Самыя вялікія чэргі Мінска (фота, відэа)

121009_sverdlov_4ergi.mp3

Карэспандэнт Еўрарадыё прайшоўся па цэнтры Мінска і знайшоў чэргі амаль паўсюль, дзе спадзяваўся іх пабачыць. Але пачалася вандроўка зусім не ў цэнтры сталіцы. Вось якую чаргу я заспеў ля польскага консульства каля 16:00.

 

Чэргі ля польскага консульства ― справа звычайная. Але каб чарга расцягнулася змяёй на ўвесь двор? Такое і тут пабачыш нячаста! Што праўда, усе, хто стаяў у чарзе, паспелі атрымаць пашпарты: “прыйсці заўтра” не папрасілі нікога.

Дзе яшчэ ў сталіцы самыя раскошныя чэргі? У галаву адразу прыходзіць чыгуначны вакзал:

Падыходзіш ― і адразу робіцца страшнавата.

Глядзіш направа ― чарга.

Глядзіш налева ― чарга.

І гэты сабачка таксама ў чарзе...

Чакаць у чарзе да касаў чыгуначнага вакзала даводзіцца ад 20-30 хвілінаў. А калі не пашанцуе...

“Хвілінаў 40 я тут стаяў. Хацелася б хутчэй, вядома… Каб ведаў, што так доўга буду стаяць ― замовіў бы квіток па картцы. Праз інтэрнэт”, ― распавядае мужчына 35-40 гадоў, які толькі што набыў квіток.

У касах аўтавакзала, які месціцца побач, людзей увогуле няма! Чакаю некалькі хвілінаў, і ў холе з’яўляюцца патэнцыйныя пасажыры.

Але іх не больш, чым людзей, якія тут жа выстраіліся ў чаргу да абменніка!

Дарэчы, абменнікі. Вяртаюся на чыгуначны вакзал і заспяваю на падземным узроўні не такую ўжо вялікую, але таксама чаргу. Людзі, якія выходзяць з абменніка, не скардзяцца. Кажуць, што пастаялі хвілінаў пяць, а гэта больш-менш прымальна. Нічога падобнага на чэргі, якія здзіўлялі ўвесь свет улетку 2011 года, сёлета ля пунктаў абмену валют няма.

У аддзяленні банка, што месціцца насупраць вакзала, уведзеная электронная чарга. Каб увайсці ў банкаўскую залу, трэба спачатку атрымаць квіточак. І… пачакаць!

У "зале чакання" сабралося чалавек дваццаць!

Чакаць з квіточкамі ў руках прымушаюць нават кітайцаў!

Цікава, што прасторная зала, дзе сядзяць банкаўскія служачыя, у гэты час… абсалютна пустая!

Пытаюся ў ахоўніка, ці паскорыла працу банка электронная чарга.

“Ды дзе там паскорыла. Тут вакзал, людзей вельмі шмат. Усё роўна чакаюць”, ― адказвае ахоўнік.

Выходжу з банка і ізноў бачу людзей у чарзе. На дварэ даволі халодна, таму гэта сапраўдная пакута. Людзі чакаюць маршрутку на Станькава. Пусты бус пад’язджае, у яго загружаецца чалавек дзесяць. Астатнія застаюцца мерзнуць.

Прыйсці на маршрутку так, каб не пастаяць на холадзе, папросту немагчыма, кажа жанчына з чаргі.

“Хвілінаў дваццаць, а калі чарга вось такая доўгая, дык і паўгадзіны. Але хвілінаў дваццаць дакладна давядзецца чакаць”.

“Узорныя” чэргі становяцца да касаў стадыёна “Дынама”, калі “ў госці” да БАТЭ прыязджае які-небудзь еўрапейскі гранд. Іду да касаў і заспяваю там… усяго двух заўзятараў. Бліжэйшая гульня зборнай Беларусі ― 12 кастрычніка, а БАТЭ ― увогуле 23 кастрычніка, таму спяшацца аматарам футбола зараз няма куды.

“З нашага досведу, большая частка заўзятараў прыходзіць па квіткі ў апошнія дні, дні за тры пачынаецца самы продаж”, ― распавядае Еўрарадыё Анжаліка, супрацоўніца кампаніі “АБФФ-Путешествие”, якая прадае квіткі на матчы зборнай Беларусі.

На дзіва няшмат людзей заспяваю ў чэргах у тэрапеўтычным аддзяленні паліклінікі №6. Гэта на вуліцы Ульянаўскай. Жанчына сталага веку тлумачыць гэта тым, што людзі, у асноўным, хварэюць дома.

“Калі ў хваробаў “не сезон”, прыём нармальна ідзе, па часе, і чэргаў амаль няма. Але зараз нейкая эпідэмія пайшла, і таму шмат візітаў. Ды і ў панядзелак чамусьці заўжды шмат людзей. Мне прызначана на 4-ю гадзіну, але доктар затрымліваецца на візітах, не паспявае. Як заўжды, праблема, як яны кажуць: не хапае дактароў. А калі штат будзе ўкамплектаваны, думаю, такіх праблемаў не будзе”.

Што ж, чэргі невялікія. Але колькі даводзіцца чакаць прыёма? Хлопец, які старанна забівае час за чытаннем “Гары Потэра”, адказвае, што чакае... каля 2,5 гадзінаў!

“Кожны тэрапеўт прымае па-рознаму. Чэргі звычайна доўгія… Але мне пашанцавала: я першым чаргу заняў! Мне яшчэ толькі гадзіну засталося пачакаць. А часам даводзіцца па тры гадзіны чакаць! Я прыйшоў недзе ў 14:30, прыём пачнецца ў 17:00”.

Ну, што тут скажаш? Сапраўды пашанцавала.

А вось легендарныя чэргі па “сацыяльнае” малако з мінскіх крамаў, здаецца, зніклі.

 Люты 2012 года. Чарга па "сацыяльнае" малако да крамы на вуліцы Убарэвіча ў Мінску. Фота: dengi.onliner.by.

Я не знаходжу такіх чэргаў ні ў цэнтры сталіцы, ні на ўскраінах. Раніцай пенсіянераў сапраўды больш, распавядаюць мне ў “Рублёўскім”. Але гэта тлумачыцца зніжкамі для іх у першыя часы працы крамы. А “сацыяльнага” малака сюды больш не завозяць, як і ў фірмовую краму мінскага холадакамбіната на вуліцы Першамайскай.

Дашліце Еўрарадыё фота чаргі, у якой давялося пастаяць вам, і мы дададзім вашыя здымкі да гэтага артыкула!

Фота: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі