Штрафы для нецвярозых кіроўцаў вырастуць да 10 мільёнаў
І пакуль штраф не выплаціш — машыну не аддадуць”. А паўторнае парушэнне — канфіскацыя.
Генпракуратура распрацавала прапановы па ўзмацненні пакарання для нецвярозых кіроўцаў. У тых, хто папаўся ўпершыню, машыну не канфіскуюць, тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Пётр Кісялеў: “Штрафы павялічацца: калі раней было ад 15 да 35 базавых велічынь за кіраванне ў нецвярозым стане, то цяпер будзе ад 50 да 100. З пазбаўленнем правоў кіроўцы, зразумела. А машыну маюць права супрацоўнікі ДАІ — на штрафстаяначку. І пакуль штраф не выплаціш — не аддадуць”.
Але калі цягам года аматара выпіць затрымаюць паўторна, то тут і чакае самае страшнае. Бо гэта ўжо не адміністрацыйнае, а крымінальнае парушэнне.
Пётр Кісялёў: “Прапаноўваецца павялічыць да 3 гадоў пазбаўлення волі — гэта самае вялікае, што можа быць (цяпер волі пазбаўляюць на тэрмін да 2 гадоў — Еўрарадыё) і будзе прадугледжаная канфіскацыя аўтамабіля. Незалежна ад таго, каму ён належыць”.
Калі нецвярозы кіроўцы нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні альбо забіў аднаго чалавека, то прапаноўваецца павялічыць максімальны тэрмін пазбаўлення волі з 5 да 7 гадоў. Калі ж у выніку ДТЗ загінулі двое ці больш чалавек, то пакаранне павялічваюць да 10 гадоў. Усё — з канфіскацыяй аўто.
Ніякіх зменаў наконт дапушчальнай колькасці выпітага алкаголю ў законапраекце няма — застаюцца тыя ж самыя 0,3 праміле. Што тычыцца лекаў на спірце, то, сцвярджае Кісялёў, калі іх прымаць адпаведнасці з прызначэннем доктара — мяжы дазволенага не дасягнеш. І запэўнівае — больш жорсткае пакаранне зменшыць колькасць нецвярозых кіроўцаў.
З гэтым не згодны былы інспектар ДАІ, выкладчык Акадэміі МУС Юрый Красноў.
Юрый Красноў: “Эфект усё адно нейкі будзе, але ён будзе не такі, як яго чакаюць. А ў выніку што атрымаецца? “А давайце мы яшчэ будзем і дамы канфіскоўваць!” І кватэры канфіскоўваць. А потым скажуць: “А давайце мы будзем расстрэльваць! Бо мы не ведаем, што яшчэ рабіць”. Вось, крымінальную адказнасць увялі ў сакавіку 2006 года. На пачатку сакавіка колькасць кіроўцаў, якія сядалі нецвярозымі за руль, рэзка скарацілася. А праз некалькі дзён усё выраўнялася, і паводле статыстыкі сталі затрымліваць столькі ж нецвярозых кіроўцаў”.
Згодны з ім і кіроўца з 25-гадовым стажам Васіль.
Васіль: “Не дапаможа! На “авось” людзі прывыклі: “Вось, вып’ю, авось мяне не зловяць, паеду”. Тым больш, што не мала людзей, у якіх шмат грошай у кішэні — кожны разлічвае адкупіцца. Таму — як пілі, так і будуць піць!”
Як даведалася Еўрарадыё, зараз прапановы Генпракуратуры і Мінюста наконт больш жорсткага пакарання нецвярозых кіроўцаў знаходзяцца на ўзгадненні ў прэзідэнцкай адміністрацыі. Пётр Кісялёў не выключае, што іх адмыслоўцы ўнясуць свае прапановы ў законапраект. Але, разважае, калі сыходзіць з настрою кіраўніка краіны падчас апошняй прэс-канферэнцыі, то калі якія змены і будуць, то толькі ў бок яшчэ больш жорсткага пакарання.