Слава Корань: Большасць сённяшніх музыкаў знаходзяцца на стадыі навучання

121130_ulis_1.mp3

Еўрарадыё: Ці дагнала беларуская музыка па сваім развіцці заходнееўрапейскую? Калі не, дык чаму?

Слава Корань: Я не магу сказаць, дагнала ці не дагнала. Я лічу, што сучасная музыка — гэта тое, што кранае людзей. Тое, што дазваляе людзям адчуваць сябе людзьмі і нагадвае ім пра гэта. І таму, калі ёсць пасыл, энергетыка ў беларускіх гуртоў, то, я думаю, гэтая музыка будзе сучаснай. Але тэндэнцыі і еўрапейскай, і сусветнай музыкі ідуць цяпер па папулярнай сцежцы, і рок-музыка знаходзіцца дзесьці пасярод поп- і рок-музыкай. Гэта ў маім разуменні. Але ёсць гурты, якія робяць сучасную рок-музыку, але іх не так шмат. У Беларусі таксама ёсць такія гурты, але толькі не па ўсіх параметрах. То бок, можна казаць пра музыку, аднак калі гурт выходзіць, і яму ёсць што сказаць — яго можна назваць рок-гуртом. А калі выходзіць, у яго няма словаў — ён спявае ні пра што, то гэта не рок-гурт.

Еўрарадыё: Параўнайце новыя тэндэнцыі беларускай музыкі і заходнееўрапейскай.

Слава Корань: Я магу адзначыць, што музыка становіцца больш цяжкай, больш альтэрнатыўнай, больш эксперыментальнай. І калі хтосьці робіць нешта, што да яго ніхто не рабіў — гэта будзе сучаснай музыкай. А калі музыка будзе ў плыні, у плыні папулярнасці, то нават самую цяжкую музыку я буду называць папсой.

Еўрарадыё: У свой час фэст “Басовішча” быў адзіным фэстам, які вызначаў трэнды ў беларускай музыцы? Наколькі цяпер не хапае такога фэсту? Які з існуючых фэстаў можа заняць нішу Басовішча?

Слава Корань: У Беларусі не хапае фэстаў, канцэртаў, клубаў і ўвогуле не існуе афіцыйна рок-музыкі. І таму, безумоўна, любы фэст нам патрэбны. “Басовішча” таксама патрэбнае, але ў апошні час яно, на мой погляд, вельмі сапсавалася. Таму што ў лайн-апе фэсту пачалі з’яўляцца гурты, якія толькі-толькі пачынаюць граць, і яны ўжо на “Басовішчы”. Іх можна назваць “школьнымі”, “студэнцкімі”, але гэта не зоркі, гэта не рок-музыка, гэта “навучэнцы”… Адбор на “Басовішча” таксама адбываецца не так, як яно мусіць быць, і таму планка фэсту апусцілася, фестываль гіне, загібаецца, і, думаю, у наступным годзе будзе яшчэ горш.

Еўрарадыё: Чаму ў бел. музыцы так мала беларускамоўных гуртоў. У апошні час пераважаюць англамоўныя калектывы? У чым справа?

Слава Корань: Я ўжо коратка пра гэта сказаў: так званыя рок-музыканты, якім няма чаго сказаць, ім лягчэй рабіць гэта па-англійску, чым па-беларуску і па-руску. Па-англійску ж ўсё роўна нібыта ніхто не разумее!

Еўрарадыё: Раскрыцця якіх тэмаў, на ваш погляд, не хапае тут у Беларусі?

Слава Корань: Я думаю, што ўсе тэмы раскрываюцца. Але не так шмат гуртоў, якія раскрываюць гэтыя тэмы. Павінна быць асноўная тэма — тое, што людзі, якія пішуць гэтыя тэксты і гэтую музыку, рок-музыкі, ды і поп-музыкі — што яны хочуць сказаць? Пра што яны думаюць — і гэта асноўная тэма. І калі ты думаеш і спяваеш пра гэта, ты выражаеш свае пачуцці — вось яна тэма.

121130_ulis_2.mp3

Еўрарадыё: Ці ёсць у нашай музыцы пераемнасць пакаленняў?

Слава Корань: Так адбываецца ў Беларусі, што пераемнасці пакаленняў няма. Яшчэ і беларуская музыка развіваецца заўжды з нуля. У нас няма школы — базіса такога, якія б мог падтрымаць маладых музыкантаў. Таму яны глядзяць на расійскую музыку, англійскую, а беларуская музыка лічыцца, ну, ніякай. Але я лічу, што не так шмат гуртоў, якія можна было б пераймаць. І, можа быць, рок-музыка павінна так у Беларусі аднаўляцца з нуля. Паглядзім, калі будзе штосьці падобнае на шоў-бізнес у Беларусі. Пакуль яго тут няма.

Еўрарадыё: Дарэчы, ці ёсць пераемнікі ў “Уліса”?

Слава Корань: Нейкія ноты, нейкія мелодыі можна сустрэць — я не буду казаць, у каго — але ніхто і не прызнаецца ў гэтым.

Еўрарадыё: Што адрознівае пакаленне цяперашніх маладых рокераў ад музыкаў вашай хвалі?

Слава Корань: Я мяркую, што большасць сённяшніх музыкаў знаходзяцца на стадыі навучання. І адрознівае іх ад нас тое, што ўсё ж такі, мы былі больш сталымі, калі пачыналі граць, мы ўжо ведалі, навошта мы гэта робім. А яны не ведаюць, навошта ім гэта. Яны думаюць, што яны выйдуць, будуць граць, яны будуць такімі прыгожымі, на іх будуць глядзець дзяўчынкі. Гэта заўжды так адбываецца. Але толькі такіх людзей і такія гурты не называюць зоркамі. Але ў Беларусі іх называюць зоркамі, хаця яны яшчэ толькі вучацца.

Еўрарадыё: Чаго, на ваш погляд, не ведае маладое пакаленне музыкаў?

Слава Корань: Маладое пакаленне можа ўсё ведаць, бо ў нас, калі я пачынаў граць, і інтэрнэта не было, і гітарных і вакальных школ — нічога не было! Усе мы былі самавучкамі. А сёння можна ў інтэрнэце знайсці ўсё. Таму я думаю, што можна было б спытаць, не “што не ведаюць?”, а “што не жадаюць ведаць?”

Еўрарадыё: А чаго не жадаюць ведаць?

Слава Корань: Гэта ў іх трэба запытаць (усміхаецца).

Еўрарадыё: Якія адносіны ў вас цяпер з Вольскім, Варашкевічам? Ці сустракаецеся вы, ці сябруеце?

Слава Корань: Сітуацыя такая, што няма кропак сутыкнення, няма кропак, дзе мы маглі б граць разам. Гэта трэба арганізоўваць, але гэта не арганізоўваецца — кожны сам па сабе. Таму, калі мы адзін аднаго сустракаем, – вітаемся, і больш нічога.

Еўрарадыё: Дарэчы, як вы паставіліся да жадання сучаснага NRM удзельнічаць у Еўрабачанні?

Слава Корань: Для мяне гэта было вельмі смешна. Я не ведаю, што яны хацелі гэтым сказаць. Песня — вельмі слабая. І гаварыць пра слабую песню, што яна  зойме першае месца на “Еўрабачанні”… Я не ведаю, можа, Пеця пажартаваў так? (усміхаецца)

Еўрарадыё: Ці варта было NRM працягваць сваё існаванне без Вольскага?

Слава Корань: Я лічу, што варта. Але трэба было толькі асэнсаваць, што яны могуць рабіць — не рабіць тое, што рабілі раней. Трэба было нешта новае рабіць, спрабаваць выкарыстаць свае здольнасці — і вакальныя, і інструментальныя. Але не спяваць песні “Песняроў” і таго, што спяваў Вольскі — вакал у іх розны, і трэба было проста змяніць стылістыку.

Еўрарадыё: А назву трэба было пакідаць?

Слава Корань: А чаму не? Толькі Вольскі сышоў.

121130_ulis_3.mp3

Еўрарадыё: Калі сучасныя маладыя гурты вырашаць зрабіць трыб’ют гурту “Уліс”, ці пагодзіцеся вы? Як вам падабаецца такая ідэя?

Слава Корань: Мне не вельмі падабаюцца ідэі трыб’ютаў, калі іншыя музыканты нешта робяць тваё. Я ніколі не рабіў чужога. Таму я не ведаю, як бы я да такога паставіўся. Але калі б нехта захацеў — ну няхай робіць.

Еўрарадыё: А каго б вы хацелі бачыць сярод удзельнікаў такога трыб’юту?

Слава Корань: Тых, хто бы хацеў граць нашу музыку.

Еўрарадыё: На чыім канцэрце вам апошні раз было сумна, і на якім весела?

Слава Корань: Я вельмі рэдка цяпер наведваю беларускія канцэрты. Але нядаўна быў на канцэрце The Toobes. Я не хачу гаварыць пра тое, спадабалася мне ці не — я лічу, што гэта неэтычна. Але я падумаў пра тое, што ўсё-такі беларуская сцэна, рок-сцэна, драбнее. Можа, мне так падалося з-за кепскага гуку ў клубе, можа, гэта кепская зала, але я не пачуў, які мінімум, каб гэта добра гучала. А што спадабалася? Два гады таму я быў на канцэрце Lady Pank, калі яны новую пласцінку запісалі. Мне вельмі спадабалася. Пра іх кажуць, што яны сябе “разаграваюць” перад канцэртам, але ўсё цудоўна гучала і гралі яны вельмі прафесійна.

Еўрарадыё: Назавіце крытэрыі крутога гучання запісу з вашага пункту гледжання.

Слава Корань: Я мяркую, што ў Беларусі не ведаюць, што такое крутое гучанне. А што гэта такое — я магу апісаць. Крутое гучанне — гэта калі ты знаходзішся ў зале альбо на вуліцы, а гук — не наперадзе, а вакол цябе. Ты нібыта знаходзішся ўнутры гэтага гуку і разумееш усе словы і ўсе музычныя моманты.

121130_ulis_4.mp3

Еўрарадыё: Пасля альбому “Люстэрка” вы трымаеце паўзу амаль у 10 гадоў. Ці рыхтуецца новы альбом? Чым ён стане для гурта?

Слава Корань: Новы альбом рыхтуецца. Але я не ведаю, ці адбудзецца гэта. Я хачу зрабіць новы дыск, і жадаю зрабіць яго на іншым узроўні — сыграць на стыку (Музычны інструмент, спецыяльна распрацаваны для ігры тэпінгам, — заўв. Еўрарадыё) і на электронным смычку эбаў. Хочацца паэксперыментаваць. Але абставіны так склаліся, што басіст Віця Самарукаў цяпер у Канадзе, бубнач Паша (Ермачэнка, — заўв. Еўрарадыё) грае ў Калдуна ў Маскве, я жыву ў Варшаве. Мы зможам знайсці час, калі прыедзе Віця з Канады. Тады і паспрабуем зрабіць альбом. Мне хацелася б, каб усе музыкі паўдзельнічалі ў яго запісе, і кожны прыўнёс у яго нешта сваё.

Еўрарадыё: Неяк вы сказалі, што магчымасці інструмента стыка, які вы цяпер актыўна асвойваеце, ляжа ў аснову новага гучання “Уліса”. Ці сфармавалася ў вас ужо дакладнае ўяўленне пра пласцінку, якой яна будзе?

Слава Корань: Уяўленне сфармавалася, але гэта ўсё вельмі цяжка, таму што ў такім ключы на стыку ніхто не грае. Я хачу забіць, каб ён уліўся ў гурт, і на ім будзе граць не бас-гітарыст, а гітарыст. Стык будзе гучаць як дзве гітары, а бас будзе весці асобную лінію. У такім варыянце стык у свеце яшчэ не гучаў.

Еўрарадыё: Чым вас увогуле прывабіў стык?

Слава Корань: Стык прывабіў мяне сваёй незвычайнасцю. Калі я ўбачыў, як Тоні Левін грае на ім, я падумаў, што таксама хачу сабе такі інструмент. Але калі я атрымаў яго, апынулася, што не ўсё так проста. І не проста таму, што насамрэч гэта пачатак — не так многа стыкістаў граюць рок-музыку.

Еўрарадыё: Наколькі арганічным будзе яго гучанне ва “Улісе”? Ці вы спрабавалі пакласці мелодыі на стыку наверх, на “улісаўскія” песні?

Слава Корань: Не-не, гэта будзе зусім іншая музыка. Творы “Уліса” са стыкам не зробіш. Таму пра арганічнасць я не магу сказаць — маю на ўвазе старыя песні. Але будуць новыя! Чаму я цяпер не раблю гэтага? Таму што не ведаю, калі гэта будзе патрэбна. Калі зразумею, што надышоў час, што гэта ўжо патрэбна, — тады і буду рабіць. Бо, калі цяепр зраблю, праз год гэта можа састарэць і стаць неактуальным. Таму трэба рабіць гэта за месяц, і пасля пачынаць запіс.

Еўрарадыё: Вы шмат гадоў жывяце ў Варшаве, ці не перасталі пазнаваць вас на вуліцах?

Слава Корань: Час ад часу пазнаюць. Але вырасла новае пакаленне, якое можа і не ведаць, што такое “Уліс”. Яны ведаюць, што такое “The Toobes”, Akute і іншыя маладыя гурты. А “Уліс” не ведаюць, бо не так часта мы выступаем, а цяпер дык і ўвогуле не выступаем у Беларусі.

Еўрарадыё: Але хочацца зладзіць канцэрт у Мінску?

Слава Корань: Усё ўпіраецца ў Канаду. Калі Віця вернецца, то будзем нешта рабіць. Але магу сказаць, што наш гурт ужо стаў беларуска-канадскім (смяецца).

Еўрарадыё: Дык, можа, вам варта зладзіць канцэрт у Канадзе? Тым больш, што там ёсць вялікая беларуская дыяспара…

Слава Корань: Віця прапанаваў такое. Але нешта далекавата… Трэба падумаць…

Еўрарадыё: Вы, дасведчаны музыка, ці часта для сябе адкрываеце новыя імёны? Каго параіце паслухаць нашым слухачам?

Слава Корань: Гэтыя гурты, думаю, усе ведаюць. Linkin Park мне падабаецца цяпер, падабаецца, як грае Papa Roch. Nine Inch Nails — для мяне адкрыццё. Мне вельмі падабаецца, калі эксперыментуюць гурты. Nine Inch Nails для мяне — добры гурт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі