Скандал у Польшчы: пры пахаванні пераблыталі ахвяраў Смаленскай катастрофы
Пра гэта сведчыць эксгумацыя і экспертыза двух целаў. Каб даведацца, хто зрабіў драматычную памылку, палякі плануюць правесці эксгумацыю яшчэ чатырох целаў.
“Падчас анатаміравання 19 і 20 верасня былі ўзятыя генетычныя пробы з двух целаў і перададзеныя двум навукова-даследчым цэнтрам: у Быдгошчы і Вроцлаве. Пракуратура атрымала высновы даследавання, з якіх вынікае, што два эксгумаваныя целы былі заменены паміж сабой”, — паведамляе прэс-сакратар Генеральнай вайсковай пракуратуры Збігнеў Жэпа.
Адной з ахвяраў была Ганна Валентыновіч — сустваральніца легендарнага прафсаюза “Салідарнасць”.
Гэтая інфармацыя адразу ж ускалыхнула польскае грамадства. Цяпер высвятляецца, што, атрымаўшы целы ахвяраў катастрофы з Расіі, у Польшчы іх не пераправерылі, а чакалі медыцынскай дакументацыі з Расіі. Калі ўрэшце дачакаліся, то пабачылі, што дакументы выклікаюць сумневы.
“Калі казаць пра наступныя дзеянні, то пракуратура плануе правесці яшчэ 4 эксгумацыі”, — дадае Збігнеў Жэпа.
Польскія журналісты кажуць, што такой памылкі можна было пазбегнуць, калі б Генеральная вайсковая пракуратура дала дазвол на вывучэнне целаў адразу пасля таго, як яны былі дастаўленыя з Расіі. Цяпер жа скандал падхапіла і апазіцыя. У тым ліку і лідар партыі “Права і справядлівасць”, брат загінулага пад Катынню прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага, Яраслаў. Ён абвінаваціў дзеючага прэм’ера Дональда Туска, маршалка сейма Еву Копач і прэзідэнта Браніслава Камароўскага.
Выказаўся на тэму ахвяраў смаленскай катастрофы і вядомы польскі палітык Гжэгаж Схетына, які прадстаўляе партыю Дональда Туска “Грамадзянская платформа”.
Гжэгаж Схетына: “Гэта больш за ўсё б’е сем’і, іх асабістыя трагедыі. Але прэтэнзіі ў бок польскага ўрада абсурдныя. Зразумела, што праблема знаходзіцца ў Маскве, у працы маскоўскіх службаў у пытанні падрыхтоўкі рэшткаў, эксгумацыі і транспартавання да Польшчы”.
Тым часам расійскі палітолаг Алег Няменскі не спяшаецца з высновамі. Хоць і прызнае, што скандал можа сапсаваць расійска-польскія адносіны.
Алег Няменскі: “Магчыма, была выпадковасць, блытаніна з дакументамі, але мы ўсе разумеем, што ў такіх рэчах выпадковасцяў быць не мусіць. Калі гэта віна расійскага боку, вельмі важна, каб Расія правяла максімальна публічнае адкрытае расследаванне. Бо калі зноў будуць падставы лічыць, што ёсць нейкія ўтойванні, то будзе нанесены вельмі моцны ўдар па расійска-польскіх адносінах”.
Нагадаем, самалёт з прадстаўнікамі польскай улады, на борце якога знаходзілася 96 чалавек, сярод іх прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі і яго жонка, разбіўся пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года.
Фота: wikipedia.org