Rock Profi: паліткарэктныя разборкі музыкаў
Сярод пераможцаў — чаканыя Akute, “Ляпісы”, “Серебряная свадьба”.
“Я папярэджваў адразу, што музыка ў вуснах прафесійных духавікоў будзе гучаць лепш, чым у пальцах, якія шчыплюць струны на гітарах”, — жартуе Павел Кузюковіч, кіраўнік аркестра “18 датчан”. Узяўшы за прыклад суправаджэнне да цырымоніі “Грэмі”, аркестрык заводзіць урачыстую версію кловерклабаўскай “On rewind”. Маладыя музыкі уздымаюцца на сцэну за узнагародай (пятай за 2012 год) у намінацыі “Дэбют” новай музычнай прэміі Rock Profi.
"18 датчан"
Заснавальнікі прэміі Павел Юрцэвіч і Зміцер Безкаравайны
Clover Club
“Вялікі дзякуй! Сапраўды, прэмій мы атрымалі не адну ў гэтым годзе, аднак атрымаць гэтую асабліва прыемна, — раздае словы падзякі калегам, якія бралі ўдзел у галасаванні, клавішніца Clover Club Наці. — Таму што прызнанне калег для нас — гэта вельмі прыемна. Хочацца пажадаць усім поспеху на творчым шляху”.
"Ляпісы" прысутнічалі на прэміі маральна
Аляксандр Памідораў
Таццяна Заміроўская
Вынікі прэміі Rock Profi для многіх падаюцца прадказальнымі, паліткарэктнымі і падобнымі да вынікаў іншых музычных прэмій. Праўда, у адным музыкі-журы здзіўляюць: прызнаюць песняй году ляпісаўскую “Железный”. “Ляпісы” атрымліваюць і ганаровае званнем каманды, якая зрабіла ўнёсак у развіццё беларускай музыкі.
“Гэта другі беларускі гурт пасля “Песняроў”, з якім беларусаў асацыююць на постсавецкай культурнай прасторы, — тлумачыць выбар музыкаў крытык Таццяна Заміроўская.— І гэта вельмі прыемна — асацыявацца з такімі крутымі героямі. Таму што часта нас асацыююць з менш прыемнымі персанажамі”.
Яўген Сухавей атрымоўвае ўзнагароду за лепшы запіс з рук Міхея Насарогава
Аляксандр Багданаў забірае ўзнагароду для "Серебряной свадьбы"
“Лепшым запісам” журы-музыкі называюць пласцінку “Futuremental” групы “Yellow Brick Road”. “Лепшым альбомам” — “Lаterna Magica” “Серебряной свадьбы”. “Артыст года” — зноў Akute.
“У другім туры я галасаваў за Akute, — не хавае сваёй пазіцыі Уладзімір Пугач. — Таму што менавіта па прамоўшне, па тым, як яны расхісталі прастору і часавы кантынуум, напэўна, яны на першым месцы. Проста яны аб’ектыўна ўсіх расхісталі”.
Akute
Музыкі гурта Re1ikt лічаць, што Беларусі неабходная яшчэ адна прэмія, якая б ацэньвала творчасць толькі беларускамоўных музыкаў. І фаварыта сабе хлопцы ўжо абралі — Змітра Вайцюшкевіча — адзінага, чый альбом "Ваячак" можа служыць прыкладам для пераймання. А ўвогуле, прызнаецца бубнач каманды Аляксандр Дзямідзенка, абіраць лепшых сярод калег задача няпростая:
“Вельмі цяжка ацэньваць музыкаў як музыка. Таму што ў кожнага музыкі ёсць свой погляд на тое, як трэба рабіць музыку. Можа падацца, што не зусім вынікі адпавядаюць рэчаіснасці, аднак мы не супраць усяго гэтага”.
Аляксандр Патліс
Open Space
Уладзімір Пугач
На думку Уладзіміра Пугача, які падчас галасавання адкрыў для сябе гурты Clover Club і Nizkis, прэміі, падобныя да Rock Profi патрэбныя, каб “узрыхліць глебу”:
“Я заўсёды пра гэта казаў, што раздача “слонікаў” для мяне зусім не істотная. Я не веру,што можна сапраўды рэальна колькаснымі характарыстыкамі ацэньваць музыку. Прагаласавалі мы за адных, а праз 10 гадоў гурт, за які ніхто не галасаваў, будзе самым папулярным. Калі нехта не перамог сёння з тых, хто мог бы перамагчы, і быў годным, прабачце — значыць, не разглядзелі. Значыць, пакуль не дараслі да гэтага — я цяпер без іроніі гавару”.
Зміцер Безкаравайны і Зміцер Кацяшоў (Clover Club)
Музыка Сяргей Пукст і вядучы Ілля Маліноўскі
Пераможцы Rock Profi выпраўляюцца дадому з чатырохкілаграмовымі гранітнымі “Пікамі прафесіяналізму” пад гукі музыкі гасцей цырымоніі: літоўца Марка Палубенкі і ўкраінскага дуэта Zapaska.
Марк Палубенка
Zapaska
Больш фота ў еўрарадыйным профілі на Facebook!