Праваабаронцы нагадаюць пра палітвязняў Плошчы
Прэзентацыя фотаальбома “За права на выбар: Партрэты асуджаных. Плошча-2010” пройдзе сёння ў Мінску.
Героі выдання — гэта фігуранты крымінальнай справы па падзеях 19 снежня 2010 года. Год таму, на травень 2011 года прыпаў пік “судоў” па гэтай справе. У выніку былі асуджаныя 42 чалавекі. Некаторыя з іх яшчэ і сёння знаходзяцца ў зняволенні.
Таксама будзе прэзентаваны фотаальбом “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах”. Як паведамляе сайт "Вясна", выданне прысвячаецца 16-гадовай гісторыі дзейнасці праваабаронцаў. У кнігу ўвайшлі інтэрв'ю з праваабаронцамі, у тым ліку апошняя гутарка на волі асуджанага цяпер Алеся Бяляцкага.
На прэзентацыі пройдзе абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека і наяўнасцю палітвязняў у Беларусі. Ахвотных чакаюць а 18-й гадзіне ў офісе Партыі БНФ (Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3, уваход з двара).