалыя: срэбныя 20 злотых будуць каштаваць 200 злотых (57$), а за залатыя 500 злотых прыйдзецца заплаціць 16 тысяч злотых (4525$). Але, нягледзячы на гэта, ужо некалькі дзён ля аддзелаў польскага Нацбанка па ўсёй краіне ўтвараюцца чэргі ў некалькі сот чалавек.

“Перш за ўсё людзі набываюць у калекцыянерскіх мэтах. Частка набывае, бо натхняецца гэтым, а частка набывае для перапродажу. На другі дзень на Allegro (польскі інтэрнэт-аўкцыён. — заўв.Еўрарадыё) будуць удвая большыя кошты. Але праз паўгода ці год кошты могуць упасці да намінальных. Зараз дзікі ажыятаж перад EURO, і ўсе апантаныя гэтым”, — распавядае Еўрарадыё хлопец ля будынка Нацбанку ў Варшаве, які ўцёк з працы, каб паглядзець, ці вялікая чарга.

У адны рукі прадаюць толькі адну манету 500 злотых і дзве манеты 100 злотых, бо попыт вельмі вялікі. Некаторыя прыходзяць да банку ў Варшаве нават у выходныя!

“У ноч з суботы на нядзелю тут былі людзі. Учора нават крыху паштурхаліся з паліцыяй. Не ўсе ўчора дачакаліся сваёй чаргі, таму стаялі ўсю ноч, было каля 230 чалавек”. — працягвае хлопец з чаргі.

На інтэрнэт-аўкцыёне Allegro ўжо з’явіліся прапановы па продажы манет. Праўда, 500 злотых тут прадаюць за 22 тысячы злотых (6220$) замест першапачатковых 16 тысяч.

Асаблівую цікавасць у нумізматаў выклікала і сумесная польска-ўкраінская манета: дзве срэбныя манеты наміналам 10 злотых і 10 грыўняў, якія складваюцца ў адну.

Тым часам ва Украіне попыт на памятныя манеты не меншы, чым у Польшчы.

“Так, у нас таксама такі ажыятаж. У нас няма крамы, дзе можна прыйсці і набыць, але ёсць аддзяленні Нацбанка, куды гэта завозіцца. У мяне самой знаёмы кожную раніцу займае чаргу а шостай гадзіне раніцы, і перад ім чарга ў метраў сто”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца Нацыянальнага банку Украіны.

Што цікава, памятныя манеты з’яўляюцца цалкам “легітымнымі”. Як адзначыў прэс-сакратар польскага нацбанку Пшэмыслаў Кук, кожны ўладальнік такіх манет можа спакойна імі разлічвацца.

Пшэмыслаў Кук: “Калі нехта захоча заплаціць такой манетай, то калі ласка. Але гэта нявыгадна, і ніхто не будзе такога рабіць. У асноўным набываюць калекцыянеры, у Польшчы такіх манет каля 100 тысяч. Некаторыя набываюць для сябе, іншыя разглядаюць гэта як інвестыцыю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі