Смалявіцкія дачнікі: уратуем заказнік ад кітайцаў

120220 Jashchanka_Smaliavichi.mp3

Пра тое, што ўрад Беларусі ратыфікаваў пагадненне, згодна з якім ажно 80 квадратных кіламетраў трапляюць пад гэтае будаўніцтва, дачнікі даведаліся з інтэрнэту.

“Суседка дала мне спасылку на сайт, я прачытаў і толькі тады зразумеў, што насамрэч адбываецца”, — распавядае Еўрарадыё Анатоль, чалец садовага таварыства “Рэчанька”.

Паводле слоў Анатоля, будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку створыць праблемы не толькі чальцам іх садовага таварыства.

Анатоль: “Падобных кааператываў навокал вельмі шмат: можа 50, а можа 70. Мяркую, што будаўніцтва тэхнапарка закране тры-чатыры тысячы сем’яў”.

Дарэчы, акрамя лецішчаў, пад знос могуць трапіць 13 вёсак, дзіцячыя летнікі, у план будоўлі трапляе і зона адпачынку ля Пятровіцкага вадасховішча.

“Гэтую зону ўвогуле нельга аддаваць пад будоўлю. Тут вялікая колькасць грыбных лясоў, чыстыя вадаёмы. Акрамя таго, тут размяшчаецца біялагічны заказнік ”, — гаворыць Анатоль.

Дзейнічаць дачнікі пачалі 6 лютага. У гэты дзень яны накіравалі пісьмовы зварот у Адміністрацыю прэзідэнта супраць намеру ўладаў перадаць зямлю інвестарам з Кітая. Пад зваротам свае подпісы паставілі амаль 400 уладальнікаў лецішчаў.

Найбольш актыўныя дачнікі стварылі ініцыятыўную групу, чальцы якой спачатку сустрэліся са старшынём Смалявіцкага райвыканкама, а потым і з губернатарам Мінскай вобласці Барысам Батурам. Апошні запэўніў дачнікаў, што ніякіх зносаў у садовых таварыствах і ў населеных пунктах не прадбачыцца, а генеральны план тэхнапарка ўлады і так хацелі вынесці на грамадскае абмеркаванне.

Барыс Батура: “Вось падчас распрацоўкі генеральнага плана мы па гэтым пытанні правядзем грамадскія слуханні. І я вам гарантую, што аніякіх зносаў не будзе. Скажыце, як улада парушыла законныя правы тых самых дачнікаў альбо іншых жыхароў Смалявіцкага раёна?”

Нягледзячы на абяцанні чыноўніка, сустрэчай з Батурам, якая, дарэчы, праходзіла вельмі нервова, дачнікі засталіся незадаволеныя.

Дачнік: “Людзі прасілі перадаць, што іхнія ўчасткі прыватызаваныя, і нікому яны іх не аддадуць”.

Барыс Батура:Каму? Каму не аддадуць? Вось хто вы па жыцці? Нашто вы займаецеся здагадкамі? Вам няма чаго рабіць?”

Дачнік: “Гэта не здагадкі”.

Барыс Батура: “А што гэта? Я падкрэсліваю, што гэта вашыя здагадкі”.

Дачнік: “Мы так не лічым”.

 На сустрэчы дачнікаў з губернатарам прысутнічаў намеснік старшыні кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Ён падзяліўся з Еўрарадыё сваім меркаваннем наконт сітуацыі, што склалася ў Смалявіцкім раёне.

Андрэй Дзмітрыеў: “Ва ўлады адна аргументацыя: яны кажуць, што людзям няма чаго баяцца, супакойваюць іх і кажуць, што не трэба нічога рабіць. Улада ў Беларусі не прызвычаеная раіцца з грамадзянамі, улічваць іх інтарэсы. Яна сама ўсё вырашае. І калі б кампанія “Гавары праўду” не звярнула ўвагу на гэтую сітуацыю, то людзі маглі б даведацца пра ўсё толькі тады, калі б да іх дома пад’ехалі бульдозеры”.

Наконт абяцанняў Батуры правесці дыскусію пасля таго, як будзе прыняты генеральны план, Дзмітрыеў кажа наступнае.

Андрэй Дзмітрыеў: “Пасля таго, як будзе створаны генеральны план, дыскусія ўжо будзе непатрэбная. Усе дакументы будуць зацверджаныя, а рашэнні прынятыя. І гэта ўжо будзе не дыскусія, а прафанацыя, як гэта часта робіцца ў нашай краіне”.

Тым часам чальцы садовых таварыстваў пачалі новы збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі з патрабаваннем не падпісваць указ аб будаўніцтве кітайска-беларускага тэхнапарка, а таксама правесці мясцовы рэферэндум па гэтым пытанні.

Фота: zapraudu.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі