Расонскі ідал – падробка!
Нібыта старажытнай знаходцы на самой справе не больш за 30 гадоў, даведалася Еўрарадыё ў Інстытуце гісторыі
Больш за тры месяцы праводзілася экспертыза драўлянай фігуры, якую полацкія археолагі паднялі з ракі Дрыса. “Ідал праляжаў у вадзе каля тысячы гадоў, і ў прынцыпе няблага захаваўся”, упэўнена сцвярджалі навукоўцы. Навіна абляцела ўсе беларускія СМІ, але ўжо сёння стала вядома, што гэта падробка.
“Суцешыць вас мне няма чым. Гэта сучасны выраб”, – кажа Еўрарадыё загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Ляўко.
Еўрарадыё: “Што, зусім новы?”
Ляўко: “Так, канец 20-га стагоддзя”.
Што цяпер будзе з “ідалам”, пакуль невядома. “Мы яго назад Дуку падорым”, – кажа Вольга Ляўко пра адзін з варыянтаў.
Нагадаю, што менавіта полацкі археолаг Дзяніс Дук разам з дайверамі знайшоў і падняў са дна рэчкі Дрыса “старажытную” знаходку.
Яшчэ варыянт – “скульптурку” паставяць на ўваходзе ў музей, працягвае доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко:
“Там у нас стаіць драўляная лодка канца 19-га стагоддзя. Можа і гэту скульптурку паставім. Самі разумееце, паколькі экспанат губляе сваю каштоўнасць у гістарычным плане, то ён застаецца проста вырабам мастацкага прызначэння. Гэта ўжо зусім іншы кампот. Можа ў нас яшчэ хтосьці захоча яго ўзяць”.
Археолаг кажа, што “ідала” не забярэ, бо не мае права захоўваць артэфакт. Магчыма, ён трапіць цяпер у Музей этнаграфіі. Спадар Дук прызнаецца, што ў яго шмат пытанняў, як такое ўвогуле магло атрымацца.
Дзяніс Дук: “Я, натуральна, веру таму, што кажуць спецыялісты, і абсалютна дапускаю такую магчымасць. Відаць, што гэта ўсё ж такі падробка. Але ў мяне ўзнікае шмат пытанняў, гэта дзіўна. Як гэта ён так мог на некалькі гадоў апынуцца ў рэчцы? Усё ж такі месцы глухія, аддаленыя ад нейкіх цэнтраў цывілізацыі”.
Еўрарадыё: “Можа хтосьці спецыяльна яго туды падкінуў?”
Дзяніс Дук: “Калі так было зроблена, то вытрымка ў людзей жалезабетонная, таму што 20 гадоў чакаць – гэта трэба пастарацца. Але ўсё можа быць... Цікава, як гэта было зроблена. Таму што майстры, якія звычайна працуюць з дрэвам, яны гэта робяць больш далікатна, а там такая даволі архаічная рэч. А хто гэта мог зрабіць, я, шчыра кажучы, не ведаю”.
Па словах археолага – гэта першы на яго памяці выпадак, калі старажытная знаходка аказваецца падробкай.
Дзяніс Дук: “Калі мы раскопваем нейкае пасяленне, а гэта і ёсць археалогія, то такіх фактаў проста не можа быць у прынцыпе. А справа з такімі выпадковымі знаходкамі, як гэтая – тут усё можа быць, таму што яна абсалютна не ў кантэксце, выпадкова знойдзеная, ні да чаго не прывязаная”.
“Ідал”, у любым выпадку, – знаходка, якая не мае аналагаў, – працягвае Дук. Таму яго немагчыма было ні з чым параўнаць, і была надзея, што гэта старажытная рэч.
Нягледзячы на вынікі экспертызы, навукоўцы працягваюць спадзявацца, што драўляная скульптура можа быць сапраўдным ідалам, кажа Еўрарадыё дэндрахранолаг Максім Ярмохін. Гэта ён вазіў даследаваць часткі ідала ў Германію.
Ярмохін: “Гэта найбольш верагодная дата вырабу, але гэта не выключае таго, што ён можа быць старым. Усё адно захоўваецца верагоднасць таго, што ён можа быць старажытным. Можа быць гадоў праз колькі атрымаецца яшчэ штосьці атрымаць... Але на дадзеным этапе спынімся пакуль на гэтай даце”.
Цяпер гісторыкі чакаюць афіцыйнае заключэнне ад навукоўцаў, якія праводзілі экспертызу “ідала”. Толькі пасля гэтага прымуць рашэнне, што з ім рабіць далей.