Пракаповіч на пенсіі наведвае музеі ў кампаніі бізнесменаў (фота)

111114 Zybliuk Prokopovi4.mp3

Карэспандэнт Еўрарадыё прыехаў паглядзець палац Сапегаў у Ружанах (Брэсцкая вобласць), які цяпер аднаўляецца, і са здзіўленнем даведаўся ад супрацоўніцы, што за паўгадзіны да яго тут быў… экс-старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч!

Музей знаходзіцца ў адноўленым прыбрамным корпусе

Вось сёння ў нас быў Пракаповіч. Вы з ім размінуліся літаральна на паўгадзіны. Пракаповіч — наш зямляк, ён нарадзіўся на Пружаншчыне. Быў ён тут з Бурнасам — вядомым нашым прадпрымальнікам, які сваю радзіму, вёску Клятное, адрамантаваў — там прайшла дарога вакол Белавежскай пушчы”, — расказвае супрацоўніца музея і дадае, што выглядае былы кіраўнік Нацбанка добра.

Асабліва Пятру Пракаповічу спадабаўся зменшаны макет палаца ў экспазіцыі музея

Мікалай Бурнас (справа) з Аляксандрам Лукашэнкам і Канстанцінам Сумарам (злева)

Мікалай Бурнас піцерскі прадпрымальнік з беларускімі каранямі. У чэрвені гэтага года ён адкрыў пад Пружанамі агратурыстычны комплекс “Белавежтур” восем дамкоў для VIP-персон. На адкрыцці спяваў Анатоль Ярмоленка, а прамаўляў губернатар (цяпер ужо генерал-губернатар) Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар. У прэсе прайшла інфармацыя, што ў гэты агратурыстычны комплекс у роднай вёсцы Бурнас уклаў 20 мільёнаў долараў.

Аграгаспадарка Мікалая Бурнаса. Фота ctv.by

“Мэты прыезду Пятра Пятровіча не ведаю, — працягвае супрацоўніца музея. — Ён планаваў прыехаць, калі яшчэ быў пры ўладзе. Напэўна, не атрымлівалася — вось цяпер на радзіму прыехаў”.

Запіс Пятра Пракаповіча ў Кнізе ганаровых гасцей

У Кнізе ганаровых гасцей былы старшыня Нацбанка пакінуў вялікі запіс, на цэлую старонку. У канцы аптымістычнае пажаданне: “Жадаю поспехаў у гэтай высакароднай справе!”

Перад ад’ездам з Ружанаў Пётр Пракаповіч набыў у музеі некалькі магнітаў з выявай палаца Сапегаў і герба гэтага славутага роду.

Дарэчы, дзякуючы гэтаму запісу можна параўнаць аўтограф Пятра Пятровіча тут - і на купюры 100 тысяч рублёў. Адзін у адзін!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі