Пэн-цэнтр абраў пераможцаў конкурса маладых літаратараў імя Чэслава Мілаша

Конкурс маладых літаратараў быў прысвечаны стагоддзю з дня нараджэньня сусветна вядомага пісьменніка Чэслава Мілаша. Еўрарадыё пагутарыла з сяброўкай журы, вядомай літаратаркай, перакладчыцай і літаратуразнаўцай Марыйкай Мартысевіч.

Еўрарадыё: Ці шмат даслалі  твораў, ці вялікую зацікаўленасць выклікаў конкурс маладых літаратараў?

Мартысевіч:  “У нас сёлета амаль рэкорд. Толькі першы конкурс, амаль дзесяць год таму, выклікаў такі ажыятаж. 137 працаў было даслана, гэта вельмі многа”. 

Еўрарадыё: Большасьць твораў былі на беларускай мове ці на расейскай?

Мартысевіч: “Я б сказала, што прыкладна пароўну, хаця беларускіх твораў было больш. І нават была такая катэгорыя, якая склала траціну аўтараў, можа чвэрць – якія пісалі на абедзьвюх мовах. Быў яшчэ адзін удзельнік, які прыслаў творы на трох мовах ( яшчэ на украінскай). Быў удзельнік, які напісаў твор на розных мовах, то бок у адным творы ужывалася словы з чатырох моваў (яшчэ польская). І быў адзін верш па-польску”.

Еўрарадыё: Якая галоўная тэматыка гэтых твораў?

Мартысевіч: “Тэматыка была самая розная.  Былі і фантастычныя творы, і прыгодніцкія. Былі вершы і сацыяльныя, і пра ўнутраны стан паэта, і пра каханьне, і пра радзіму. Як заўсёды”. 

Еўрарадыё: Ці вызначылі пераможцаў?       

Мартысевіч: “Сёлета вельмі шмат пераможцаў, таму што мы з мінулага году ўвялі такую практыку, як дыпломы другой ступені. Бо сапраўды таленавітых аўтараў шмат і атрымліваецца, што калі мы вызначаем традыцыйна 15 чалавек, астатнія лічаць, што яны - ніхто. І таму мы вырашылі вызначыць дыпламантаў другой ступені, якія проста не дабралі крыху балаў, каб трапіць ў фінал. І такіх набралася 20 чалавек. А фіналістаў, дыпламантаў першай ступені ў нас 16 чалавек”.

Еўрарадыё: І хто гэтыя пераможцы?       

Мартысевіч: “Гэта маладыя людзі розных узростаў, але ў асноўным пасля дваццаці. Нездарма ўзроставая мяжа ў нас да 27 год, таму што менавіта ў 25 год найяскравей раскрываецца талент малады і гэта прыкладна іх сярэдні век – 23-25 год. Многія з іх ужо вядомыя ў літаратуры, або ўжо перамагалі ў нас у конкурсах, або проста вядомыя па публікацыях. Але ёсць і дэбютанты, з якімі мы зусім незнаёмыя, і спадзяюся, што пазнаёмімся. Ёсць у фінале, здаецца, тры рускамоўныя аўтары, астатнія беларускамоўныя. Гэта тэндэнцыя, на жаль, што многія рускамоўныя творы – гэта не літаратура, а імітаванне таго, што людзі чуюць ад іншых пісьменьнікаў, таго што чытаюць”.

Еўрарадыё: то бок творы на рускай мове - гэта больш імітацыя, а творы па-беларуску больш самавітыя атрымаліся?       

Мартысевіч: “Такая ўжо у нас сітуацыя, што калі чалавек увогуле прыйшоў да мовы, то ён пачынае да яе ставіцца як да інструмента. І таму больш верагоднасці, што калі чалавек піша на беларускай мове, то ён свядома піша, творчасьць робіць. А тым часам некаторыя людзі, якія дасылаюць конкурсны твор, нясьведама гэта робяць, яны проста запісваюць тое, што ім здаецца паэзіяй. Бывалі такія выпадкі, калі дзяўчына запісвала вершы, а яны аказваліся вершамі іншага пісьменніка, і яна са здзіўленнем пра гэта даведвалася. У яе было псіхічнае расстройства, калі яна лічыла творы, якія яна пачула, сваімі. І часам такія імітацыі таксама людзі дасылаюць. І яны, ясна, не праходзяць у фінал”. 

Еўрарадыё: Чаму менавіта Чэслаў Мілаш быў абраны як своеасаблівы патрон гэтага конкурсу?      

Мартысевіч: “Гэта ў гонар яго юбілею, але яшчэ і таму, што нам здалося, што святкаванне юбілея Чэслава Мілаша, якое адбудзецца ўвосень у Мінску, будзе добрай нагодай увесці нашых пераможцаў у кола літаратуры, бо ў Мінску будзе фестываль – шырокі, масштабны і цікавы. А па-за тым, Чэслаў Мілаш на наш погляд як грамадзянін сусвету, як пісьменнік з вельмі гуманістычнай ідэалогіяй – вельмі добры прыклад для маладых літаратараў”.

Еўрарадыё: Падсумоўваючы вынікі конкурсу, што можна сказаць пра будучыню беларускай літаратуры, калі творы пераможцаў успрымаць як своеасаблівы зрэз?

Мартысевіч: “Я лічу, што сёлета былі вельмі моцныя ўдзельнікі. Проста сапраўды было з чаго выбіраць. Можа быць не вельмі правільна гаварыць так пра літаратараў, таму што кожны, канешне ж, лічыць сябе унікальным аўтарам, але сапраўды шмат людзей, якія не трапілі ў фінал, выявіліся пасля расшыфроўкі даволі вядомымі імёнамі, іх публікацыі з’яўляюцца ў прэсе і літаратурных часопісах. То бок сапраўды ўзровень быў вельмі моцны і перамаглі сапраўды найлепшыя”.

Еўрарадыё: А хто вызначаў пераможцаў?     

Мартысевіч: “Андрэй Хадановіч і я, як функцыянеры ПЭН-цэнтру, мы даўно займаемся конкурсам  і таму традыцыйна былі ў журы. А таксама ў журы былі людзі, якія, як нам здалося, адпавядалі духу часоў Мілаша. Былі перакладчыкі – Сяргей Сматрычэнка і Лявон Баршчэўскі - і таму ў нас істотна прадстаўлены мастацкі пераклад сёлета. Таксама быў Ігар Бабкоў, філосаф, паэзія якога вельмі супадае па духу з творчасцю Чэслава Мілаша. Быў таксама Барыс Пятровіч, пісьменнік, рэдактар “Дзеяслова”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі