Праграму імя Каліноўскага дыскрэдытуюць?
Сёлетні з'езд удзельнікаў стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага не абышоўся без распіцця алкаголю ды паламанай мэблі ў гатэлі.
111219 Jaszczanka Kalinoucy.mp3
Госці з'езду аднак не выключаюць, што правакатары былі адмыслова падасланыя. Кажа адзін з гасцей з’езду каліноўцаў, дэмакратычны актывіст, адзін са стваральнікаў БНФ, Валер Сяднёў.
Сяднёў: “У мяне засталіся вельмі жахлівыя ўражанні. Не паспеў я прыехаць у Польшчу, як адразу атрымаў у інтэрнатах характарыстыкі на некаторых каліноўцаў: вучыцца не хочуць, п’юць. А калі мы разам прыехалі на месца, дзе і нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, да мяне даляцелі наступныя словы: “Вось тут нарадзіўся чувак, стыпендыю ад каторага мне плацяць”.
Пацвярджае словы Валера Сяднёва і старшыня грамадскай ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць” Анатоль Міхнавец.
Міхнавец: “Я мяркую, што на праграме Каліноўскага ёсць выпадковыя людзі. Так, два гады таму яны праламалі ў гасцініцы сцяну. Яны не маюць ніякага паняцця пра культуру, пра нацыянальны гонар. Любыя мерапрыемствы яны выкарыстоўваюць дзеля таго, каб піць гарэлку . Вось і сёлета яны паламалі мэблю, пабіліся паміж сабой.”
У гасцініцы, у якой спыніліся каліноўцы ніякай інфармацыі не даюць.
Адміністратарка гасцініцы: “Прашу прабачэння, аднак я не магу даваць інфармацыю наконт нашых кліентаў. Гэта абарона асабістых дадзеных.”
На з’ездзе каліноўцаў прысутнічаў Алесь Міхалевіч. Экс-кандыдат у прэзідэнты ацэньвае сустрэчу станоўча, аднак не хавае і расчаравання.
Міхалевіч: “Заўсёды ёсць людзі, якія выпіваюць, потым неадэкватна сябе паводзяць."
Дэмакратычны актывіст Валер Сяднёў лічыць, што, магчыма, некаторыя каліноўцы адмыслова засланыя беларускім КДБ, каб дыскрэдытаваць праграму.
Сяднёў: “Магчыма, гэта спецыяльна засланыя хлопцы з мэтай дыскрэдытаваць праграму.”
Нагадаю, што сёлета ўжо з’яўлялася інфармацыя пра студэнтаў-правапарушальнікаў у праграме імя Кастуся Каліноўскага. Адзін з такіх студэнтаў скраў ва Вроцлаве аўтамагнітолу, за што быў затрыманы паліцыяй.